Многія беларусы з заміраннем сэрца сачылі за найбольш відовішчным конкурсам VII Армейскіх міжнародных гульняў — «Танкавы біятлон». Упершыню за гісторыю спаборніцтва наша каманда заняла трэцяе месца ў «Індывідуальнай гонцы», саступіўшы ўсяго пяць секундаў танкістам з Расіі. Аднак гэтая «бронза», як і ў мастацкай гімнастыцы, калі першыя дзве прыступкі п'едэстала, за рэдкім выключэннем, займаюць расійскія спартсменкі, даражэйшая за «золата».
Нашы вайскоўцы ўжо вярнуліся на Радзіму, раз'ехаліся па сваіх воінскіх часцях і прыступілі да ранейшых абавязкаў. Аднак танкісты не страчваюць сувязі адзін з адным — цяпер яны як адна сям'я. І абсалютна няважна, што знаходзяцца ў розных кутках нашай краіны.
Гвардыі лейтэнант Міхаіл Ланкевіч служыць у 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе. Калі падчас Армейскіх міжнародных гульняў ён быў камандзірам танка, то ў рэальным жыцці ваеннаслужачы — камандзір цэлай танкавай роты. У «Танкавым біятлоне» ўдзельнічаў упершыню. Каб трапіць у склад нацыянальнай каманды, прайшоў нялёгкі шлях адбораў. Першы раз малады чалавек спрабаваў свае сілы яшчэ будучы курсантам Ваеннай акадэміі. Тады не хапіла не столькі майстэрства, колькі вопыту. У зборную Беларусі трапіў з трэцяй спробы.
— Прадстаўляць краіну на такіх маштабных міжнародных спаборніцтвах — вялікі гонар і адказнасць, — мяркуе Міхаіл Ланкевіч. — Конкурс складаны не толькі фізічным выкананнем пастаўленых задач. Немалаважна і тое, як маральна настроены члены экіпажа. Ты працуеш не толькі за сябе, але і за ўсю каманду, а гэта вялікая адказнасць.
Вядома, танкісты перажывалі, калі зусім няшмат ім не хапіла для перамогі. Але тыя, хто падтрымліваў беларускі экіпаж на трыбунах, а таксама сачыў за ім у рэжыме «анлайн», бачылі, што нашы танкісты зрабілі ўсё магчымае. А можа, нават больш — прадстаўнікі Узброеных Сіл Беларусі апярэдзілі 30 экіпажаў такіх наймацнейшых армій свету, як Іран, Кітай, Казахстан, Сербія. Гэтым фактам асабліва ганарацца сваякі Міхаіла, якія ў танкавай справе ведаюць толк. Бацька вайскоўца — палкоўнік, танкіст. У танкавых войсках у свой час служылі два дзядулі камандзіра роты. Афіцэрскія пагоны носіць і родны брат Міхаіла.
Старшы механік-кіроўца ўзвода гвардыі яфрэйтар Андрэй Зылевіч, як яго баявы таварыш, звязваць сваё жыццё з арміяй не планаваў. Аднак калі пасля тэрміновай службы яму прапанавалі застацца ў 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе па кантракце, малады чалавек, не раздумваючы, пагадзіўся.
У «Танкавым біятлоне» ваеннаслужачы марыў паўдзельнічаць ужо даўно. Атрымалася толькі сёлета. Механік-кіроўца ў дэталях памятае кожны заезд, абдумвае, ці можна было пазбегнуць некаторых памылак. «У фінале нам не пашчасціла з надвор'ем, — расказвае Андрэй. — З-за дажджу траса пераўтварылася ў суцэльнае балота, што перашкаджала рухацца па зададзеным маршруце».
Кожны з членаў экіпажа дагэтуль памятае цырымонію ўзнагароджання. Вайскоўцам уручылі медалі, памятныя прызы. Праўда, найлепшы падарунак чакаў Андрэя Зылевіча на радзіме — на другі дзень пасля вяртання са спаборніцтва жонка нарадзіла вайскоўцу сына.
Менавіта сын, якому, праўда, ужо 10 гадоў, найбольш падтрымліваў свайго бацьку — камандзіра танкавага ўзвода 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады старшага прапаршчыка Дзяніса Маісеенку. Хоць хвалявацца асабліва не было падстаў. Вайсковец — самы вопытны член экіпажа: у «Танкавым біятлоне» Дзяніс удзельнічаў ужо сёмы раз. А ўсё таму, што найбольш прафесійнага наводчыка танка ў беларускай арміі проста не існуе.
— Вядома, было крыўдна застацца за адзін крок ад перамогі, — перакананы Дзяніс Маісеенка. — У той жа час мы добра ведаем, што экіпаж добрасумленна выканаў усе пастаўленыя задачы і зрабіў немагчымае — аб гэтым сведчаць нашы сапернікі з іншых краін, якія засталіся ззаду. У любым выпадку, мы маем каштоўны вопыт, які нам спатрэбіцца як у будучыні, так і цяпер, у паўсядзённай дзейнасці.
Вераніка КАНЮТА
Фота Яна ГАРБАНЮКА, «Ваяр»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vayar-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/tankavy-biyatlon-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[6] https://zviazda.by/be/tags/udzelniki
[7] https://zviazda.by/be/tags/vii-armeyskiya-mizhnarodnya-gulni
[8] https://zviazda.by/be/tags/spabornictva