Павел Жульпа за апошні год атрымаў вядомасць у краіне сваімі незвычайнымі аперацыямі. Ён першы ў Беларусі правёў пратэзіраванне адразу двух лап у ката і зараз рыхтуецца да падобнай аперацыі ў сабакі. Гэта таксама будзе першы такога роду вопыт. Між тым яго планы даволі маштабныя. Ветэрынар марыць адкрыць у Лідзе цэлы комплекс для чатырохногіх спадарожнікаў чалавека з прытулкам для бяздомных жывёл.
Мы пазнаёміліся з Паўлам падчас нядаўняй прэзентацыі ў Гродне маладзёжных праектаў. Ён прыехаў са сваімі памочнікамі-валанцёрамі. Але самым незвычайным было ўбачыць іх выхаванку — кошку па мянушцы Лапа. Яна хадзіла на двух сваіх і на двух «новых» лапках. Некалькі месяцаў таму ёй паставілі пратэзы, да якіх яна паступова прывыкае. Валанцёры расказалі, што траўміраваную Лапу падабралі на вуліцы. Адразу два пратэзы ў кошкі — такое ў Беларусі зрабілі ўпершыню. Усяго лідскі доктар правёў некалькі падобных аперацый.
— Гэтыя жывёлы бяздомныя, хаця першы коцік па мянушцы Філя быў гаспадарскі. Ён пайшоў гуляць і атрымаў тэрмічны апёк, яму прыйшлося ампутаваць лапку. Мы прапанавалі гаспадару ката зрабіць пратэз, ён пагадзіўся. Паспрабавалі — і ўсё атрымалася, — успамінае Павел Жульпа.
Год таму пратэз замяніў заднюю лапку бяздомнай аўчарцы. Сабаку таксама падабралі, выхадзілі, далі мянушку Хоўп (з англ. — «надзея»). Потым пачалі рыхтаваць да аперацыі. Павел дэманструе мне відэакадры, дзе Хоўп ужо з дапамогай пратэзу носіцца па двары і нават ганяе мясцовага ката.
Усе гэтыя цуды магчымыя дзякуючы сучасным тэхналогіям. Біянічныя пратэзы вырабляюцца пры дапамозе 3D-прынтара з тытанавага сплаву. Важаць яны некалькі грамаў. Кожны робіцца па канкрэтным замеры косці, куды потым ужыўляецца і становіцца яе працягам. Паступова біянічны пратэз зрастаецца з целам жывёлы.
Мяне зацікавіла, як рэагуюць жывёлы на іншароднае цела? Ці не імкнуцца пазбавіцца ад яго, напрыклад, адкусіць зубамі?
— Нармальна рэагуюць, бо ёсць кропка апоры, яна не баліць, жывёла можа бегаць. Бяздомная аўчарка з заднім пратэзам, якая зараз жыве ў мяне, наўрад ці адчувае псіхалагічныя праблемы ад таго, што гэта лапка не пакрытая шэрсцю, для яе гэта паўнавартасная апора. Тут фішка ў тым, што пратэз урастае ў косць і становіцца з ёй адным цэлым, — паясніў Павел.
Пакуль жывёлы апіраюцца на сіліконавыя наканечнікі, але ў хуткім часе яны атрымаюць пушыстыя лапкі, якія будуць выглядаць як сапраўдныя. Тэхналогію друку пратэзаў асвоілі ў Новасібірску, кожны канкрэтны выраб робіцца па індывідуальным заказе. І гэта нятанна. Па словах майго суразмоўніка, цана пратэза, які заказваецца ў Расійскай Федэрацыі, каля 500 долараў. Не кожны гаспадар гатовы заплаціць за свайго траўміраванага выхаванца такую суму. Хутчэй згаджаецца на крайнюю меру — усыпіць жывёлу.
— Таму мы пачалі шукаць іншыя магчымасці. У нас, у Беларусі, ёсць 3D-прынтэр, які можа друкаваць такія пратэзы, і яны ў разы таннейшыя за расійскія аналагі. Гэта значны крок да развіцця новай паслугі, якая будзе даступная. Да таго ж гарантуе яшчэ і хуткасць, бо з Расіі даводзіцца чакаць некалькі месяцаў, а то і паўгода, а для атрымання беларускіх пратэзаў спатрэбіцца 2-3 тыдні, — дадае Павел.
Павел Жульпа мае 20 гадоў практычнага стажу. Працаваў напачатку ў сельгасгаспадарцы, пазней — у прыватнай клініцы, а праз некаторы час адкрыў уласны цэнтр з вясёлай назвай «Кот Бегемот». Паралельна працуе з дзецьмі ў праекце «Заалагічны доктар» сумесна з раённым цэнтрам экалогіі і краязнаўства. Праект мае некалькі ступеняў знаёмства з прафесіяй ветэрынара. Тэарэтычны курс школьнікі праходзяць у самім цэнтры, а вось практыка адбываецца ў ветэрынарнай клініцы. Старшакласнікі назіраюць за лячэннем жывёл і працуюць як валанцёры. Гэта, на думку Паўла Жульпы, дазваляе вызначыцца з выбарам прафесіі ветэрынарнага доктара альбо ўвогуле зацікавіцца медыцынай.
— Мы праз інавацыі стараемся паказаць новыя магчымасці, каб дзецям было цікава займацца. Акрамя таго, падлеткі бачаць работу, якая суправаджае ветэрынара. Тыя, хто застаецца і не сыходзіць з праекта, стануць добрымі спецыялістамі, — не сумняваецца суразмоўнік. — Многія па-іншаму сталі глядзець на жывёл.
Лідскія старшакласніцы Злата Субоціна і Дар'я Рулько даведаліся аб ветэрынарным цэнтры «Кот Бегемот» з сацыяльных сетак і вырашылі паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Усё лета хадзілі на практычныя заняткі, аказвалі дапамогу траўміраваным катам, сабакам, буслам, нават голубам і трусам. Большасць жывёл, кажуць дзяўчаты, альбо выпадалі з вокнаў альбо аказваліся збітымі машынамі.
Напрыклад, дваровы сабака Джэк трапіў пад цягнік, і яму адрэзала дзве пярэднія лапы, зараз ён не можа хадзіць, знаходзіцца ў валанцёраў і, што называецца, у «лісце чакання» на аперацыю. Яму зрабілі ўсе неабходныя замеры і заказалі пратэзы. Пакуль у Беларусі не пратэзавалі адразу дзве лапы сабаку. Такая аперацыя стане яшчэ адным прарывам у ветэрынарнай хірургіі, заўважае Павел.
На сёння «Кот Бегемот» — адзіны ў краіне ветэрынарны цэнтр, дзе створана і падтрымліваецца такая ініцыятыва, як пратэзаванне. Доктар не тоіць свае інавацыі, наадварот, шырока прапагандуе новыя магчымасці для жывёл. Зараз у яго планах — правесці майстар-клас на факультэце ветэрынарнай медыцыны Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Ён правядзе аперацыю кату Персіку, у якога траўміравана задняя лапка. На ёй няма падушачак, таму ступіць на гэту лапу кот не можа. Каб дапамагчы Персіку, яму ў галёнку будзе ўжыўлены пратэз. Жывёлы-інваліды маюць права на дапамогу. Зараз, напрыклад, рыхтуецца пратэз для... вароны. Лапу сканіравалі і надрукавалі ў Гродзенскім тэхнапарку, каб паказаць, што і такое магчыма. Варона жыве ў сваіх гаспадароў і ў хуткім часе будзе з новай лапай.
— Раней гэта праблематыка не была зразумелай у грамадстве, — кажа доктар. — Няма ў жывёлы лапы і няма. Цяпер іншы падыход. Няма лапы — давайце яе зробім. Таму што гэта выратоўвае жыццё, папярэджвае захворванні, якія развіваюцца пры адсутнасці лап, у тым ліку апорна-рухальнай сістэмы. Немалаважны і сацыяльны аспект. Усё ж такі жывёла на пратэзах выклікае меншы псіхалагічны дыскамфорт, чым жывёла без лапак. Прыйшоў час разумець, што пратэз — адзін з метадаў лячэння. Неабавязкова ўсыпляць, калі няма адной ці двух лапак. Як паказаў першы вопыт, амаль кожную жывёлу, якая атрымала траўму, можна выратаваць.
Лідскі Айбаліт марыць аб шырокамаштабнай дапамозе хворым жывёлам. І такая перспектыва ёсць. Ён плануе стварыць вялікі рэабілітацыйны цэнтр для жывёл рэспубліканскага маштабу, дзе будзе аказвацца і медыцынская, і сацыяльная дапамога. Праект скіраваны яшчэ і на тое, каб палепшыць умовы ўтрымання бяздомных жывёл і знайсці ім новых гаспадароў.
Мяркуецца, што гэта будзе цэлы комплекс будынкаў з гасцініцай, медыцынскім цэнтрам, рэабілітацыяй, нават басейнам для жывёл. Такі глабальны праект, лічыць Павел, дазволіць убачыць праблему суіснавання чалавека і жывёльнага свету пад іншым ракурсам — праз канкрэтную справу, якая намнога важнейшая, чым звычайнае спачуванне.
Маргарыта УШКЕВІЧ
фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/pavel-zhulpa
[4] https://zviazda.by/be/tags/veterynar
[5] https://zviazda.by/be/tags/lida