Дваццаты вучэбны год сямейная пара Кацярына і Андрэй Ляўковы — педагогі-мастакі — выкладаюць маляванне ў Рагачоўскай дзіцячай школе мастацтваў, даюць хлопчыкам і дзяўчынкам асновы ведаў па жывапісе і кампазіцыі, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, гісторыі мастацтваў. Дзень настаўніка — гэта іх свята. Яны скончылі мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, па размеркаванні прыехалі ў горад над Дняпром. Першае месца іх працы — дзіцячая школа. На мастацкім аддзяленні, дзе працуюць Кацярына і Андрэй, вучыцца больш за сто хлопчыкаў і дзяўчынак, а за два дзесяцігоддзі іх педагагічнай дзейнасці альма-матар падрыхтавала цэлую плеяду адукаваных выпускнікоў з цікавым бачаннем свету. Выпускнікі школы, дзе трэба вучыцца пяць гадоў, паступаюць у профільныя навучальныя ўстановы краіны і замежжа, каб стаць прафесійнымі мастакамі, дызайнерамі, архітэктарамі, мастацтвазнаўцамі, педагогамі і настаўнікамі малявання. У Рагачоўскай школе наладжана пастаянная выстаўка дзіцячых малюнкаў, установа прымае ўдзел ва ўсіх культурных мерапрыемствах горада і раёна. Таленавітыя навучэнцы Кацярыны і Андрэя Ляўковых любяць выязджаць на пленеры, удзельнічаюць ў прэстыжных конкурсах, дзе заваёўваюць прызавыя месцы.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
г. Рагачоў
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya