Кацярына Зароўская тры гады таму стала генеральным дырэктарам адной з перадавых гаспадарак Магілёўскай вобласці — ЗАТ «Агракамбінат «Зара». У руля таварыства доўгі час знаходзіўся кавалер ордэнаў Айчыны трох ступеняў, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Леанід Маісееў. Пад яго кіраўніцтвам тут была праведзена поўнамаштабная тэхнічная мадэрнізацыя вытворчасці, пабудаваны новыя фермы, абноўлены машынна-трактарны парк. Перад маладой жанчынай стаяла няпростая задача ўтрымацца на высокай планцы, якую дасягнуў былы кіраўнік гаспадаркі, а з 2015 да 2018 года старшыня назіральнага савета ЗАТ «Агракамбіната «Зара.» І, мяркуючы па выніках сёлетняй уборачнай, як, дарэчы, і за папярэднія некалькі гадоў, гаспадарка тэмпы не зніжае. Напэўна, Кацярына Зароўская ведае нейкі сакрэт поспеху, які дазваляе ёй адпавядаць статусу кіраўніка праслаўленага таварыства і пры гэтым заставацца прыгожай жанчынай і клапатлівай маці.
— У якасці генеральнага дырэктара вы тры гады. Магчыма, ужо не тайна, як адбылося ваша зацвярджэнне на гэту пасаду? Ці былі наогул спробы падшукаць іншага кіраўніка?
— Прызначыць старшынёй аграгаспадаркі жанчыну было складана менавіта самому Леаніду Сяргеевічу. Але яго рашэнне было прынятае безагаворачна. Як-ніяк ён тут адпрацаваў 28 гадоў. Гэту гаспадарку будаваў па цаглінцы. Яго ўвагай тут быў ахоплены кожны каласок на полі. Аўтарытэт славутага кіраўніка быў бясспрэчны. І ўсе да яго прыслухаліся. І, як мне потым прызнаваліся некаторыя з адказных асоб, яны з цікавасцю назіралі за маёй работай першыя шэсць месяцаў, чакалі, што будзе. Але паколькі я працавала тут не адзін год і ў мяне быў таленавіты настаўнік, усё атрымалася. Мы ўжо без яго, бо Леанід Сяргеевіч пайшоў з жыцця, дабудоўвалі свінакомплекс і павялічвалі магутнасць мясакамбіната. І кіраўніцтва раёна і вобласці бачыла, што паказчыкі не падаюць, нягледзячы на цяжкі перыяд у эканоміцы. Пакрысе з году ў год мы ідзем наверх і развіваемся. Мы арыентаваныя на ўнутраны рынак, і наша задача — умацоўваць харчовую незалежнасць краіны. Сёлета набылі два беларускія камбайны, якія паказалі сябе ў рабоце не горш, чым імпартная тэхніка. І мне падаецца, што гэтыя складаныя ўмовы, якія перажывае краіна, яшчэ больш нас загартуюць і дадуць пераканацца, што мы зможам, што мы сапраўды незалежныя.
— Наколькі мне вядома, ваша знаёмства з агракамбінатам «Зара» пачалося не тры гады таму. Вы ўжо паспелі сябе праявіць як годны і амбіцыйны ў найлепшым сэнсе гэтага слова работнік.
— Так. Я прыйшла сюды 13 гадоў таму юрыстам, не маючы ні вопыту работы, ні практыкі. Мне быў на той момант 21 год. Скончыла Беларускі інстытут правазнаўства з чырвоным дыпломам і нават не мела думкі звязваць сваю працоўную дзейнасць з сельскай гаспадаркай. Прыйшла сюды атрымаць дадатковыя веды, паколькі тут была моцная, у тым ліку юрыдычная, база. І вось затрымалася. Кар’ерны рост быў вельмі імклівы. Хутка стала начальнікам аддзела маркетынгу — ён быў створаны пры мне. Асноўная задача аддзела — цэнтралізавана праводзіць закупкі для ўсёй гаспадаркі ў адпаведнасці з заканадаўствам. У хуткім часе адбылася рэарганізацыя. Да аддзела маркетынгу далучылі аддзел забеспячэння, а замест намесніка генеральнага дырэктара па знешнеэканамічнай дзейнасці з’явіўся намеснік па камерцыйных пытаннях. У яго абавязкі ўваходзіла ўсё: пачынаючы ад закупак, заканчваючы рэалізацыяй гатовай прадукцыі. І гэтую пасаду заняла я. Асноўным кірункам на той час быў экспарт прадукцыі ў Расію. Потым дарасла па першага намесніка генеральнага дырэктара, затым два гады выконвала абавязкі генеральнага дырэктара, а тры гады таму заняла гэты пост.
— Легендарны Леанід Маісееў, нягледзячы на тое, што вы жанчына, усё ж такі ўбачыў у вас перспектыўнага кіраўніка?
— Сельская гаспадарка была яго жыццём. Як Радзіма, якую нельга ні аддаць, ні прадаць, ні падараваць. Леанід Сяргеевіч заўсёды вітаў работу моладзі. Ён шукаў паслядоўніка, але лічыў, што жанчына не справіцца. Кандыдатаў было шмат. У Леаніда Сяргеевіча існавала правіла: калі ён ехаў кудысьці адпачываць, ён даваў каму-небудзь пакіраваць сваёй гаспадаркай. Але апошнім часам ён хварэў і разумеў, што хутка пойдзе з жыцця. Напэўна, таму ён і пагадзіўся на тое, каб я заняла гэтую пасаду. Ён бачыў, што я прасякнулася любоўю да работы, што яна захапіла мяне і зацікавіла. Мне яна сапраўды вельмі падабаецца. Ты працуеш на вынік і бачыш яго ў працэсе. Бачыш, як на пустой зямлі з маленькага зерня вырастае ашаламляльны ўраджай, а з маленькага цяляці — моцная і прыгожая жывёла. Леанід Сяргеевіч прышчапіў мне гэтую цікавасць.
— А якія «маісееўскія» ўрокі запомніліся?
— Ён заўсёды казаў: ты павінна зразумець адно — калі заходзіш да кіраўніка са сваімі думкамі, назад павінна выходзіць з яго думкамі. І для нас гэта быў закон. Мы, па сваёй маладосці, не маглі спачатку яго зразумець, але, па сутнасці, ён быў правы. А яшчэ ён вучыў паважаць людзей. Казаў, што трэба, каб вакол былі аднадумцы, якія заўсёды падтрымаюць.
— Ці прыйшлося нешта мяняць у кіраўніцтве пасля Леаніда Маісеева?
— Прынцыпова не. Той калектыў, які ён стварыў, тыя намеснікі, якія прыйшлі прыкладна ў той жа перыяд, што і я, засталіся працаваць са мной. І зараз вельмі мне дапамагаюць. Мы ўсе разумеем, што зніжаць планку нельга. Складана падстройвацца пад тыя рэаліі, якія сёння існуюць, але зніжаць тэмпы не збіраемся. Леанід Сяргеевіч казаў: «Каця, ты павінна помніць: калі падаць, то апошняй». У нас няма выбару, мы павінны рухацца наперад. Думаем, як прымножыць гаспадарку, знізіць эканамічныя выдаткі і ўкараніць сучасныя тэхналогіі. Ад нізкапрадукцыйнай тэхнікі пераходзім да шыроказахопнай. Скарачаем спажыванне электраэнергіі, чалавечага рэсурсу. Людзям, якія прыходзяць сёння ў сельскаю гаспадарку, складана. Таму шукаем нешта цікавае, тое, што можа прыцягнуць інтарэс, эксперыментуем.
— А што сёння прынцыпова змянілася ў сельскай гаспадарцы? Або яна па-ранейшаму асацыіруецца з сахой і віламі?
— Вядома, ёсць нюансы. Але сёння ёсць магчымасць аблегчыць работу сельскага работніка. Мы стараемся механізаваць ручную працу, укараніць машыннае абсталяванне. З’явілася «малочнае таксі» для выкормлівання цялят. Калі раней цялятніцы насілі ў руках цяжкія вёдры для іх выпойвання, то цяпер мы набылі спецыяльныя машыны, на якіх можна перавозіць да 200 літраў адноўленага малака. Так што пра цяжкія вёдры можна забыцца. Стараемся ўдасканаліць нешта і ў сферы птушкагадоўлі, свінагадоўлі — мінімізаваць цяжкую чалавечую працу.
— Якую параду вы маглі б даць маладым спецыялістам, якія сёння прыходзяць у сельскую гаспадарку?
— Мне было лягчэй таму, што ў мяне быў настаўнік, мне было ў каго вучыцца. Я бачыла, што ён робіць, і імкнулася даказаць, што ў мяне атрымаецца не горш. Чалавек меў каласальны вопыт работы ў сельскай гаспадарцы і даваў мне праяўляць сябе. А цяпер маладыя людзі не ўяўляюць, куды яны прыйшлі. Сельская гаспадарка — спецыфічнае асяроддзе, якое нельга зразумець адразу. Першы час гэтым трэба жыць. А не так, што ты прабыў на працоўным месцы восем гадзін — і дамоў. Тут і пра выхадныя часам трэба забыць. На рабоце можна завіснуць і на 12 гадзін, і на 18. Калі пачынаецца ўборачная, я першы тыдзень знаходжуся на працоўным месцы з 6 раніцы да 12 ночы — прыходжу на работу і вяртаюся дамоў разам з камбайнерамі. Маладым спецыялістам патрэбна вытрымка, час. Калі праз паўгода ты не зразумеў, што такое сельская гаспадарка, то табе тут няма чаго рабіць.
— А як вы выхоўваеце сваіх дзяцей? Ці ёсць у іх цікавасць да сельскай гаспадаркі?
— Маёй дачцэ Паліне 15 гадоў, сыну Івану — 6, сёлета пайшоў у першы клас. У гэтым годзе дачка два месяцы працавала разам са сваімі аднагодкамі (мы набралі атрад з 17 школьнікаў) на малочна-таварнай ферме — фарбавалі, цялят ганялі, наводзілі парадак. Яна сама папрасілася, каб ведаць, ці яе гэта. І потым прызналася, што ў сельскай гаспадарцы вельмі цяжка. Іван таксама пакрысе прывыкае да сельскага жыцця. Калі дачка першапачаткова пайшла вучыцца ў гарадскую школу, то ўжо сына мы з мужам аддалі ў сельскую — Рэчкаўскую, беларускамоўную! Менавіта ў гэтай школе вучылася я. Яна ўжо старая, даваенная. І мы збіраемся пабудаваць новую. Я расказала пра гэтыя планы кіраўніку вобласці Леаніду Зайцу, і ён адобрыў. Наша аграгаспадарка развіваецца. Мы збіраемся тут будаваць два шматкватэрныя жылыя дамы. Спадзяюся, моладзь прыедзе, а значыць, будуць і дзеці.
— Нават не верыцца, што пра ўсё гэта кажа Зароўская, якая пасля сельскай школы збіралася збегчы ў горад...
— Так, вельмі не жадала заставацца ў вёсцы (усміхаецца). Я нарадзілася тут, у бацькоў была вялікая гаспадарка, і мы з сястрой вымушаны былі ўвесь час дапамагаць ім. І карову даіла, і ў агародзе шчыравала. Таму ў 18 гадоў збегла адсюль у надзеі болей не вяртацца. Але потым зразумела, што насамрэч вёска мне бліжэйшая. Гарадская мітусня хутка надакучала. Як наогул можна горад з вёскай параўнаць?! Тут зоркі, неба, паветра, птушкі. Паспрабавала крыху гарадскога жыцця і вярнулася.
— Вы такая эфектная: манікюр, бровы, прычоска. Ніколі не падумаеш, што сельская працаўніца. Напэўна, часта ездзіце па салонах.
— Не, якія тут салоны (усміхаецца). Кожную раніцу падымаюся, мыю валасы і раблю ўкладку. Гэтага правіла я не прытрымліваюся толькі ў нядзелю. Асабліва цяпер, калі скончылася ўборачная і можна перавесці дыханне. Цырульніка наведваю раз на месяц. І яна адразу ж запісвае мяне на чарговую дату, каб я ў сваім кругавароце не забылася. І я сябе рыхтую загадзя. Адзенне часцей за ўсё выбіраю праз інтэрнэт. Вельмі падабаецца пінскі трыкатаж, ён надзейны і якасны. З вечара рыхтую сабе нарад, бо раніцай трэба паспець навесці марафет і сабраць у школу сына. Са сняданкам часам выручае муж, нешта простае можа прыгатаваць і накарміць. Але ў нядзелю я стараюся пабалаваць сям’ю — пяку тарты, пірожныя. А яшчэ ўсім падабаюцца мае адбіўныя з сырам і грыбамі, запечаныя ў духоўцы. Люблю рабіць бабку ў печцы. Дабаўляю малако ў цёртую бульбу, каб не цямнела, — дзве шклянкі на казан. Потым туды ж смажаныя сала з цыбуляй, крыху масла, а зверху смятана. І ў печку на 40 хвілін. Такая смаката атрымліваецца — словамі не перадаць. Пяку бліны, як у бабулі, з сыроваткі і мукі. Потым ядзім іх са смятанай і цукрам. Вельмі смачна. Любім ездзіць на крыніцы. Аб’ехалі, напэўна, усё ў вобласці. Найлепшы спосаб зняць стрэс.
— А ці ёсць у вас час на сацсеткі?
— У сацсетках я толькі сачу за сваімі работнікамі (усміхаецца). Па фота можна даведацца, чым яны захапляюцца. Не кожны на рабоце зможа падзяліцца патаемным. Але надоўга не завісаю. Час у мяне распісаны строга па графіку.
— Як ставіцеся да плётак і як на іх рэагуеце?
— Стаўлюся з агідай. Мне вельмі не падабаецца, калі па плётках фарміруюць меркаванне пра чалавека. Каб зразумець кагосьці, з ім трэба пакантактаваць. Нельга рабіць высновы, не ведаючы чалавека. Калі сумняваешся ў ім, спытай яго наўпрост, не давярай «добразычліўцам» збоку. Дзякуй Леаніду Сяргеевічу, ён навучаў мяне не рэагаваць на знешнія раздражняльнікі.
— Наколькі паспяховым быў для вашай гаспадаркі гэты год? І наогул, што трэба для поспеху?
— Складанае надвор’е не дазволіла сабраць той ураджай, на які разлічвалі, але наш вынік адзін з найлепшых у раёне і нават вобласці. Гэта ўсё дзякуючы таму, што мы ўкаранялі новыя тэхналогіі ў земляробстве, скарацілі шмат непатрэбных работ, якія выконвалі раней, эксперыментавалі з палямі і культурамі. Для поспеху трэба, каб каманда спрацавала зладжана. У нас так і адбылося. Усе разумелі, што поспех залежыць канкрэтна ад яго.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Магілёўскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/agrakambinat-zara-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-zarouskaya
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika