Выхаванцы Полацкага кадэцкага вучылішча наведалі з экскурсіяй «Нацыянальную кінастудыю «Беларусьфільм» і вайсковую частку 3214. Экскурсію ў Мінск ініцыявалі прадстаўнікі дэпутацкай супольнасці сумесна з Прэзідэнцкай бібліятэкай і прымеркавалі яе да Дня народнага адзінства.
«З усіх мастацтваў для нас важнейшым з’яўляецца кіно. Сёння наша моладзь засяроджваецца ў інтэрнэт-прасторы, гаджэтах. Фільмы — тое культурнае зерне, што паказвае гістарычныя факты нашага мінулага. Выдатныя стужкі „Людзі на балоце“, „Ідзі і глядзі“, „У жніўні 44-га“, знятыя на „Беларусьфільме“, паказваюць, наколькі складана заваёўваліся наша незалежнасць і суверэнітэт, і наколькі гэта было апраўдана», — расказвае адзін з арганізатараў сустрэчы, член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Дзяніс КАРАСЬ.
На экскурсію запрошаны лепшыя хлопчыкі і дзяўчынкі Полацкага кадэцкага вучылішча, адной са старэйшых устаноў такога тыпу, ва ўзросце 15-16 гадоў. Па словах дэпутата, менавіта кадэты — тая моладзь, якая сёння ўжо вызначыла, што будзе абараняць краіну ў розных сілавых структурах і захоўваць гераічныя традыцыі продкаў.
На кінастудыі моладзь вітаў галоўны інжынер установы Іван ГУБСКІ, які расказаў пра гісторыю «Беларусьфільма» і павіншаваў юнакоў са святам народнага адзінства.
«Патрыятычныя фільмы кінастудыі выхоўваюць пачуццё гонару за наш народ, нашу Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, адстойванне свабоды і незалежнасці, — сказаў ён. — Я спадзяюся, што сённяшняя сустрэча застанецца ў вашых сэрцах пачуццём гонару за сваю краіну і яе людзей».
Прадстаўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі на пляцоўцы «Беларусьфільма» прадставілі некаторыя экземпляры старых перыядычных выданняў, расказалі пра сувязь літаратуры і кінамастацтва і супрацоўніцтва з кінастудыяй. Для вучняў таксама арганізавалі паказ новага анімацыйнага фільма «263 ночы» рэжысёра Ірына Тарасавай. Пасля кадэтаў правялі па здымачных павільёнах, складах рэквізіту, мэблі, паказалі піратэхнічны ўчастак з калекцыяй зброі ў 1000 адзінак, і касцюмерную з адзеннем розных эпох.
«Пасля кінастудыі кадэтаў запрасілі ў вайсковую частку 3214. Там ім правядуць экскурсію. Магчыма, нехта з хлапцоў, хто не вызначыўся, з якой галіной сілавога блока звязаць сваю будучыню, вырашыць служыць ва ўнутраных войсках», — дадаў Дзяніс Карась.
Марыя ДАДАЛКА
Фота аўтара
Каля абеліска, прысвечанага воінам-вызваліцелям з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар салдатаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў верасні 1939 года.
—Тут пахаваныя воіны, што 82 гады таму аддалі свае жыцці за ўз’яднанне беларускага народа, тут пахаваныя таксама героі, якія вызвалялі Брэст у 1944-м ад фашызму. Таму сённяшняе свята лічу аднаўленнем гістарычнай справядлівасці, магутным фактарам аб’яднання беларусаў у імя будучыні, — сказаў на цырымоніі адкрыцця старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК.
У цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі прымаў удзел таксама старшыня аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА. Сюды прыйшлі дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, святары, вайскоўцы, моладзь. Памяць абаронцаў Айчыны ўшанавалі хвілінай маўчання. А затым у неба ўзляцелі два белыя галубы як сімвал міру і спакою. На гэты дзень у абласным цэнтры запланавана вялікая праграма святочных мерапрыемстваў. На розных пляцоўках горада пройдуць канцэрты, гулянні, паказальныя выступленні вайскоўцаў і супрацоўнікаў МНС.
У Баранавічах у гэты дзень адкрылі першы ў Беларусі музей народнага адзінства. Ён знаходзіцца ў школе № 1, што носіць імя С. Грыцаўца. Экспазіцыя складаецца з некалькіх раздзелаў. Асноўны называецца «У адзінстве наша сіла» і расказвае аб станаўленні беларускай дзяржаўнасці ад полацкага перыяду да нашых дзён. Цэнтральная частка музея прысвечаная сучаснай Беларусі, яе дасягненням, традыцыям, каштоўнасцям.
Асноўныя мерапрыемствы свята 17 верасня Брэстчыны адбыліся ў Бярозе, дзе адкрываецца музейна-мемарыяльны комплекс. Тут да 1939 года быў сумна вядомы канцэнтрацыйны лагер Бяроза-Картузская. У былых Чырвоных казармах размясцілася музейная экспазіцыя, прысвечаная тым падзеям. А мемарыял, які нагадваў пра іх некалькі дзесяцігоддзяў, рэканструявалі і ўрачыста адкрыюць сёння.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА
На здымку Шулейка і Рагачук адкрываюць мемарыяльную дошку ў Брэсце
Гэта другое пасланне да нашчадкаў з моманту стварэння славутага Кургана да 30- й гадавіны аб’яднання Беларусі – 17 верасня 1969 года. Помнік увекавечвае памяць загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў перыяд уваходу Заходняй Беларусі ў склад БССР. У дзень адкрыцця манумента была закладзена капсула, якая адрасавалася сучаснікам 2000-х гадоў. Меркавалася, што яна будзе вынятая праз 50 гадоў. Цяпер сталёвая капсула і пасланне стануць часткай экспазіцыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.
Сёлета 17 верасня гродзенцы зноў прыйшлі да Кургана Славы. Пасля мітынгу адбылася цырымонія закладкі новага паслання да будучых пакаленняў. Адкрыццё капсулы павінна адбыцца 17 верасня 2050 года.
– У 1939 годзе менавіта наша зямля вярнулася ў родны дом, імя якому Беларусь. Здзейснілася найвялікшая гістарычная справядлівасць, да якой наш народ ішоў праз гады, – адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. – Чым далей ад нас тыя гады, тым глыбей усведамленне маштабнасці і значнасці таго, што адбылося. Мы ганарымся, што з’яўляемся нашчадкамі пакалення пераможцаў. Наш доўг – захаваць адзінства і нацыянальную згоду, каб арганізавана і з’яднана супрацьстаяць выклікам і пагрозам сучаснасці, захоўваць стабільнасць для росквіту нашай Радзімы.
У Дзень народнага адзінства ў абласным цэнтры дадзены старт некалькім новым традыцыям. Побач з Курганам Славы закладзена алея Адзінства. Першыя 17 дрэў высадзілі прадстаўнікі мясцовай улады, дэпутацкага корпуса, прадпрыемстваў і арганізацый горада, навучэнцы і студэнты. Цяпер кожны год у гэты дзень алея Адзінства будзе дадавацца новымі дрэўцамі. Імёнамі герояў і знакамітых жыхароў Гродзеншчыны будуць названы вучэбныя ўстановы горада. На вуліцы 17 верасня арганізаваны восеньскі кірмаш і спартыўныя спаборніцтвы. А на Старым мосце пасля рэстаўрацыі ўрачыста адкрылі барэльефы, якія былі выраблены да дзесяцігоддзя аб’яднання Заходняй Беларусі.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Святкаванне пачалося ў Магілёве з цырымоніі адкрыцця 1-ай чаргі пуцеправода-дублёра вуліцы Якубоўскага і Загараднай шашы. Шэры дажджлівы пейзаж расквецілі сцяжкі і ўсмешкі тых, хто прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве пуцеправода і тых, хто прыйшоў на яго прэзентацыю. Удзел ва ўрачыстасцях прынялі губернатар вобласці Леанід Заяц, глава адміністрацыі Рэспубліцы Беларусь Ігар Сергеенка, намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак, міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, памочнік Прэзідэнта-інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк. Новы участак дарогі вельмі важны для горада. Ён злучае паміж сабой вуліцы Касманаўтаў і Пысіна, даючы магчымасць аўтатранспарту абмінуць цэнтральныя гарадскія магістралі. Гэта шыкоўная шасціпалоска з вела- і пешаходнымі сцяжынкамі, яе працягласць складае 1,7 кіламетра.
— Гэта цудоўны падарунак жыхарам абласнога цэнтра ад Аляксандра Лукашэнкі, які падтрымаў нашу ініцыятыву, — падкрэсліў губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц. — З уводам пуцеправода вырашаецца шмат праблем. Усе мы памятаем, як цяжка было людзям дабірацца на работу, якія былі транспартныя заторы. Перакананы, што зараз ўсё будзе нашмат прасцей. І я хачу прапанаваць назваць гэты новы пуцеправод імем 17 верасня.
Прысутныя горача падтрымалі прапанову старшыні аблвыканкама.
Падзеяй нумар два стала адкрыццё памятнага знака ў гонар Дня народнага адзінства насупраць абласнога лячэбна-дыягнастычнага цэнтра. Менавіта гэта плошча атрымала назву ў гонар новага свята. Аўтар знака — магілёўскі скульптар Аляксандр Мінькоў. Кампазіцыя ўяўляе сабой трохметровую ў вышыню і метровую ў шырыню стэлу ў выглядзе валошкі з шасцю пялёсткамі зверху і арнаментам беларускага сцяга знізу.
— Магілёў стаў адной з першых абласцей, дзе з’явіўся такі сімвалічны знак, — падкрэсліў у сваім прывітальным слове глава адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергеенка. — Сёння Магілёў атрымаў практычна тры падарунка — зручную дарогу, абноўленую плошчу з новай назвай і памятны знак. Прыемна бачыць, як ператвараецца гэты горад. Таму, нягледзячы на змрочнае надвор’е, у нас святочны настрой.
Ён згадаў пра гістарычную сутнасць свята і заклікаў не забываць імёны тых дзеячаў, якія на акупаванай палякамі тэрыторыі вялі падпольны рух.
— Мы з удзячнасцю ўспамінаем імёны Сяргея Прытыцкага, Максіма Танка, падпольшчыца Вера Харужая і іншых, — адзначыў Ігар Сергеенка. — Наш з вамі доўг — данасіць праўду пра гэтыя суровыя гады моладзі. Ідэя заснаваць свята нарадзілася ў ходзе падрыхтоўкі да Усебеларускага народнага сходу. Разам з ім мы зараджаем у краіне новыя традыцыі. Гэта ўшанаванне лепшых людзей нашай краіны, перадавікоў вытворчасцяў, стварэнне новых аб’ектаў і праграм.
Святочныя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх куточках горада. На плошчы Славы адбылася цырымонія адкрыцця Вахты Памяці і ўзнагароджанне пераможцаў штогадовага гарадскога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю. Музей гісторыі Магілёва запрасіў на Дзень адчыненых дзвярэй і пешую экскурсію «Магілёў — горад адзінства і згоды: шлях праз стагоддзі.» Студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэта харчовых і хімічных тэхналогій заклалі на тэрыторыі сваёй альма-матэр яблыневы сад, а на спартыўнай пляцоўкі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта адбылася таварыская сустрэча зборнай гэтай ВНУ і Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА
У сталіцы Прыдзвінскага краю ў дзень святкавання ганаровае пасяджэнне, прысвечанае Дню народнага адзінства, адбылося ў канцэртнай зале «Віцебск». Да жыхароў паўночнай вобласці краіны звярнуўся старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў.
Ён падкрэсліў упачатку свайго выступлення, што нягледзячы на тое, што сёння ўпершыню ў Беларусі самае маладое агульнанацыянальнае свята, яго вытокі сыходзяць у глыбіню стагоддзяў. «Павароты гісторыі не раз выпрабоўвалі на трываласць Беларусь, але заўсёды перамагала адзінства, згуртаванасць народа, якія заснаваныя на любові да роднай зямлі», — сказаў Мікалай Шарснёў.
Яе абарона стала аб’яднаўчай справай для людзей розных нацыянальнасцяў, саслоўяў і веравызнанняў. У самыя цяжкія часы нашы суайчыннікі заўсёды ўставалі плячом да пляча, самааддана змагаліся за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы.
«Перад гэтым адыходзілі міжусобіцы, бурыліся спробы заваяваць, паставіць на калені нашу краіну», — падкрэсліў губернатар.
Спікер нагадаў, што крыніца беларускай дзяржаўнасці, адзінства палітычнай і эканамічнай структуры на полацкай зямлі...
Агучыў іншыя факты гісторыі. Згадаў пра войны, у выніку якіх былі страчаны землі і людзі.
Наконт яднання зямель заходняй і ўсходняй Беларусі, прывёў вельмі аргументаваны факт: з 514 беларускіх школ, якія існавалі на тэрыторыі заходняй Беларусі да акупацыі ў 1928-м годзе, засталося ўсяго 3 %. А ў 1939-м не было наогул. 35 % насельніцтва тады былі непісьменнымі, праваслаўныя храмы пераўтвараліся ў касцёлы.
А ў 1939-м годзе наш народ зноў стаў адзіным, атрымаў магчымасць жыць і развівацца ў межах адной краіны.
Знакавай датай для Беларусі стала 17 верасня 1939 года, падкрэсліў старшыня аблвыканкама. У гэты дзень у выніку вызваленчага паходу Чырвонай арміі пачалося ўз’яднанне заходняй і ўсходняй частак краіны.
І нельга дапусціць перапісвання гісторыі.
«Чым больш імкліва аддаляецца час ад падзей тых гадоў, тым больш намаганняў патрабуецца для абароны гістарычнай праўды ад уплыву палітычнай кан’юнктуры. Некаторыя спрабуюць спекуляваць фактамі, надаючы ім розныя адценні ў залежнасці ад навязанай рыторыкі. Мы бачым: сёння з боку робяцца спробы зноў падзяліць нашу нацыю, правесці паміж беларусамі мяжу з нянавісці і неразумення, адрывання і гневу. Перашкодзіць гэтаму можна толькі разам. Непрыманне якога-небудзь ціску звонку, беражлівыя адносіны да Радзімы, клопат пра яе — гэта апорныя канструкцыі беларускай дзяржаўнасці, наш генетычны і культурны код», — распавёў кіраўнік выканаўчай улады Віцебшчыны.
Мікалай Шарснёў таксама распавёў пра дасягненні сучаснай Беларусі. І шчыра пажадаў землякам моцнага здароўя, дабрабыту, мірнага жыцця, напоўненага абавязкова добрымі і стваральнымі справамі!
Потым адбыўся святочны канцэрт з удзелам лепшых калектываў і выканаўцаў вобласці.
Падрыхтаваў Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[3] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[4] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[5] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[6] https://zviazda.by/be/gramadstva
[7] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/dzen-narodnaga-adzinstva
[9] https://zviazda.by/be/tags/17-verasnya