У Савецкі РАУС звярнулася 61-гадовая пенсіянерка. Яна паведаміла, што ўвечары невядомы скраў аўтамашыну «Аўдзі А6».
Іншамаркай не карысталіся больш за два гады. Машына была няспраўная і стаяла на неахоўнай стаянцы каля гандлёвага дома «Рэчыцкі». Гаспадыня аўто заўважыла яе знікненне, і звярнулася па дапамогу ў міліцыю. Аператыўнікі абласнога крымінальнага вышуку сумесна з калегамі з Савецкага РАУС хутка знайшлі падазраваных.
Як паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС аблвыканкама, 51-гадовы гамяльчанін даўно паклаў вока на «Аўдзі А6». Няхай машына і старая, 2001 года выпуску, але ўжо вельмі хацелася гараджаніну прыбраць яе да рук. Замест таго, каб знайсці ўладальніка і паспрабаваць купіць аўто, гараджанін пайшоў злачынным шляхам. У памочнікі паклікаў 56-гадовага прыяцеля.
Мужчыны прыехалі да паркоўкі, адкрылі дзверы машыны падборам ключа. Паколькі аўтамабіль не заводзіўся, адбуксіравалі яго на стаянку побач з домам новага «ўладальніка». Там яна і стаяла, праўда, нядоўга, да з’яўлення аператыўнікаў.
Следчыя далі прававую ацэнку дзеянням гамяльчан і распачалі крымінальную справу па факце крадзяжу. Яны затрыманыя. Дарэчы, абодва падазраваныя маюць за спінай судзімасці за крадзяжы маёмасці.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/savecki-raus
[2] https://zviazda.by/be/tags/audzi-a6
[3] https://zviazda.by/be/tags/inshamarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/sledchyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/uus-ablvykankama
[6] https://zviazda.by/be/tags/aperatyuniki
[7] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh