Колькасць пацярпелых у выніку страляніны ў Пермскім дзяржаўным Нацыянальным даследчым універсітэце павялічылася да 43 чалавек, паведамляе [1] ТАСС.
У цяжкім стане знаходзіцца толькі той, хто страляў, якому ампутавалі нагу, распавяла міністр аховы здароўя Пермскага краю Анастасія Крутень на пасяджэнні рэгіянальнага ўрада.
«На сённяшні дзень 43 пацярпелых. З іх 12 чалавек знаходзяцца ў трох стацыянарах Пермі. У цяжкім стане толькі адзін — гэта стралок, учора ўвечары была праведзена ампутацыя галёнкі. Стан нестабільны, вельмі цяжкі. Усе астатнія 11 чалавек знаходзяцца ў здавальняючым стане, таксама ў здавальняючым стане ўсе людзі, якія знаходзяцца на амбулаторным лячэнні», — распавяла міністр.
Як удакладнілі ў прэс-службе рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя, павелічэнне колькасці пацярпелых звязана з тым, што людзі звяртаюцца па медыцынскую дапамогу пасля інцыдэнту. «У іх розныя несур’ёзныя траўмы, якія не патрабуюць стацыянарнага лячэння», — удакладнілі ў ведамстве.
У выніку стральбы, па апошніх дадзеных Міністэрства аховы здароўя Расіі, загінулі шэсць чалавек.
Раніцай 20 верасня студэнт учыніў стральбу на тэрыторыі кампуса Пермскага дзяржаўнага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта, дзе ў той момант знаходзіліся каля 3 тыс.чалавек. Частка навучэнцаў зачынілася ў аўдыторыях, некаторыя выскоквалі з вокнаў.
Нападніка затрымаў супрацоўнік ДПС з першага экіпажа, які прыбыў на месца здарэння: ён параніў стралка, пасля чаго аказаў яму першую дапамогу. Па факце стральбы СК Расіі распачаў крымінальную справу аб забойстве двух і больш асоб. Яго будзе расследаваць цэнтральны апарат ведамства.
Фота ТАСС
Спасылкі
[1] https://tass.ru/proisshestviya/12473331
[2] https://zviazda.by/be/tags/permski-dzyarzhauny-universitet
[3] https://zviazda.by/be/tags/pacyarpelyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/stralba
[5] https://zviazda.by/be/tags/dps
[6] https://zviazda.by/be/tags/anastasiya-kruten
[7] https://zviazda.by/be/tags/regiyanalny-urad