Беларуская восень вызначаецца працяглымі дажджамі і шэрасцю. Як правіла, калі выгляне сонейка, абавязкова ўначы замаразкі. А вось і не заўсёды! У гэты тыдзень будзе сонечна і цёпла. Адносна цёпла. Згаданы перыяд у Беларусі адзначыцца панаваннем антыцыклону, які будзе забяспечваць пераважна сонечнае і сухое надвор'е. Толькі жыхарам заходніх рэгіёнаў нашай краіны у першай палове тыдня крыху сапсуе адчуванне цяпла моцны парывісты вецер, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У сераду будзе без ападкаў. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходні парывісты, месцамі, пераважна па захадзе, моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 2—9 градусаў вышэй за нуль, удзень — 12—17 цяпла.
Мы толькі казалі, што сонейка восенню не бывае без замаразкаў. Накаркалі. У другой палове тыдня вецер пачне супакойвацца, і пры малавоблачным небе ўзрасце верагоднасць замаразкаў, якія да выхадных распаўсюдзяцца на большую частку тэрыторыі краіны. Таму не варта пакідаць без хованкі на палях выкапаную сельскагаспадарчую прадукцыю. У чацвер будзе без ападкаў. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны, уначы па захадзе парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 1—7 градусаў вышэй за нуль, па ўсходзе чакаюцца замаразкі да мінус 3 градусаў. Удзень будзе 10—16 цяпла.
А ў пятніцу пахаладае. З гэтага дня і да нядзелі ў нас таксама будзе без ападкаў. Уначы на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца замаразкі да мінус 5 градусаў, месцамі прагназуецца 1—5 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе 8—14 цяпла. Восень. Другі месяц, аднак.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[4] https://zviazda.by/be/tags/kastrychnik
[5] https://zviazda.by/be/tags/zamarazki