Спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла сустрэчу з паслом Малдовы.
Нагода для зацікаўленай гутаркі — заканчэнне кадэнцыі Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Віктара Сарачана ў нашай краіне.
Вітаючы госця ў сценах верхняй палаты парламента, яго спікер выказала ўпэўненасць, што дыпламат застанецца добрым сябрам Беларусі.
Яна адзначыла высокі ўзровень сяброўскіх адносінаў, што склаліся паміж нашымі краінамі:
— Дыялог, які склаўся на ўсіх узроўнях — гэта ў многім ваша заслуга, — падкрэсліла Наталля Качанава. — За доўгія гады работы ў Беларусі вы вельмі шмат зрабілі для ўмацавання супрацоўніцтва.
Яна выказала ўпэўненасць, што добрыя адносіны паміж Беларуссю і Малдовай пашырацца па ўсіх кірунках і канструктыўны дыялог на карысць абедзвюх краін будзе працягнуты.
У якасці станоўчага прыкладу спікер верхняй палаты беларускага парламента прывяла гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва:
— Нягледзячы на ковідныя праблемы, мы ўбачылі, што за сем месяцаў бягучага года ў нас вырас тавараабарот — гэта вельмі важна, — падкрэсліла Наталля Качанава.
Акрамя таго, яна звярнула ўвагу на развіццё гуманітарнага складніка ў двухбаковым парадку дня: у прыватнасці, падзякавала за тое, што ў Кішынёве быў устаноўлены помнік яе земляку Францыску Скарыне.
Яна выказала ўпэўненасць, што дыялог у такім жа станоўчым рэчышчы паміж краінамі будзе працягнуты:
— Мы разлічваем на працяг такога ж канструктыўнага супрацоўніцтва, — акцэнтавала яна ўвагу. — Разумею, што гэта будзе няпроста, але мы гатовыя да супрацоўніцтва: гэта патрэбна нашым народам, нашым людзям, таму мы будзем рабіць усё, каб высокі ўзровень адносінаў працягваўся і развіваўся наколькі гэта будзе магчыма.
Наталля Качанава падкрэсліла: беларускі бок адкрыты для розных прапаноў:
— У нас ёсць пункты росту і магчымасці займацца супрацоўніцтвам у сферы гандлю, эканоміцы і сацыяльным кірунку, — адзначае яна і звяртае ўвагу на агульны фундамент для супрацоўніцтва, — Я вельмі добра памятаю час, калі мы (краіны былога Савецкага Саюза. — Заўв.аўт.) былі разам. Мы разлічваем на вашу дапамогу і падтрымку наколькі гэта будзе магчыма.
Напрыканцы яна пажадала Віктару Сарачану поспехаў, удачы і дабрабыту ў далейшай прафесійнай дзейнасці.
Са свайго боку, дыпламат звярнуў увагу на высокі ўзровень арганізацыі работы беларускіх уладаў:
— Мне вельмі прыемна было працаваць з усімі галінамі ўлады, — падкрэсліў ён і персанальна падзякаваў Наталлі Качанавай за вырашэнне шматлікіх пытанняў двухбаковага парадку дня, якія знаходзіліся ў яе кампетэнцыі як кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — Мне было асабліва прыемна мець стасункі з вамі. Так, мы рэдка бачыліся, але завочна вырашалі вельмі сур’ёзныя праблемы і пытанні, я заўсёды ведаў, што ў вашай асобе маю падтрымку.
На сустрэчы з дыпламатам прысутнічаў таксама старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/maldova
[6] https://zviazda.by/be/tags/viktar-sarachan