Пра лекавыя ўласцівасці мёду нам вядома з ранняга дзяцінства, таму што гэтыя нашы першыя лекі ад прастуды і кашлю. Вядомы старажытнагрэчаскі філосаф і «бацька медыцыны» Гіпакрат лічыў, што мёд увабраў у сябе столькі сіл ад прыроды, што здольны вылечыць чалавека «ад тысячы хвароб». Па легендзе поруч з месцам пахавання Гіпакрата пасяліліся дзікія пчолы, пра што даведаліся сучаснікі, і натоўпы паломнікаў накіраваліся ў Фесалійскую даліну за адменна гаючым мёдам.
Мёд – не толькі цудадзейныя лекі, смачны ласунак, ён таксама дапамагае захаваць жаночую прыгажосць і маладосць, таму даўно ўзяты красунямі на ўзбраенне: пажыўныя маскі для твару і цела, мядовыя абкручванні, мядовы масаж і інш. Здаўна мёд існуе ў касметыцы.
Гэта адна з нескладаных, але вельмі эфектыўных хатніх працэдур. Мядовая маска спрыяе падтрыманню свежасці і маладосці скуры, рэгулюе абменныя працэсы і водны баланс, паспяхова змагаецца са з'яўленнем маршчын. А ўсё таму, што мёд багаты такімі рэчывамі, як глюкоза, фруктоза, бялок, утрымвае асноўныя амінакіслоты і вітаміны, солі калію, натрыю, жалеза, фосфару, кальцыю і шэраг іншых важных мікраэлементаў. Мёд вядомы як прыродны антыбіётык, а значыць, здымае запаленчыя працэсы на скуры, выступае ў ролі антысептыка, загойваючы невялікія ранкі, вугрысты сып і прышчы. Мядовая маска – выдатная абарона ад уплыву такіх неспрыяльных знешніх фактараў, як дрэннае надвор'е і шкодная гарадская экалогія.
Для нармальнай скуры твару. Змяшайце 1 яечны бялок з ½ ч. л. міндальнага алею, 2 ст. л. аўсянай мукі і 1 ст. л. мёду. Злёгку ўзбіце, нанясіце на твар на 15-20 хвілін, потым здыміце маску ватным дыскам ці сурвэткай, змочанай у цёплай вадзе. Для завяршэння працэдуры карысна зрабіць халодны кампрэс ці працерці скуру кубікам лёду.
Для сухой скуры твару. Разамніце адну бульбіну, дадайце да яе 2 ст. л. малака, па 1 ст. л. аліўкавага алею і мёду, ампулу вітаміну Ё. Перамяшайце і атрыманую сумесь нанясіце на твар. Праз 15-20 хвілін маску змыйце халаднаватай вадой.
Для тлустай скуры твару. Узбіты яечны бялок змяшайце з 1 ст. л. мёду, 1 ст. л. соку лімона, 50 мл малака і дадайце вотруб'е для лепшага нанясення маскі. Нанясіце маску на твар на 15-20 хвілін, потым здыміце сурвэткай, змочанай у цёплай вадзе. Скуру карысна працерці рамонкавым настоем.
Для праблемнай скуры твару. Зварыце адвар з рамонка ў прапорцыі 1:10. Развядзіце 2 ст. л. мёду ў 50 мг цёплага адвару і наносьце раз на тыдзень на 20-25 хвілін на скуру, што пакутуе ад вугрыстага сыпу.
Маска для сухіх валасоў. Вазьміце 1 ч. л. мёду, 1 ст. л. густой смятаны, 2 зубкі часнаку. Згатуйце настой крапівы для апалосквання (50 г сухога лісця крапівы на 2 шклянкі кіпеню). Змяшайце ўсе інгрэдыенты, дробна здрабніўшы часнок. Нанясіце маску на валасы на 20-30 хвілін. Пасля мыцця валасоў цёплай вадой з шампунем апаласніце крапіўным настоем, які трэба папярэдне працадзіць.
Маска для саслабелых валасоў. Прапорцыі: на 1 ст. л. соку альясу бярэцца 1 ст. л. мёду. Усё старанна перамяшайце, нанясіце на валасы на 10 хвілін і змыйце цёплай вадой. Гэтую маску можна прыгатаваць і захоўваць у халадзільніку.
Маска пры выпадзенні валасоў. Склад: 1 ч. л. мёду, ½ ч. л. соку часнаку, 1 ч. л. густой тлустай смятаны, 1 ч. л. соку цыбулі, 4 кроплі алею лаванды. Кампаненты змяшайце і нанясіце маску на карані валасоў на паўгадзіны. Змыйце цёплай вадой з шампунем. Праводзьце працэдуру 1 раз на тыдзень.
Маска для тлустых валасоў. Вазьміце па 1 ст. л. мёду, лімоннага соку, соку альясу, здробненага часнаку. Змяшайце інгрэдыенты, нанясіце на тлустыя валасы, абгарніце харчовай плёнкай і ручніком. Трымайце паўгадзіны, потым змыйце цёплай вадой з шампунем. Для апалосквання рэкамендуецца згатаваць ваду з даданнем сухой гарчыцы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] http://zviazda.by/be/edition/alesya
[3] https://zviazda.by/be/tags/myod
[4] https://zviazda.by/be/tags/prygazhosc
[5] https://zviazda.by/be/tags/maski