Прагульваючыся ў гарадскім парку Маладзечна, цяпер час ад часу можна назіраць цікавае відовішча: купкі маладых людзей альбо падлеткаў з аркушыкамі ў руках нешта горача абмяркоўваюць, бягуць, спыняюцца перад нейкімі аб’ектамі з радаснымі выкрыкамі... Не дзівіцеся, бо калі даведаецеся, у чым справа, самім захочацца далучыцца.
Пра вельмі важныя для выхавання патрыятычныя рэчы можна расказваць дзецям і молдадзі нефармальна і захапляльна... Гэта чарговы раз пацвердзілі супрацоўнікі Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Багдановіча, якія ў межах праекта «Ідзі і глядзі» распрацавалі асаблівы квэст — «Былых гадоў жывая памяць». Ён карыстаецца вялікім попытам і ў школьнікаў, і ў студэнтаў, і ў людзей старэйшых...
— Квэст праводзіцца на тэрыторыі гарадскога парку «Перамога», — распавядае дырэктар бібліятэкі Марыя Стасяловіч. —Там вельмі шмат тэматычных помнікаў, і мы вырашылі з іх дапамогай пазнаёміць нашых чытачоў з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, з гісторыяй горада і роднай Беларусі. І, павінна сказаць, у нас амаль аншлаг. Праходзілі квэст навучэнцы Маладзечанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа імя І. В. Залуцкага і політэхнічнага каледжа, прадстаўнікі Маладзечанскай арганізацыі БРСМ, звяртаюцца да нас і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, і школы, прычым не толькі гарадскія, але і з раёна.
Гульцы атрымліваюць спіс заданняў і маршрутны ліст ды рухаюцца па пунктах. Гульня разлічана прыблізна на сорак хвілін. Трэба прайсці сем аб’ектаў. Квэст пачынаецца ад галоўнага ўвахода ў парк. Давядзецца пабываць у Алеі гарадоў, дзе праходзілі Дажынкі, у алеі Герояў Савецкага Саюза, жыццё і дзейнасць якіх звязаныя з Маладзечаншчынай, і нават успомніць, якія жывёліны дапамагалі савецкім войскам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны... Не абыходзіцца без тэмы знакамітага Маладзечанскага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Шукаць адказ на адно з заданняў давядзецца ў амфітэатры, дзе адбываліся важныя падзеі гэтага музычнага фэсту. Каб выканаць заданне, трэба не проста дабрацца да пэўнага аб’екта, але праявіць назіральнасць і кемнасць. У квэсце ёсць інтрыга, бо гэта камандная гульня — звычайна ўдзельнікі падзяляюцца на дзве каманды. Пераможцы атрымліваюць ад бібліятэкі дыпломы. Напрыклад, калі спаборнічалі навучэнцы політэхнічнага каледжа, каманда «Васількі» перамагла каманду «Кветкі» з перавагай у чатыры балы.
Каб далучыцца да гульні, трэба звярнуцца ў бібліятэку, умовы можна пачытаць на яе сайце і на сайце Маладзечанскага гарвыканкама.
Святлана ПЯТРОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna
[3] https://zviazda.by/be/tags/maladzechanskaya-bibliyateka
[4] https://zviazda.by/be/tags/kvest-bylyh-gadou-zhyvaya-pamyac