У Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры прайшло першае пасяджэнне ўсіх зацікаўленых бакоў па тэме падрыхтоўкі да святкавання 900-годдзя манастыра, якое пройдзе ў 2025 годзе.
На нарадзе, у якой прыняла ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, вызначылі пералік мерапрыемстваў і работ, што неабходна правесці ў якасці падрыхтоўкі да свята.
Спікер верхняй палаты парламента адзначыла, што 900-годдзе манастыра — важная дата для беларусаў:
— У Полацку — наша дзяржаўнасць, вытокі, духоўнасць і карані, — акцэнтавала яна ўвагу. — Па просьбе Беларускай праваслаўнай царквы дзяржава перадала манастыру ва ўласнасць шэраг будынкаў. Плануецца, што тут будзе гасцініца для паломнікаў, бо сюды прыязджае вялікая колькасць людзей з розных краін.
Наталля Качанава падкрэсліла: існуючыя ўмовы не дазваляюць у поўнай меры забяспечыць камфортнае знаходжанне турыстаў і паломнікаў, таму трэба вызначыць найбольш важныя аб’екты, якія неабходна рамантаваць і будаваць у першую чаргу.
У сваю чаргу старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў паведаміў, што сярод першых аб’ектаў (акрамя гасцініцы) будзе пабудавана новая трапезная. У бліжэйшы час распачнецца выраб праектна-каштарыснай дакументацыі, а самі работы распачнуцца вясной 2022-га.
— Пакуль асноўная задача — гэта два абекты: гасцініца і трапезная, — удакладніў старшыня абласнога Савета дэпутатаў. — Таксама на базе перададзенага пяціпавярховага корпусу, які адыдзе ад Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, плануецца стварыць вялікую бібліятэку і музей. Гэта будзе не проста комплекс для сясцёр, але і гісторыка-культурны цэнтр.
Фінансаванне работ плануюць з мясцовага, абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, таксама разлічваюць і на дапамогу мецэнатаў. Ужо налета на рэстаўрацыйныя работы ў Спаса-Праабражэнскай царкве (першы храм Еўфрасіннеўскага манастыра) вылучаць мільён рублёў. Аб гэтым заявіў міністр культуры Анатоль Маркевіч. Ён адзначыў, што сёлета на рэканструкцыю ўжо было выдзелена 915 тысяч рублёў.
— Сумы вялікія, але гэта таго варта, бо гэта жамчужына нашай краіны, — перакананы міністр культуры. — Царква ўнікальная па сваёй гістарычнай значнасці і тых работах, якія трэба правесці.
Паводле словаў міністра, завяршыць рэканструкцыю Спаса-Праабражэнскага храма плануецца ў 2024 годзе.
— Аднак спяшацца тут нельга, паколькі мы не маем права зрабіць нешта не так на святым аб’екце, — перакананы Анатоль Маркевіч. — Кожны крок вывяраецца, ідзе сурёзнае навуковае суправаджэнне. Прамашкі тут недаравальныя. Дзяржава ўкладвае немалыя грошы ў рэстаўрацыю храма. Цяпер раскрыта менш за 50 працэнтаў фасада, рамантуецца дах. Наперадзе — яшчэ шмат працы.
Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр быў заснаваны каля 1125 года прападобнай Еўфрасінняй Полацкай, яе мошчы знаходзяцца тут.
Да 1161 года на месцы драўлянай была пабудавана каменная Спаса-Праабражэнская царква. У ёй захаваліся ўнікальныя фрэскі XII стагоддзя. Зараз ідзе рэстаўрацыя храма.
У 1882 годзе над уваходам у манастыр ўзвялі званіцу, у канцы XIX стагоддзя тут пабудавалі яшчэ і Крыжаўзвіжанскі сабор.
Архітэктурны ансамбль манастыра ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Вольга АЛЯКСАНДРАВА
Фота: ТГ-канала Савета Рэспублікі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-alyaksandrava
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki
[6] https://zviazda.by/be/tags/polack