У Капенгагене стартуе чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ. У мінулым годзе турнір быў адменены праз пандэмію каранавіруса. Сёлетняя рэгата абяцае быць цікавай. За медалі будуць змагацца чэмпіёны і прызёры нядаўняй Алімпіяды. А для тых, хто не ўсё сказаў у Токіа, гэта дадатковы шанец заявіць аб сабе на міжнароднай арэне.
Нацыянальная каманда Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ выступіць у сваім мацнейшым саставе. Беларусы заяўлены ў большасць відаў праграмы. Як адзначылі ў трэнерскім штабе, састаў амаль той жа, што і выступаў на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Да каманды падключыліся канаісты, якія не адабраліся ў Токіа. Пасля траўмы аднавілася Вольга Клімава. У 2019 годзе на чэмпіянаце свету яна заваявала «золата» у гонках каноэ-адзіночак на 5000 метраў.
Увогуле, чэмпіянат свету 2019 году стаў паспяховым для беларусаў. Тады яны заваявалі 14 медалёў і сталі лепшымі ў медальным заліку. Два залатых медалі заваяваў экіпаж байдарка-двойка — Марына Літвінчук і Вольга Худзенка (200 м і 500 м). Акрамя Вольгі Клімавай чэмпіёнамі свету сталі Алена Наздрова (каноэ-адзіночка, 500 м), Алег Юрэня (байдарка-адзіночка, 5000 м), і экіпаж мужчынскай байдаркі-двойкі Станіслаў Дайнека і Дзмітрый Натынчык (500 м). Сярэбраныя ўзнагароды заваявалі Мікіта Борыкаў (байдарка-адзіночка, 500 м), Арцём Козыр (каноэ-адзіночка, 200 м), Вольга Худзенка (байдарка-адзіночка, 500 м), экіпаж жаночай байдаркі-чацвёркі Марына Літвінчук, Вольга Худзенка, Надзея Папок , Маргарыта Махнева (500 м). Бронзавымі прызёрамі Марына Літвінчук (байдарка-адзіночка, 5000 м), Алена Наздрова (каноэ-адзіночка, 200 м), жаночы экіпаж каноэ-двойкі Вольга Клімава — Надзея Макарчанка (500 м), мужчынскі экіпаж каноэ-чацвёркі Андрэй Багдановіч, Яўген Тенгель , Максім Крысько, Віталь Асецкага (500 м).
Выдатна выступаць на буйных міжнародных спаборніцтвах беларускія весляры ўмеюць. Праўда, на Алімпійскіх гульнях у Токіа яны гэтага не паказалі. «Серабро» жаночай байдаркі-чацвёркі на 500 метрах, якое заваявалі Вольга Худзенка, Марына Літвінчук, Маргарыта Махнева і Надзея Папок, стала адзіным алімпійскім медалём у гэтым відзе спорту. Таму ў Капенгагене перад беларусамі стаіць грандыёзная задача — пацвердзіць сваё майстэрства і замацаваць аўтарытэт у вяслярным свеце.
У чацвер і пятніцу на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ пройдуць кваліфікацыйныя заезды. Розыгрыш медалёў адбудзецца ў суботу і нядзелю. Прамыя трансляцыі фіналаў чэмпіянату свету будзе весці тэлеканал «Беларусь 5».
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-svetu-pa-veslavanni-na-baydarkah-i-kanoe
[5] https://zviazda.by/be/tags/kapengagen