Статыстыка ведае ўсё (ну, ці амаль): варта пацікавіцца, і яна вам лёгка падкажа, што ў нашай краіне жывуць прадстаўнікі 130 народаў і народнасцяў: беларусы, рускія, украінцы, палякі... Дакладна падлічана, колькі каго. Загадкай хіба тое, чаму пра адных і пішуць, і кажуць проста — малдаванін, літовец, узбек, мангол, а пра іншых — цэлай слоўнай канструкцыяй: чалавек яўрэйскай нацыянальнасці, чалавек каўказскай...
Дык вось якраз пра яго — і з першых вуснаў, можна сказаць.
Закахаўся, значыць, адзін каўказец у нашу Наташу і чаго толькі не рабіў: кветкі-падарункі прыносіў, у тэатры і кіно запрашаў, у рэстараны вадзіў... А замуж стаў клікаць — не ідзе і ўсё тут....
Ён тады што надумаў — загрузіў свае «жыгулі» рознай выпіўкай-закускай — і ў вёску, да бацькоў дзяўчыны. Так і так, гаворыць ім на дрэннай рускай, жыць не магу без вашай Наташы! Богам прашу: аддайце замуж! А ўжо я — і для вас, і для яе — проста горы звярну!
Гаворыць так, рукамі размахвае, слёзы выцірае, нават на калені парываецца стаць — гаспадары не даюць... Не ўсё з яго слоў яны разумеюць, але ж слухаюць, спагадаюць. А пасля нейкай чаркі ўжо і самі яму гавораць (па-нашаму, па-беларуску), што хлопец ён, відаць, неблагі, што з дачкой яны пагавораць — можа, пераканаюць... «Але ж май на ўвазе: крый божа потым пакрыўдзіш...»
Вось гэтае грознае «май на ўвазе, а то не пацярплю — галаву знясу!..» бацька разоў з дзесяць паўтарыў (а то і болей). Госць сказаў, што ўсё зразумеў.
І сапраўды: недзе праз тыдзень зноў прыехаў і ўжо не на ВАЗе, (калі ўжо бацька так не любіць гэтых машын), а на «БМВ»...
Вось такая была гісторыя.
На здымку (можна яшчэ раз глянуць на верхні), відавочна, нейкая іншая? А вось якая?
Наша задача — прадставіць усе, што даслалі чытачы. Ім жа (то-бок вам) — пасля вызначаць найлепшую? Такім чынам, стартуем: наперад у мінулае.
«Ёсць анекдоты, — сцвярджае спадар Іван Астроўскі з Мінска, — якія помніш гадамі. Здымак нагадаў мне вось гэты: на дарозе сутыкнуліся, ды што там — разбіліся тры машыны. «Я цэлае лета на сваю зарабляў!» — вохкае каля «таёты» мужчына каўказскай нацыянальнасці. — «Мы з Сарай цэлы год эканомілі», — гаруе мужчына яўрэйскай... — «А я, — плача беларус, пазіраючы на тое, што засталося ад «запарожца», — усё жыццё на гэту машыну паклаў!..» — «Слухай: на халеру такую дарагую браў? — спачуваюць сябры па няшчасці. — Можна ж было таннейшую?»
І нават трэба!.. Хоць бы для таго (на думку спадара Віктара Сабалеўскага з Узды), каб адчуваць сябе чалавекам, каб аўтарытэт узняць — яшчэ і ў вачах дзяцей:
Татка наш купіў аўто!
Ён цяпер не абы-хто:
Ён кіроўца, ён персона!
Хоць машына — не з салона,
А з дзясятых, можа, рук, —
Нос па ветры. І ў гару!
І потым з форсам (паводле спадара Мікалая Старых з Гомеля):
Бацька — дзецям:
— Ёсць аўто!
Конскіх сіл у ім — пад сто...
Дзеці:
«Як тут веры даць,
Калі коней — не відаць?!
Ні загрыўка, ні хваста —
Аднаго...
А дзе ўжо ста?!»
Вось па гэтай прычыне каму-нікаму з малых (можна яшчэ раз паглядзець на здымак) і нецікавая ўжо тая машына. Іншая справа — дарослыя, якія ведаюць, што
Па капейцы, цяжка, горка
Ясь адкладваў на «шасцёрку»...
А купіў — ахвотных... рота
Глянуць:
што ж там пад капотам?
Можа, золата навалам?
Калі столькі каштавала?
Зрэшты, машыну можна было не толькі набыць. Як заўважыла спадарыня Зоя Наваенка з Глыбоччыны, цуды — і цяпер, і некалі — таксама здараліся:
Ажаніўся Ясь на Зосьцы...
Ўся ваколіца зайздросціць!
Жаль — не дзеўка тут прычынай:
У пасаг даюць... машыну!
Было — яшчэ і такое:
Ясь да цешчы крочыў пешшу,
Нёс гасцінцы, падмацунак,
Чым сваячку так усцешыў, —
«Жыгулі» у падарунак!
...Што да гэтага дадаць?
Трэба цешчу шанаваць!
А яшчэ — сумленна, з аддачай працаваць, што, паводле спадарыні Наваенкі, таксама выгадна. Ну вось самі «ўбачце»:
З вокнаў зырылі суседзі —
На машыне (?) Рома едзе?
— Быць не можа, каб прыдбаў!
— Мо пазычыў?
— Ну не ўкраў!..
— На пракат узяў — у цёткі...
Не пляціце, людцы, плёткі:
На камбайне першым стаў —
«Жыгулі» і атрымаў.
Была такая практыка. Запіска на машыне, кажуць, таксама. Прычым хутка з'явілася: калі вам, маўляў, замінае гэты аўтамабіль, пазваніце. І следам нумар...
Набраць яго вельмі многім хацелася, каб сказаць, што машына — ужо дастала... Бо на вачах, харошая, новая, а галоўнае — дармавая... Каго тут жаба не заесць, каму не захочацца такую ж?
Ці іншую? Бо вось гэта, як піша спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч,
Вельмі файная машына:
Усё на месцы, чын па чыну.
І бензіну поўны бак
А завесці... Ну ніяк!
Бывае, на жаль, як піша спадар Эльяш Банель з Мінска:
Падняў капот у «Жыгулях»
І...
Вочы б не глядзелі:!
Ну ўсё разваліцца па «швах»
У першую ж нядзелю!
І тады...
Ясь не скажа вам дакладна,
Колькі ездзіць гэта «лада»
Але ж бачна — «жыгулі»
«Падманулі, падвялі»:
Хтось нясецца міма з шыкам,
А яго паездка — пшыкам...
Пішуць так сужэнцы Астроўскія з Мінска і тым самым нагадваюць старое: «Не разумею, чым не падабаюцца айчынныя машыны? Немцы вунь на айчынных ездзяць, і нічога». А вось расіяне... Ды і мы... Як піша спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны:
«Ладу» хто купяе, —
Розуму не мае:
Каб яе рамантаваць,
Трэ кансіліум збіраць.
І потым ездзіць па аўтарынках, аўтакрамах, аўтасэрвісах: для чаго, як кажуць, гэтыя машыны і ствараюцца.
У аднаго з уласнікаў, дарэчы, спыталі, хто ў яго сям'і найдаражэй абходзіцца? Шчыра адказаў: «лада» — чым далей, тым болей», што, вядома ж, не пра жонку... А таму на здымку, паводле спадарыні Гудачковай, можа быць «кансіліум» і з іншай нагоды: ужо не па рамонце:
Лёс жалезнага каня
Вырашае ўся радня:
Ці прадоўжыць яму жытку,
Ці ўжо выкінуць з ужытку?
Вось гэта, апошняе, хто-ніхто зрабіў. І таму (згадзіцеся са спадаром Мікалаем Касмачэўскім з Наваполацка):
«Жыгулёнкаў» на дарогах
Сёння ўжо не так і многа...
А малым жа цікавей,
Што тут ездзіла раней?
Пройдзе час, і рарытэтам
Можа стаць машына гэта.
(«У вас ёсць хобі?» — спыталі неяк у мужчыны каўказскай нацыянальнасці. — «А як жа! — пахваліўся ён. — Я збіраю вазы!». — «Якія?» — «2101», «2102», «2103»...
Бо яны, калі па шчырасці, заўсёды ў пашане. І, вядома ж, нездарма. Вось уявіце: чалавек у дарозе, канца ёй пакуль не відаць, і дождж сцяной... Ён галасуе, ды «мерседэсы»-«таёты» праносяцца міма. І толькі старая «капейка» спыняецца, падбірае — чалавек едзе, яму цёпла, добра...
Хоць, здараецца, і не вельмі. Знаёмец неяк на сваім «крузаку» (гэта, казаў, машына мары: хто не мае, марыць купіць, хто мае — прадаць...) падвозіў купку турыстаў, па-беларуску распытваў іх, дзе вучацца, куды ідуць, расказаў ім пра тое месца... (Хлопцы неспадзеўкі зразумець не маглі, дзе яны, куды трапілі?)
...Спадар Касмачэўскі, здаецца, ведае, чаму такое здараецца: таму што дзеці адарваныя ад жыцця: за сваімі гаджэтамі свету не бачаць! А дарослым часам і справы няма... Хоць на добры толк вельмі трэба было б нешта прыдумаць. Ну вось як на здымку:
Каб улетку нашы дзеткі
Не сядзелі ў хатах-клетках,
Школьны стораж, дзед Макар,
Зладзіў творчы семінар:
«Жыгулёнка» разабраў —
Расказаў і паказаў,
Дзе матор, дзе радыятар,
Як працуе генератар...
Быў карысным дыялог...
Дзед — сапраўдны педагог!
Трэба разумець, не Макар, а ледзь не Макаранка: можа перадаваць свае веды і не сумнявацца ў тым, што яны спатрэбяцца, бо часам (як разважае спадар Сабалеўскі),
Дзе якія тут масты?
Дзе акумулятар?..
Хоча з тэхнікай на «ты»
Быць дзяцюк-аматар:
Ён паўдня іскру шукаў
Пад сядзеннем дзесьці...
«Жыгулёк» карчом стаяў:
Падкажыце, дзеці!
А яны (калі вучні Макаранкі) гэта змогуць...
Той знаёмец з «крузака» расказваў, напрыклад, што змалку ганяў на матацыкле. Пакуль не зламаў... І да бацькі: дапамажы?.. А таму, відаць, лянота была: інструкцыю сыну ў рукі і... «Давай, брат, сам». Малы пакрыўдзіўся, але справу зрабіў — нават смак адчуў: стала цікавей катацца — тады... Цяпер свой бізнес у яго.
Ці трэба казаць, што па-рознаму ён пачынаецца. У вось гэтага ўладальніка «Жыгулёў», паводле спадара Сабалеўскага, — з гандлю:
Каму піва? Каму жуйкі?
Цыгарэт ці хлеба?..
Калі ты не Абрамовіч,
То круціцца трэба:
Не «шасцёрка» — аўтакрама
Летам у Фядота.
Не патрэбна і рэклама:
Файная работа!
І, дай бог, выніковая, бо гэты Фядот сам сабе і дырэктар, і бухгалтар, і рэвізор... Карацей — зусім не тое, што на здымку, які спадара Сабалеўскага «падбіў» на роздум:
Часу мала ў запасе
Ды і той ад нас бяжыць...
Як калісьці ў калгасе:
Нехта робіць, cем — глядзіць:
Адзін слесар, тры дарадцы,
Плюс праверка...
Ніадкуль...
Ад такой «разумнай» працы
Адпаведны й вынік — нуль.
Але ж гэта, дай бог, не пра нашу краіну, бо тут (паводле сужэнцаў Астроўскіх),
«Жыгулі» ўжо аджылі,
Ім на змену — «Джылі».
Усё болей ім дарог!
І...
да новых перамог —
Электрамабіляў!
Як той казаў: дай бог нашаму цяляці воўка з'есці. Ці пачутае — убачыць, што, на думку спадарыні Гудачковай, натоўп (са здымка) і робіць:
Чуткі — мігам: «Там купілі
Электрычнага мабіля!»
Паглядзець на цуда дня
Пазбягалася радня.
З іншай мэтай, як піша спадарыня Кусянкова, яна таксама магла:
У натоўпу «гледачоў»
Не хапае ўжо мазгоў...
Выглядае ўсё ў парадку:
Ёсць іскра і ёсць зарадка...
Чаму ж «лада» не імчыць?
Сонька знае ды маўчыць:
Бак з натугай адкруціла,
А бензін... падсаладзіла!
Ды што там — і паспытаць магла: дзеці ж народ цікаўны. І чым больш іх у сям'і — тым лепш. А значыць,
На вяселле «жыгулі»
Падарылі госці.
І тым самым падвялі
Бацьку-ягамосця,
Бо ў машыне —
«крэслаў» пяць,
А малых —
«штук» сем, відаць?
Плюс, вядома ж, маці...
МАЗ бы падагнаці!
Раіць гэта спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, маючы на ўвазе аўтобус на 25 пасадачных месцаў. Ну, каб з запасам было. А то...
Колькі дзетак у салоне,
Відавочна: не злічыць.
Вось «жыгуль» таму і стогне:
Адмаўляецца вазіць, —
лічыць спадарыня Таццяна Новік з Клецка. А МАЗ, вядома ж, павязе, прычым любую сямейку!
Значыць, дай бог кожнаму — вялікую і дружную, у якой хоць святкаваць, хоць гараваць — усё лягчэй...
Як і нешта рабіць: дапусцім — падводзіць вынікі нашага конкурсу на найлепшы подпіс да здымка. Такім чынам на ім, папярэднім (глядзі нумар «Звязды» за 21 ліпеня), быў «плывец» з чарадой гусей. Дык вось, найлепшыя радкі аб тым, куды плыў ён, куды яны, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, прыдумалі спадары Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, а таксама спадарыні Зоя Наваенка з Глыбоччыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны і Таццяна Новік з Клецка.
Вось з гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на першы квартал 2022 года накіроўваецца ў горад Клецк...
Марыце, каб газета пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас? Тады выпісвайце альбо ў чарговы раз уважліва паглядзіце на новы конкурсны здымак, прыдумайце подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных, памерам не больш чым восем радкоў) і... выйграйце! Ці хоць бы паспрабуйце — раптам атрымаецца?
Валянціна Доўнар
Фота Анатоля Клешчука
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[5] https://zviazda.by/be/hto-kago