Начытаўшыся кніг па выхаванні дзяцей, з трывогай чакала наступлення пераходнага ўзросту ў сваіх. Старэйшай дачцэ — сямнаццаць. Зыходзячы з уласнага невялікага досведу зразумела, што, у прынцыпе, побач з падлеткам выжыць можна. Галоўнае, сачыць за тым, што гаворыш. А тут ужо як пашанцуе: сёння твае словы выклікалі буру смеху, а заўтра нешта падобнае справакуе ў падлетка абурэнне і прывядзе да грандыёзнага скандалу. Цяпер і сын Мішка зведаў гэты дзіўны падлеткавы стан. Я па-ранейшаму стараюся падтрымліваць з ім цёплыя і даверлівыя адносіны, але гэта ўсё роўна не выключае непаразуменняў і крыўды. Асабліва яго стала раздражняць маё «дзяўбенне» наконт яго абавязкаў, спраў, гурткоў і іншага. Таму я прыдумляю разнастайныя спосабы пазбегнуць гэтай сваёй бацькоўскай функцыі або, калі вельмі трэба, раблю тое неяк апасродкавана. Так было і тады, калі прыйшоў час басейна. Знарок пачала гучна нагадваць дзесяцігадовай дачцэ, што трэба браць з сабой на плаванне. Потым ненадакучліва спытала ў сына, ці ёсць у яго ўсё неабходнае для паходу на гурток. Сын знік у сваім пакоі і ўжо адтуль выгукнуў, што ўсё «норма».
Я адразу зразумела, што нешта не так, калі ён зайшоў у кватэру, не разуваючыся, пакрочыў да мяне ў пакой і сеў побач з гучным уздыхам.
— Мам, гэта такі жах... Сорам на тры іксы!
Я напружылася: калі справа датычыцца сораму і бясслаўя падлетка, трэба быць вельмі ўважлівымі, каб гэты «сорам» зрабіць не такім ужо страшным — у дадатак падтрымаць і суцешыць.
— Прыходжу ў басейн, а там на мой час дзве групы працуюць: для дарослых і падлеткаў, якія ўмеюць плаваць, і другая група — для дзяцей і падлеткаў, якія толькі вучацца. Я выдатна ўмею плаваць, тым больш не першы год займаюся, таму пайшоў у першую. Калі ўсе сабраліся, трэнер папрасіў здаць меддаведку і абанемент. А я... Я не ўзяў.
— Міш, ну такое бывае, любы можа забыцца...
— Мам, ну не на першы ж занятак! Яны ж мяне ніколі не бачылі! Я ім спрабаваў даказаць, што ты купіла абанемент, нават прапанаваў патэлефанаваць табе. Яны параіліся і вырашылі ўсё ж пусціць мяне. Кажуць, абувай пантофлі і ідзі ў раздзявальню...
— І?
— Мам, я пантофлі забыўся! Вахцёркі сталі вохкаць: як жа так, а што рабіць? Усе глядзяць на мяне. Гэта быў такі сорам. Сталі шукаць у пакінутых рэчах чужыя. Ружовыя, па памеры, не стаў абуваць, узяў нейкія гіганцкія і, як Маленькі Мук, паплёўся за ўсімі ў душ.
— Ну, бывае... Але ж усё добра скончылася: у басейн пусцілі, пантофлі знайшлі.
— Мам, у раздзявальні я зразумеў, што не ўзяў гумовую шапачку...
— Мішка! — усклікнула я, ледзь стрымліваючы смех. — Што ж ты тады ўзяў?
— Рушнік і плаўкі... Зрэшты, шапачку таксама трэнер даў, але падазрона спытаў, ці ўмею я плаваць. Ну, думаю, зараз я ўмомант аднаўлю сваю рэпутацыю «нармальнага». Скокнуў у ваду і... з жахам усведамляю, што я быццам бы рухаю рукамі і нагамі, але... не плыву! Гэта было больш падобна на бессэнсоўнае боўтанне...
Я набрала ў лёгкія пабольш паветра і моцна сціснула вусны. Сябе нельга было выдаць, бо мой смех мог закрануць самалюбства гэтага «цудоўнага птушаняці».
— Трэнер глядзеў, глядзеў, а потым кажа: мабыць над тэхнікай яшчэ трэба будзе папрацаваць...
— Ён зразумеў, што ты пасля доўгага перапынку, усім патрэбны час, каб асвоіцца.
— Магчыма... Але, ведаеш, мы апошняя група і нам дазваляюць плаваць даўжэй за ўсіх. Нашы ўсе ўжо павылазілі, засталіся толькі самыя ўстойлівыя. Я і яшчэ два хлапчукі. Думаю, вылезу самы апошні. Пакажу, які я... І тут трэнер падыходзіць да мяне і кажа: Міш, можа, табе холадна, вылазь ужо. Я, вядома, адмовіўся. Хоць разумеў, што ўжо злёгку змерз. Але праз пяць хвілін трэнер зноў падыходзіць і кажа, што яго турбуе колер маіх вуснаў, лепш вылазіць. Іду ў раздзявальню, гляджу ў люстэрка, а там сіні-сіні хлопчык, нейкі худы, дрыжыць, і шлёпанцы гэтыя гіганцкія...
Гэта было апошняй кропляй. Я зарагатала. Не магла ніяк супакоіцца.
— Прабач, сынок, але гэты «сорам» не на тры іксы, а на цэлых пяць...
Мішка засмяяўся. Вядома, потым была размова пра тое, што такі «сорам» часам здараецца ў жыцці і таму нядрэнна б ставіцца да падобнага вопыту з самаіроніяй. Казалі і пра тое, што можна зрабіць, каб пазбегнуць такіх канфузаў, аб тайм-менеджменце, напамінах у тэлефоне, уважлівасці... У выніку бацьку сын расказваў ужо смешную гісторыю пра «сорам» на пяць іксоў.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta