Клуб рады падставіць плячо Беларускаму камітэту «Спешыял Алімпікс», пад эгідай якога праходзяць розныя мерапрыемствы ў падтрымку развіцця ў Беларусі інклюзіўнага падыходу праз уключэнне людзей з асаблівасцямі здароўя ў спорт і здаровы лад жыцця. Пра гэта заявіў кіраўнік Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка падчас наведвання рэспубліканскага футбольнага турніру з удзелам жаночых каманд.
«Гэта не першы сумесны праект Прэзідэнцкага спартыўнага клуба з Беларускім камітэтам «Спешыял Алімпікс». Пад эгідай гэтай арганізацыі праводзіцца шмат важных мерапрыемстваў, таму наш клуб заўсёды рады падставіць плячо дапамогі. Скажу на будучыню: у перспектыве будзе падпісаны двухбаковы мемарандум аб супрацоўніцтве», — адзначыў Дзмітрый Лукашэнка.
Беларускі камітэт «Спешыял Алімпікс» праводзіць маштабную работу па сацыяльнай рэабілітацыі людзей з асаблівасцямі інтэлекту праз заняткі спортам. Штогод ладзяцца рэгіянальныя і рэспубліканскія спаборніцтвы па футболе, баскетболе, настольным тэнісе, плаванні, лёгкай атлетыцы і іншых алімпійскіх відах спорту. Арганізоўваюцца трэніроўкі і адборачныя спаборніцтвы для падрыхтоўкі зборнай Рэспублікі Беларусь да Еўрапейскіх і міжнародных спецыяльных Алімпійскіх гульняў.
Сёлета ў аграгарадку Ула Бешанковіцкага раёна прайшоў футбольны турнір сярод жаночых каманд, якія трэніруюцца па сістэме Specіal Olympіcs. Спаборніцтвы былі прымеркаваныя да стагоддзя заснавальніцы руху Юніс Кенэдзі Шрайвер.
У 2010 годзе на базе Ульскага ліцэя імя Льва Даватара быў адкрыты цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця. На працягу многіх гадоў навучэнцы цэнтра прадстаўляюць Беларусь на міжнародных спаборніцтвах Specіal Olympіcs. Прэзідэнцкі спартыўны клуб прывёз дзецям разнастайнае абсталяванне і інвентар для ўмацавання спартыўнай базы ліцэя.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/prezidencki-spartyuny-klub
[4] https://zviazda.by/be/tags/special-olympics
[5] https://zviazda.by/be/tags/lyudzi-z-asablivascyami-zdarouya