«Гэтая вахта — адна з найлепшых у гісторыі нашага клуба, — напісаў на клубнай старонцы „УКантакце“ яго кіраўнік Мікалай Барысенка. — Мы яшчэ ніколі не падымалі такую колькасць медальёнаў, асабістых дакументаў і ўзнагарод». Апошнія дзесяць дзён палявога сезона пошукавікі працавалі ў Слаўгарадскім, Чавускім, Чэрыкаўскім і Шклоўскім раёнах. Усе гэтыя раёны аб’ядноўвае рака Сож, таму і экспедыцыя называлася «Сожскі рубеж — 2021».
Гэта цяпер горад называецца Слаўгарадам. Такое імя Прапойску падарылі ўжо пасля вайны. Горад знаходзіцца на ўзвышшы, дзясяткі тысяч чырвонаармейцаў склалі тут свае галовы падчас яго абароны і вызвалення. Летась на полі каля вёскі Папоўка, што за некалькі кіламетраў ад Слаўгарада, «паднялі» каля двух дзясяткаў байцоў. Ужо тады было вядома, што прыйдзецца вярнуцца. І вось сёлета на тым жа самым полі, дзе мясцовая гаспадарка вырошчвае хлеб, зноў знойдзены астанкі герояў.
— Мы ведаем дакладна, хто тут ваяваў, — 219-я мотастралковая дывізія, — кажа кіраўнік групы «Дняпроўскі рубеж» Павел Кончыкаў. — Гэта ўсё байцы 710-га мотастралковага палка 25-га мехкорпуса. Усе, каго знайшлі летась, з гэтага палка. На разведку ідзе шмат часу. За дзень з пошукавай рамай на гэтым полі да 20 кіламетраў намотваю. Бачны сляды жорсткіх баёў і падбітай тэхнікі. Нашы атакавалі з падтрымкай танкаў.
Павел расказвае, што гэтым месцам пошукавікі зацікавілся, калі ў мясцовым ляску сталі знаходзіць байцоў. А як толькі ў рукі трапілі нямецкія аэрафотаздымкі і стала вядома, дзе знаходзіліся пазіцыі, прыступілі да разведкі. «Спачатку мы вырашылі, што нашы змагаліся на вышыні каля Папоўкі, але памыліліся, — там заселі немцы, — дзеліцца падрабязнасцямі пошукавік. — Чырвонаармейцы атакавалі іх на голай тэрыторыі. І баі былі вельмі жорсткія».
У пошукавым руху — суцэльныя добраахвотнікі: адны адпрошваюцца з работы, іншыя ідуць у адпачынак, каб «пакапаць», трэція прысвячаюць гэтаму свае выхадныя. А, улічваючы, што дарога і ежа за свой кошт, некаторыя проста на ўсе дні раскопак застаюцца на месцы і жывуць у палатках. У ляску за вёскай Папоўка «віккраўцы» жылі ўсю вахту. У першы ж дзень «паднялі» пяцярых байцоў, потым яшчэ шасцярых. А яшчэ — семярых немцаў, астанкі якіх перадалі арганізацыі «Народны саюз Германіі па даглядзе воінскіх пахаванняў».
— Усе сем немцаў «згубленыя» ў 41-м годзе, што бывае рэдка, — каментуе Павел Кончыкаў. — У іх на пачатку вайны ўлік быў жалезны. Але гэтыя «згубіліся». І больш за ўсё крыўдна, што з сямі немцаў шасцярых можна ідэнтыфікаваць па жэтонах. А вось імёны нашых яшчэ паспрабуй знайдзі!
Пошукі наогул работа ювелірная. Метр улева, метр управа — і, калі прыборам не «зачапіў» байца, ён так і застанецца ляжаць у зямлі. Пошукавікі ж не экстрасэнсы.
— Я наогул веру толькі ў карпатлівую працу, — канстатуе Павел. — Узяць, напрыклад, леташнюю вахту. Процьма народу была з металашукальнікамі. Але адзін баец так і застаўся ляжаць збоку. Паўметра да яго не дайшлі. Я яго толькі цяпер знайшоў. Абазначыў кропку і пайшоў з рамай далей. І зноў сігнал. Сталі капаць — 4 чалавекі. Калі ўжо ўсе паехалі, я прайшоўся на ўсялякі выпадак яшчэ раз. І прыбор адрэагаваў на чарговую знаходку. Адлегласць была ўсяго шэсць метраў.
А ў аўторак на полі за Папоўкай знайшлі камісара. У яго падсумку ляжалі нарукаўныя зоркі. Перад тым, як ісці ў атаку, ён іх зрэзаў, каб не стаць лёгкай здабычай снайпера. Вядома ж, што камісараў і камандзіраў яны забівалі ў першую чаргу. «У атаку ішлі ўсе, нягледзячы на званні, — кажа Павел. — А тут, хутчэй за ўсё, атакавалі з апошніх сіл...»
Дату дапамог устанавіць... немец
Жорсткія баі паміж 219-й мотастралковай дывізіяй генерала Корзуна і 95-м пяхотным палком 17-й пяхотнай дывізіі немцаў на полі каля вёскі Папоўка разгарнуліся пасля 20 ліпеня 1941 года.
— Немцы занялі Прапойск 15 ліпеня, і нашы атрымалі загад любымі сродкамі, не лічачыся са стратамі, выбіць іх з горада, перакрыць стратэгічную Варшаўскую шашу і не пусціць гітлераўцаў на ўсход — Крычаў, Рослаўль, Смаленск, Маскву, — расказвае кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — У загадзе таксама гаварылася, што пасля таго, як будзе ўзяты Прапойск, трэба развярнуць наступленне на Магілёў, каб дэблакіраваць акружаны горад.
Бывалы пошукавік прызнаецца, што гэта было для яго адкрыццём. Раней не ведалі, што вызваленне Магілёва ўваходзіла ў задачы 25-га мехкорпуса. Але цяпер адкрываюцца ўсё новыя дакументы — і нашы, і нямецкія.
Для байцоў 710-га палка бой за Прапойск быў вельмі трагічны. У іх атрымалася ўварвацца ў горад, але немцы іх выбілі, і яны замацаваліся тут, пад Папоўкай. Немцы заселі з кулямётамі каля «варшаўкі», а чырвонаармейцы штурмавалі іх на адкрытай мясцовасці. Гэта зараз тут лес, а раней было чыстае поле. У асноўным савецкія байцы гінулі за 100–150 метраў ад дарогі. Менавіта тут іх цяпер і знаходзяць пошукавікі. Дарэчы, у адным акопе ляжалі тры чырвонаармейцы і на невялікай адлегласці — немец. Як высветлілася, гэта быў снайпер. Ужо вядома, што ён загінуў 24 ліпеня 1941-га. Па гэтай даце атрымалася ўстанавіць і дзень гібелі нашых салдат, якія ляжалі разам з ім.
У апошняй экспедыцыі гэтага палявога сезона прымала ўдзел больш чым 50 чалавек, у тым ліку настаўнікі, музейныя работнікі. Сяргей Жыжыян, які ўзначальвае пошукавую групу «Быхаўскі рубеж», яшчэ і дырэктар Быхаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Ён заснавальнік пошукавай групы і яе натхняльнік. За дзесяць гадоў яе дзейнасці пошукавы рух у раёне стаў аўтарытэтным і ўплывовым. Пошукавікаў заўважылі, ім дапамагаюць.
— Група стваралася пры музеі не столькі з мэтай папаўнення яго фондаў, колькі для развіцця пошукавай работы ў раёне, — кажа кіраўнік. — У музей сталі звяртацца па дапамогу адшукаць загінулых без вестак, з мэтай даведацца пра месцы пахавання родных, наяўнасці іх імя на абелісках. На жаль, вельмі шмат у нас воінскіх пасляваенных пахаванняў, якія не фіксаваліся належным чынам.
За 10 гадоў дзейнасці «Быхаўскі рубеж» вярнуў з небыцця больш за дзясятак імёнаў. А летась упершыню за ўвесь час існавання быхаўскія пошукавікі знайшлі байца з медалямі — «За адвагу» і «Баявыя заслугі». У будучыні яны папоўняць фонды музея. Знамянальна, што адзін з медалёў баец атрымаў за баі на Быхаўшчыне. І загінуў на тэрыторыі раёна — на Лудчыцкіх вышынях. Сяргея Жыжыяна як музейшчыка цікавіць яшчэ і бытавы бок вайны. Назбіралася шмат асабістых рэчаў чырвонаармейцаў, якія шмат чаго расказваюць пра сваіх гаспадароў.
— Калі глядзіш на лыжку, дзе выбіта імя салдата, успрымаеш яе нават па-іншаму, — кажа ён. — У нас розныя ёсць. Напрыклад, лыжка, дзе замест ручкі — гільза. Або лыжка, прастрэленая куляй. Асабістыя рэчы — гэта, вядома, не медальён, але і яны дапамагаюць у пошуках без вестак загінулых. Знайшлі аднойчы байца з медалямі, а з ім у магіле быў другі баец з біклагай, на якой надрапаны літары КІФ. Па спісах беззваротных страт выйшлі на ўладальніка медалёў і прачыталі, што з ім загінуў Іван Фёдаравіч Крылоў. І літары на біклазе адразу ж набылі сэнс. Крылоў быў туляком, мы потым яго сваякоў знайшлі.
Суразмоўнік прызнаецца, што ўсё часцей задумваецца пра адкрыццё асобнага музейнага куточка, дзе будуць захоўвацца вось такія бытавыя рэчы. Яны вельмі добра дапамагаюць спасцігнуць увесь трагізм той вайны.
— На музейных занятках мы даносім да дзяцей вельмі сумную статыстыку, — канстатуе Сяргей Жыжыян. — За 10 гадоў наша група знайшла больш за 200 салдат, а імёны ўстанавілі толькі ў дзесяцярых. Гэта не радуе. Людзі нас абаранялі, а мы нават іх прозвішчаў не ведаем.
У музеі штогод ладзяцца краязнаўчыя чытанні, па выніках якіх выдаецца зборнік матэрыялаў. Іх ужо дзевяць. І практычна ў кожным ёсць даклад кагосьці з пошукавікаў. Для будучых пакаленняў там вельмі добрыя напрацоўкі.
— Магчыма, праз час з’явяцца новыя методыкі, прыборы, тэхналогіі. І гэта дасць новы штуршок для пошукавых даследаванняў, — спадзяецца Жыжыян.
У экспедыцыі «Сожскі рубеж» удзельнічалі не толькі зацікаўленыя, але і моладзь. Пошукавік, дэпутат Магілёўскага гарсавета, завуч магілёўскай сярэдняй школы № 34 Галіна Бяляева прывезла з сабой добраахвотнікаў з Магілёва — гімназіі № 1 і школ №№ 1, 2, 8, 34. Удзельнічала таксама моладзь абласнога цэнтра творчасці, Магілёўскага электратэхнічнага каледжа, Васькавіцкай сярэдняй школы, слаўгарадскіх школ №№ 1 і 2, а таксама Слаўгарадскага прафліцэя.
— Гэта сапраўды тыя, каму цікава ваенная археалогія, — адзначае начальнік штаба клуба «Віккру», метадыст абласнога цэнтра творчасці Святлана Барысенка. — Вучань магілёўскай гімназіі № 1 Дзіма Хмяльніцкі нават медальён знайшоў. А адзін з удзельнікаў у свой дзень нараджэння паехаў з намі ў Шклоўскі раён у экспедыцыю. Запомнілася таксама, што калі мы ўзнагароджвалі школьнікаў, адзін з іх так расхваляваўся, што нават не мог ісці. Прызнаўся, што ногі сталі ватнымі.
Застаецца дадаць, што пошукавы палявы сезон-2021 у Магілёўскай вобласці скончаны. Пошукі былі арганізаваныя абласным гісторыка-патрыятычным пошукавым клубам «Віккру» пры садзейнічанні Магілёўскага аблвыканкама, абласнога цэнтра творчасці, 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, райвыканкамаў, а таксама пракуратуры Шклоўскага раёна. Вядзецца работа па ўстанаўленні новых фактаў, звязаных з генацыдам мірнага насельніцтва. Пакуль пошукавікі праводзяць разведку. Што датычыцца апошняй экспедыцыі, то, як адзначыў прадстаўнік 52-га пошукавага батальёна прапаршчык Дзмітрый Каралёў, яна была плённая.
— Толькі падчас работы ў Чавускім і Слаўгарадскім раёнах атрымалася «падняць» 25 байцоў і 6 медальёнаў, — заўважыў ён. Па медалі «За баявыя заслугі» ўстанавілі імя загінулага, і ўжо знойдзены яго родныя. Наогул, галоўнае ў пошукавай рабоце — знайсці родных. Да нас вельмі шмат інфармацыйных лістоў прыходзіць і з іншых раёнаў і абласцей. І кожнае месца мы павінны ў канкрэтныя тэрміны адпрацаваць. Работы вельмі шмат.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота Святланы БАРЫСЕНКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekspedycyya-sozhski-rubezh-2021
[5] https://zviazda.by/be/tags/asabistyya-dakumenty
[6] https://zviazda.by/be/tags/uznagarody