Нядаўна на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама былі разгледжаны пытанні выкарыстання дзяржаўнай маёмасці. У ім па відэасувязі браў удзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.
У рэжыме відэаканферэнцсувязі таксама ўдзельнічалі кіраўнікі і адказныя за гэты вектар дзейнасці ў райгарвыканкамах.
Спікер ніжняй палаты беларускага парламента нагадаў пра тое, што ў канцы красавіка старшыні аблвыканкамаў былі запрошаны на нараду да Прэзідэнта, падчас якой абмяркоўвалася і пытанне неабходнасці зносу непрыдатных будынкаў і збудаванняў сельскагаспадарчых арганізацый, як і тых, якія не выкарыстоўваюцца. Трэба ўцягваць у гаспадарчы абарот зямельныя ўчасткі, дзе стаялі фермы, майстэрні, сушылкі і іншае. Быў агучаны канкрэтны тэрмін завяршэння працэсу — да 1 мая 2024 года, нагадаў Уладзімір Андрэйчанка. У Віцебскай вобласці такіх аб'ектаў парадку 470.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў паставіў задачу весці адпаведную работу больш актыўна і сістэмна.
Што датычыцца іншай нерухомасці, сёлета Прыдзвінскі край — лідар па колькасці аб'ектаў, якія былі прададзены і іншым чынам цяпер працуюць на эканоміку.
У вобласці ў перыяд са студзеня да жніўня ўцягнулі ў гаспадарчы абарот і знеслі 150 аб'ектаў з запланаваных каля 480. Каб прыцягнуць яшчэ большую колькасць інвестараў, камітэтам «Віцебскаблмаёмасць» быў створаны дадатковы спіс з назвамі прыблізна дзевяноста аб'ектаў, якія можна атрымаць, каб выкарыстоўваць на вельмі прывабных умовах пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. І ў бягучым годзе прыблізна дзесяць аб'ектаў ужо перададзены.
Яшчэ ёсць пералік будынкаў, якія ўяўляюць сабой гісторыка-культурную каштоўнасць. У ім засталося пятнаццаць аб'ектаў.
Дарэчы, найбольш часта на аўкцыёнах купляюць «сцены» за базавую велічыню ці калі кошт паніжаны на 80 %.
Добра наладжана работа па зносе прыватнага жылля, якое не патрэбна нашчадкам і спадчыннікам.
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў канстатаваў, што сёлета на 143 % выкананы знос у глыбінцы. І распавёў пра тое, як пошук уладальнікаў «метраў» вядзецца нярэдка і з міжнародным размахам. Напрыклад, у адным з раёнаў гаспадыня хаты з'ехала ў ЗША, правы спадчыны перайшлі дачцэ, якую ў сельскім выканкаме знайшлі ў Калумбіі. Яна падпісала адпаведны дакумент, што не мае прэтэнзій на валоданне домам. І цікавых прыкладаў, за якімі цяжкая пошукавая праца, нямала.
Задача заўсёды будзе актуальнай, каб нерухомасць прыносіла карысць: быў у яе гаспадар, ствараліся новыя працоўныя месцы, плаціліся падаткі і гэтак далей, а не наадварот, калі з бюджэтаў вылучаюцца немалыя сумы грошай на падтрыманне аб'ектаў у належным стане, іншыя выдаткі.
Кіраўніком абласной вертыкалі выканаўчай улады ў канцы няпростай размовы пра нерухомасць была падкрэслена важнасць правядзення гэтай работы з мэтай навядзення парадку на зямлі. Была адзначана неабходнасць наладжвання супрацоўніцтва з усёй вертыкаллю ўлады, прадпрыемствамі і інвестарамі. Ёсць неабходнасць разгляду ўсіх магчымых варыянтаў уключэння маёмасці ў гаспадарчы абарот.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vicebski-ablvykankam
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhaunaya-mayomasc