Чаму мінулы верасень можа ўвайсці ў гісторыю метэаназіранняў, і якое надвор’е чакаць у кастрычніку? Самы вядомы сіноптык Беларусі, вядучы прагнозу надвор’я на тэлеканале АНТ Дзмітрый Рабаў расказаў аб прычынах анамальна халоднага пачатку восені і зрабіў свой прагноз на кастрычнік.
«Надвор’е ў верасні больш нагадвала глыбокую восень, чым яе пачатак. Усталявалася анамальна халоднае для гэтага часу года надвор’е з тэмпературай, якая адпавядае норме сярэдзіны кастрычніка. На шчасце, абышлося без першага снегу», — гаворыць Дзмітрый.
Такое надвор’е вызначаюць паўночна-атлантычныя цыклоны, якія прынеслі арктычнае ўварванне паветраных мас. Адмоўныя анамальныя тэмпературы захапілі велізарную прастору. А паўночныя вятры ўзмацнялі адчуванне холаду. Неба на працягу большасці дзён было зацягнута шчыльнай дажджлівай воблачнасцю. У выніку толькі ў Мінску па даных на канец верасня выпала 119 мм ападкаў, што складае 232 % ад нормы. Норма — 51 мм. Нягледзячы на непрацяглы цёплы сезон бабінага лета, які прыпаў на другую дэкаду верасня, у гэтага месяца ёсць вялікія шанцы ўвайсці ў гісторыю метэаназіранняў у статусе самага халоднага месяца XXI стагоддзя. Дарэчы, 22 верасня пачалася астранамічная восень, і, як бы мы ні жадалі, прырода паступова пачынае засынаць, пахмурных дзён будзе яшчэ больш.
У адрозненне ад мінулага кастрычніка, які стаў самым цёплым з 1945 года, сёлета сярэднямесячная тэмпература паветра чакаецца ў межах шматгадовых паказчыкаў. Гэта значыць, чакаем надвор’е без істотных сюрпрызаў. Норма ад ..+5 градусаў па паўночным усходзе да ..+8 па паўднёвым захадзе нашай краіны. У параўнанні з вераснем тэмпература паветра зніжаецца прыблізна на 6 градусаў. А, пачынаючы з другой дэкады кастрычніка, адбываецца ўстойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы праз адзнаку +5 у бок зніжэння. Такім чынам, завяршаецца вегетацыйны перыяд, і прырода рыхтуецца да надыходу зімы.
Месяцовая колькасць ападкаў у кастрычніку мяркуецца менш за кліматычную норму, якая складае 42-61 мм. У сярэднім на кастрычнік прыпадае 11-16 дзён з ападкамі. Асноўны дэфіцыт вільгаці прыйдзецца на першую дэкаду месяца. У другой і трэцяй колькасць аблокаў павялічыцца, і ёсць вялікая верагоднасць выпадзення першых змешаных ападкаў — дажджу і мокрага снегу. У кастрычніку нас чакае да 14 дзён з туманамі. А напрыканцы месяца могуць назірацца галалёдныя з’явы і шэрань.
Ці ўвойдзе ў гісторыю метэаназіранняў кастрычнік 2021, пакажа час, а пакуль атрымлівайце асалоду ад залатой восені!
Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ
Фота: Ян ХВЕДЧЫН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kacyaryna-tumas-cishkevich
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-rabau-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/pragnoz
[7] https://zviazda.by/be/tags/apadki
[8] https://zviazda.by/be/tags/meteanaziranni
[9] https://zviazda.by/be/tags/ant