Паказы кінастужак традыцыйна адбудуцца ў двух гарадах — у Мінску і Смаленску з 27 верасня па 1 кастрычніка 2021 года.
Сёлета арганізатары атрымалі амаль 200 фільмаў-заявак з 21 краіны на ўдзел у мерапрыемстве. Але на працягу пяці фестывальных дзён гледачы ўбачаць праграму, у якую ўвайшлі толькі 30 фільмаў з 10 краін, сярод якіх Беларусь, Расія, Арменія, Узбекістан, Латвія, Азербайджан і іншыя.
У асноўнай праграме зможам убачыць 29 кінастужак, а фільм Сяргея Зайцава (аднаго з членаў журы) будзе дэманстрыравацца ў рамках пазаконкурснага паказу. Што да тэматыкі і праблематыкі, то тут, вядома, знайшлі адлюстраванне знакавыя і актуальныя тэмы: 80-годдзе з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 60-годзе з моманту першага палёту чалавека ў космас, 30-годдзе падпісання Белавежскіх дамоў, пандэмія і іншыя. Варта адзначыць, што засталіся нязменнымі дзве традыцыйныя для кінафоруму тэмы — «Чалавек. Праўда жыцця» і «Кантынент Еўразія», і яны аб’ядналі ў тэматычныя блокі кінастужкі, не звязаныя з канкрэтнымі датамі. Як адзначаюць арганізатары, гледачоў на пляцоўках правядзення фестывалю чакаюць сустрэчы з цікавымі, змястоўнымі і нават нечаканымі кінатворамі.Так, да прыкладу, мы зможам пашырыць свае веды аб прыродзе Якуціі і лад жыцця жыхароў гэтай мясцовасці альбо даведаемся больш пра Нюрнбергскі працэс, убачым кадры вызвалення Мінска, адчуем зноў атмасферу 90-х і шэраг іншых адкрыццяў перажывем разам з героямі экрана.
Акрамя гэтага 1 кастрычніка ў Мінску пройдзе маладзёжны конкурс «Еўразія. DOC. 4 хвіліны». Ён у гэтым годзе пройдзе ў пяты раз і стане пляцоўкай для выказвання маладых рэжысёраў-дакументалістаў. І тут большасць удзельнікаў будуць гаварыць на мове кінасмастацтва пра тое, як маладое пакаленне змяняе свет вакол сябе, дзе ёсць розныя прыклады і шляхі самарэалізацыі: валанцёрства, экалогія, погляд на тэму вайны і г. д.
Кінафестываль сёлета праводзіцца пры падтрымцы Фонда гуманітарнага супрацоўніцтва краін-удзельніц СНД, Савета Рэспублікі, Мінгарвыканкама і іншых спонсараў. На ўсе паказы (яны пройдуць у гарадскіх кінатэатрах) уваход для наведвальнікаў вольны. Таму смела можна знаёміцца з праграмай на сайце кінафестывалю eurasia. film і планаваць сваю культурную праграму.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kinafestyval
[4] https://zviazda.by/be/tags/euraziya-doc
[5] https://zviazda.by/be/tags/vi-festyval-dakumentalnaga-kino
[6] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[7] https://zviazda.by/be/tags/smalensk
[8] https://zviazda.by/be/tags/snd
[9] https://zviazda.by/be/tags/mingarvykankam