З 12 да 15 кастрычніка ў Мінску пройдзе XXV Беларускі энергетычны і экалагічны форум Energy Expo — 2021, удзел у якім возьме каля 200 арганізацый з 7 краін. Гэта вядучыя прадпрыемствы энергетычнай галіны і прамысловасці Беларусі, а таксама вядомыя сусветныя брэнды.
Па словах намесніка міністра энергетыкі Вольгі Пруднікавай, сёлета беларуская энергасістэма адзначае сваё 90-годдзе, таму гэты юбілейны форум будзе праведзены дастойна, каб ён быў цікавы для ўсіх удзельнікаў. «У час мерапрыемства мы абмяркуем стратэгічныя напрамкі развіцця энергетычнай сферы, важныя для жыхароў нашай краіны», — сказала Вольга Пруднікава.
Удзельнікі разгледзяць эканамічныя і экалагічныя аспекты ядзернай энергетыкі, перспектывы «зялёнай» эканомікі, павышэнне энергаэфектыўнасці і энергазберажэнне, магчымасці развіцця ў краіне электратранспарту. Размова таксама пойдзе пра лічбавізацыю паліўна-энергетычнага, вытворчага і нафтахімічнага комплексаў. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы інжынерных кадраў для паліўна-энергетычнай і іншых галін. У дні форуму пройдуць канферэнцыі, семінары, круглыя ??сталы, на якіх будуць прадстаўлены сучасныя тэхналагічныя рашэнні ў энергетыцы, нафтахіміі, энергазберажэнні і экалогіі.
«У паліўна-энергетычным балансе Беларусі адбываюцца істотныя змяненні ў сувязі з уводам у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС. Гэта змяненні структуры вытворчасці электраэнергіі на нашых крыніцах, а таксама структуры спажывання. Электраэнергія прыходзіць як першасны носьбіт для мэт ацяплення, гарачага водазабеспячэння. Працягвае развівацца электратранспарт, грамадскі, асабісты, а таксама каршэрынгі (самакаты, ровары). Гэта патрабуе ад нас развіцця інфраструктуры, нарматыўна-прававога рэгулявання, вырашэння пытанняў тарыфнай палітыкі», — адзначыла намеснік міністра энергетыкі.
Мінпрыроды традыцыйна ўдзельнічае ў форуме, і гэты год не стаў выключэннем. Паводле слоў намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Гарошкі, на калектыўнай экспазіцыі Мінпрыроды ключавымі стануць прэзентацыі тэхналогій у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання, аднаўляльнай энергетыкі, абыходжання з адходамі. Таксама міністэрства сёлета арганіоўвае навукова-практычную канферэнцыю на тэму «зялёнай» эканомікі. «Форум стане ўнікальнай пляцоўкай для дыскусіі па пытаннях удасканалення экалагічнай палітыкі», — падкрэсліў ён.
Намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Леанід Паляшчук дадаў: у час форуму пройдзе круглы стол на тэму павышэння энергаэфектыўнасці і комплекснага выкарыстання электраэнергіі для жыццезабеспячэння шматкватэрных жылых дамоў. «Рэалізацыя ўказа нумар 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў» пачалася даволі паспяхова, ідзе цеплавая мадэрнізацыя», — адзначыў ён.
Праграма форуму ўключае міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра», Oіl&Gas Technologіes, «Атамэкспа-Беларусь», «ЭкспаСвятло», «Водныя і паветраныя тэхналогіі», «ЭкспаГорад» і XXV Беларускі энергетычны і экалагічны форум.
У дні мерапрыемства пройдзе конкурс інавацыйных і стартап-праектаў Belarus Energy Award — 2021, будуць падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2021».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/belaes-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/energetychnaya-sfera
[4] https://zviazda.by/be/tags/efektyunasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekalagichny-forum
[6] https://zviazda.by/be/tags/energy-expo-2021