Ад світараў і кардыганаў грубай вязкі да штучных футрачкаў і ад пухавікоў да плісіраваных спадніц: чым папоўніць гардэроб напярэдадні халоднага сезона, каб выглядаць актуальна?
«Модная сталіца» ёсць, напэўна, у кожнай краіне. І калі ў Францыі гэта Парыж, а ў Італіі — Мілан, то ў Беларусі гэта ганаровае званне, мабыць, па праве можна аддаць Брэсту. Гораду, дзе, напэўна, найбольшая сярод беларускіх населеных пунктаў колькасць дызайнераў на адзінку плошчы і на чые вуліцы модныя тэндэнцыі прыходзяць раней за іншыя гарады нашай краіны. Зрэшты, магчыма, гэта суб'ектыўна. Але прагуляцца па мінскай Нямізе мы ўсё ж вырашылі са стылістам з Брэста Ірынай Грыцук. І тэма нашай прагулкі — позняя восень і зіма.
У новым сезоне гардэробу модніцы не абысціся без футра, прычым штучнага — на подыумах дэмакратычны штучны мех не першы сезон упэўнена падцскае арыстакратычны натуральны. Па першапачатковай задумцы дызайнераў, такое футра ні да чаго не абавязвае, не патрабуе «адпавядаць», спалучаецца з любым гардэробам, робіць вобраз маладзейшым і бесклапотным і дэманструе непаўторны густ сваёй гаспадыні, а не яе даходы. Зрэшты, калі сёння з жывёл скуркі ўжо не здымаюць, то з модніц за трэнд «штучны мех» без усялякага сораму дзяруць тры скуры. Як высветлілася, дэмакратычнае штучнае футрачка прыстойнай якасці абыдзецца ў досыць круглую суму, якая пачынаецца ад 300—400 рублёў. Не як натуральнае, зразумела, але таксама адчувальна.
Гэтай зімой актуальны аб'ёмны мех. Зрэшты, футра можа быць і без празмернага аб'ёму — галоўнае, каб рэч была пухнатай і ўтульнай. І цёплай, зразумела? Вось з гэтым у штучных футраў ёсць праблема. Пры рэкордных мінусавых тэмпературах (якімі запомнілася, напрыклад, мінулая зіма) штучны мех натуральнаму не сапернік. Відавочна, што тэкстыльная аснова, да якой мацуюцца варсінкі, не можа забяспечыць высокай цеплаізаляцыі, а сам экамех не параўнаць са шматвяковым прадуктам эвалюцыі — цёплай поўсцю пушнога звярка.
— Праўда, тэхналогіі вытворчасці штучнага футра не стаяць на месцы, — тлумачыць Ірына. — Нярэдка ў штучны мех дадаюцца валокны, якія застаюцца ад вытворчасці натуральных футраў.
Але нават у гэтым выпадку экамех саступае па даўгавечнасці натуральнаму — варта разумець, што такое футра захавае выгляд ну максімум на два-тры сезоны. Потым мех страціць бляск, могуць з'явіцца пацёртасці. І ўсё ж штучныя кажушкі не першы сезон ультрамодная рэч, і яны заслугоўваюць увагі — як прыемнае дапаўненне да больш практычнага пухавіка.
А што з колерам? Па-ранейшаму актуальная бэжавая і карычневая гамы, высакародныя шэрыя адценні, нюдавыя і пудравыя тоны. У трэндзе белы і крэмавы, але і практычны для нашай зімы чорны ніхто не адмяняў. Яркія кажушкі на грэбні моднай хвалі, але яны падыдуць не ўсім.
— У вільготны пахмурны дзень прыемна дастаць з гардэроба жоўтае або чырвонае футрачка і ўзняць сабе настрой. Але вельмі важна суадносіць самавыяўленне з рэаліямі жыцця. Сёння нам хочацца вылучыцца сваёй неардынарнасцю, мы хочам, каб нас бачылі здалёк. Але ж можа здарыцца так, што заўтра ў нас зменіцца настрой і не захочацца залішняй увагі. Таму яркае футра — гэта заўсёды толькі «вішанька на торце», прыдатак да больш спакойнага гардэроба. І яшчэ адзін нюанс. Рэчы — гэта ўсяго толькі нашы дапаўненні: спачатку жанчына як асоба, а потым рэчы — а не наадварот. Адзенне не павінна нас хаваць, але не павінна і засланяць, мяняць нашу асобу. Не павінна ісці наперадзе нас, пераважаць у вобразе. Гэта — той крытэрый, па якім варта выбіраць любыя ўльтрамодныя рэчы.
У штучным кажушку, адзначае стыліст, асабліва важна звярнуць увагу на падкладку — лепш, калі яна будзе натуральнай. У гэтым выпадку мы пазбегнем эфекту «цэлафанавага пакета», калі скура не дыхае.
Таннейшае або даражэйшае штучнае футра выбраць?
— Звычайна нашы жанчыны купляюць адну, максімум дзве верхнія зімовыя рэчы, і не на адзін сезон. А значыць, практычней будзе выбраць больш класічную мадэль без ультрамодных дэталяў — з-за іх рэч можа хутка страціць актуальнасць. На першае месца ставім якасць, тады рэч будзе доўга служыць. Прасцей кажучы, больш эканамічна выгадна набыць адну дарагую рэч замест трох танных.
Лагічная задача, якая не ўяўляе складанасці для любой нашай суайчынніцы: калі вы набываеце адзін варыянт вопраткі на зіму, то гэта... Правільна, пухавік! Не заўсёды прыгожы і модны, затое цёплы і практычны. Жанчына ў пухавіку здольная зрушыць горы без адрыву ад вытворчасці. Пухавік — досыць бюджэтны варыянт, кошт пачынаецца ў сярэднім ад 100—150 рублёў.
— Не варта сёлета спыняць выбар на сілуэтах оверсайз, — каментуе Ірына. — У надыходзячым сезоне яны яшчэ актуальныя (так што калі ў вас менавіта такі — носіце з задавальненнем), але бум «вялікіх рэчаў» быў мінулай зімой. Зараз трэнд сціхае, бо ад 80—90-х, якімі дызайнеры натхняліся ў гэтым сезоне, мода рухаецца ў бок 1970-х. А гэта паяскі, акцэнт на талію, падкрэсліванне фігуры, прамы крой. Так што прамы сілуэт пухавіка — гэта бяспройгрышны варыянт. Па ранейшаму ў модзе сілуэт «кокан».
Актуальныя колеры — бэж, шэры, малочны (і наогул усе светлыя адценні). А таксама хакі, але гэта досыць складаны колер, які патрабуе асаблівага крою і падыдзе не ўсім. А наогул, самы трэндавы колер гэтай зімы — насычаны зялёны і ўсе яго варыяцыі (асабліва смарагдавы). У гэтым сезоне дызайнеры інтэгруюць гэты вясновы колер у любыя зімовыя вобразы: ад пухавікоў да трыкатажных сукенак і світараў.
Трыкатаж з прыходам халадоў становіцца актуальны заўсёды. А ў гэтым сезоне рэчы з пражы заслужана апынуліся на модным Алімпе: гэты мяккі і такі прыемны навобмацак матэрыял у новых калекцыях — адна з асноў творчасці дызайнераў. Трыкатажныя сукенкі даўжыні максі становяцца ўніформай і маладых мам, і бізнес-лэдзі, інтэгруюцца ў любыя стылі і вобразы. А на світарах і кардыганах буйной вязкі хочацца спыніцца асабліва.
— Грубая буйная вязка світараў і кардыганаў — адзін з найбольш яркіх трэндаў гэтай восені і зімы, — распавядае Ірына.
Праўда, купіць такія досыць складана — іх пакуль практычна няма ў асартыменце масмаркета. Затое іх можна звязаць самастойна. Ці, калі вы не майстрыца, звязаць на заказ — абыдзецца гэта (з улікам нітак) у сярэднім рублёў у 150. Проста купіць было б танней, але, на жаль, выбару практычна няма. Спалучаць такія світары можна як з джынсамі, так і з больш класічнымі палацо, а падоўжаныя мадэлі будуць выдатна выглядаць у якасці сукенкі — у садружнасці з легінсамі або шчыльнымі калготкамі.
Ключавая дэталь моднага зімовага сезона 2021/2022 — жылеты. У першую чаргу трыкатажныя, з глыбокім выразам, ад стрыманых карамельных адценняў да яркіх тонаў. Такія камізэлькі дапамогуць апярэдзіць самы, здавалася б, сумны і непатрабавальны лук (look). Выдатна будуць выглядаць і жылеты як вопратка (пакуль не стала зусім халодна). Нам удалося знайсці трохі «хуліганскія» мадэлі з эка-скуры, якія выдатна ўпішуцца ў гламурны спартыўны стыль: апрані і адчуй сябе сяброўкай рэпера.
— Вельмі важна ўмець пашыраць рамкі разумення стылю. Гэта неабходна любой жанчыне, — кажа Ірына. — Па маім глыбокім перакананні, часам трэба дазваляць сабе рэчы, не характэрныя вам. Мадэлі, якія падабаюцца, але якія па тых ці іншых прычынах вы насіць саромеецеся. Вінаватыя комплексы, страх «што скажуць калегі?» або «як паглядзяць сяброўкі?». Вельмі часта нашы жанчыны адмаўляюць сабе ў праве апранацца стыльна, таму што баяцца, што іх асудзяць ці не зразумеюць. І зусім ужо не павінна быць такіх аргументаў, як «не ў маім узросце» ці «я для гэтага занадта старая».
Трыкатажныя спадніцы-плісэ — яшчэ адна актуальная абноўка (у сярэднім ад 100—130 рублёў). Пераважная даўжыня ў дадзеным выпадку — максі (гэтай зімой дызайнеры робяць акцэнт на міні, але трыкатаж+плісіроўка для міні — варыянт не вельмі). Праўда, трыкатажныя плісіраваныя спадніцы могуць быць каварныя — яны павялічваюць аб'ёмы, калі няправільна іх абыграць.
— Я б раіла насіць такія спадніцы са світарамі оверсайз грубай вязкі, заправіўшы адзін яго краёчак. Так мы ссоўваем візуальныя акцэнты, і фігура выглядае далікатнай і жаноцкай, — тлумачыць Ірына. — Дарэчы, такія світары гэтай зімой складуць годную партыю і лёгкім летнім спадніцам-плісэ, якія таксама варта ўпісаць і ў зімовы гардэроб. А можна дадаць у вобраз з трыкатажнай плісіраванай спадніцай белую кашулю, батфорты з вузкімі халявамі або, наадварот, кароткія боцікі са свабоднай халявай.
Як часта варта мяняць гардэроб, каб выглядаць актуальна?
— Я не прытрымліваюся распаўсюджанага меркавання, што купляць рэчы трэба камплектамі. Складаць «капсулу» да кожнага новага сезона — гэта нядрэнна, але па розных прычынах такі падыход магчымы далёка не для кожнай жанчыны. Я б парэкамендавала купляць рэчы штомесяц. Кожны месяц дазваляць сабе адну новую рэч — зразумела, улічваючы, як яна спалучаецца з тым, што ўжо вісіць у вашай шафе. І тады ваш гардэроб заўсёды будзе актуальны, а праблема «няма чаго надзець» адыдзе на другі план.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/shoping
[4] https://zviazda.by/be/tags/stylist
[5] https://zviazda.by/be/tags/iryna-grycuk