Муж загінулай на беларуска-польскай мяжы жанчыны грамадзянін Ірака Хайдар Камаі Абдул Хусэйн у эфіры СТВ раскрыў падрабязнасці трагічнага інцыдэнту, паведамляе [1] БелТА.
Мужчына распавёў, што жонцы было 39 гадоў. Яны з дзецьмі беглі з Ірака ў пошуках месца для лепшага жыцця. Думалі знайсці яго ў Еўрасаюзе. Накіроўваліся ў Германію і ўжо змаглі дайсці да бліжэйшай польскай вёскі. Жонка і дзеці стаміліся. Спрабавалі сагрэцца ля вогнішча, высушыць вопратку і абутак. Хацелі піць. Муж папрасіў у польскага жыхара вады, але той паведаміў пра мігрантаў вартавым мяжы. Да сям’і тут жа прыехалі польскія памежнікі і, не даўшы ім абуцца і апрануцца, сталі гнаць басанож да беларускай мяжы.
«Маёй жонцы было дрэнна, у яе ціск. Яна была вельмі стомленая, вельмі павольна ішла. І адзін польскі салдат надзеў пальчаткі. На іх быў метал. І яе вельмі моцна штурхнуў. Яна ўпала. Калі я паглядзеў на жонку, яна была ў шоку і не магла рухацца — проста адкрыла вочы і нават не магла дыхаць», — распавёў грамадзянін Ірака.
Як паведамлялася [2] раней, днём 19 верасня паступіла паведамленне аб выяўленні цела жанчыны без прыкмет жыцця паблізу ад беларуска-польскай мяжы. На месца здарэння выбыла следча-аператыўная група.
Жанчына была знойдзена без абутку, і пасля першапачатковага агляду цела, следства не выключае, у тым ліку, версію наступлення смерці ад пераахаладжэння.
Следчыя УСК па Гродзенскай вобласці з прыцягненнем спецыялістаў абласнога ўпраўлення ДКСЭ правялі агляд месца здарэння. Ажыццяўляюцца неабходныя следчыя і працэсуальныя дзеянні, прызначаныя экспертныя даследаванні для ўстанаўлення ўсіх абставінаў таго, што адбылося.
У мэтах забеспячэння празрыстасці расследавання і даступнасці інфармацыі, у тым ліку для міжнародных арганізацый, Дзяржпагранкамітэт апавясціў і запрасіў на месца здарэння прадстаўнікоў Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/incident/view/muzh-pogibshej-na-belorussko-polskoj-granitse-zhenschiny-raskryl-podrobnosti-intsidenta-460557-2021/
[2] https://zviazda.by/be/news/20210919/1632066008-sledchyya-vyznachayuc-abstaviny-smerci-gramadzyanki-iraka
[3] https://zviazda.by/be/tags/sk
[4] https://zviazda.by/be/tags/myazha
[5] https://zviazda.by/be/tags/zaginulaya-zhanchyna