Навіна аб такой высокай узнагародзе, прысвоенай Указам Прэзідэнта нашай краіны, заспела камандзіра аддзялення аховы каменданцкага ўзвода каманднага пункта роты аховы і абслугоўвання 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады Узброеных Сіл на палігоне «Брэсцкі». Акурат у гэты час сяржант кантрактнай службы адпрацоўваў задачы, пастаўленыя падчас сумеснага стратэгічнага вучэння «Захад-2021».
— Удзельнічаць у такой маштабнай армейскай падзеі — гонар для кожнага салдата, — мяркуе Ілья Кобак. — Мы на практыцы адпрацавалі тыя дзеянні, якія, не дай бог, нам давядзецца выконваць падчас рэальнага ваеннага супраціўлення. Акрамя таго, падчас вучэння мы па-сапраўднаму адчулі, што такое ўзаемадзеянне: гэта вельмі важна — разлічваць на дапамогу свайго баявога таварыша. Што датычыцца нашых братоў-расіян, то гэта такія ж вайскоўцы, як і мы: яны прафесіяналы, а яшчэ — вельмі прыстойныя і сумленныя людзі, якія, калі спатрэбіцца, абавязкова працягнуць руку дапамогі.
Аб тым, наколькі гэта важна — дапамагаць і адгукацца на чужую бяду, — малады чалавек ведае не па чутках. Зімой ён уварваўся ў ахопленую полымем хату і вынес адтуль пажылую жанчыну. Ні разу за гэтыя лічаныя хвіліны Ілья не падумаў пра ўласнае жыццё. І абсалютна няважна, што пацярпелая з'яўляецца вайскоўцу прабабуляй. Не задумваючыся, ён паўтарыў бы свой учынак і цяпер, чыя б хата ні гарэла.
— У тую раніцу мы дамовіліся з сябрам паехаць у горад: нам патрэбна было набыць будаўнічыя матэрыялы, — успамінае першы дзень лютага Ілья Кобак. — Я прыйшоў у прызначанае месца, як раптам ён патэлефанаваў і сказаў, што зламаўся аўтобус. Мы перанеслі нашу сустрэчу на больш позні час. Я вырашыў пачакаць сябра дома і рушыў у бок сваёй хаты. Па дарозе ўбачыў, што аднекуль ідзе моцны дым. Падбег бліжэй і зразумеў, што адкрытым полымем гарыць дом маёй прабабулі.
Не ўбачыўшы нікога каля хаты, малады чалавек зразумеў, што яго 90-гадовая сваячка засталася ўнутры. Не раздумваючы, ён выбіў акно (уваходныя дзверы ўжо былі ахоплены полымем) і трапіў у дом. Схапіў сваю прабабулю, якая моцна спала і нават не здагадвалася аб тым, што адбываецца навокал, і вынес яе з хаты. Ніхто з іх не пацярпеў. Каб не атруціцца ўгарным газам, Ілья абкруціў твар мокрай анучай, якую перад гэтым патрымаў у снезе, — не дарма прайшла армейская навука.
Гэтая драма разыгралася на пачатку лютага ў вёсцы Масевічы, што ў Маларыцкім раёне. Што стала прычынай пажару, праваахоўнікі вясвятляюць дагэтуль. Адно было зразумела амаль адразу — сярод аднавяскоўцаў з'явіўся герой. Аднак сам Ілья так не лічыць. Па словах вайскоўца, гэтак жа паступіў бы кожны на яго месцы.
Відаць, так распарадзіўся лёс, што менавіта ў гэты час, калі магла здарыцца трагедыя, Ілью адпусцілі ў адпачынак — у 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе ён акурат служыў тэрміновую службу. Не адбыўшы яе да канца, перавёўся на кантрактную. Малады чалавек удзячны свайму дзядзьку-мараку, які параіў звязаць сваё жыццё з войскам. Пра гэта Ілья Кобак, уладальнік высокай узнагароды Прэзідэнта, ніколькі не шкадуе.
Вераніка КАНЮТА
Фота з архіва героя публікацыі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/medal
[4] https://zviazda.by/be/tags/za-vyratavanae-zhyccyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/vaennasluzhachy
[6] https://zviazda.by/be/tags/desantnik
[7] https://zviazda.by/be/tags/paligon
[8] https://zviazda.by/be/tags/zahad-2021-1