Днямі стала вядома, што афіцэры пагранічнага агенцтва ЕС (Frontex) зафіксавалі як мінімум 14 выпадкаў «групавога выціскання мігрантаў» з тэрыторыі Літвы. Пра гэта заявіла назіральнік Frontex па фундаментальных правах Катажына Венцэль, паведаміў літоўскі тэлеканал LRT. Прычым гаворка ідзе пра паведамленні «аб сур'ёзных інцыдэнтах», заявіла Катажына Венцэль. Паводле яе слоў, у справаздачах Frontex гаворыцца аб «практыцы калектыўных выцісканняў» мігрантаў з літоўскай тэрыторыі. «Афіцэры Frontex не маюць прамога дачынення да так званага перанакіравання людзей», — адзначыла яна.
Праваабарончыя арганізацыі ў ЕС прытрымліваюцца думкі, што выцісканне мігрантаў з пагранічнай тэрыторыі Літвы парушае палажэнні Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека. Улады Літвы пакуль не агучылі пэўнай інфармацыі ў сувязі са справаздачай Frontex. Так, кіраўнік літоўскай Службы аховы дзяржграніцы Рустамас Любаевас паведаміў, што Літва сумесна з Frontex праводзіць праверку некалькіх справаздач агенцтва, якія датычацца групавога выціскання мігрантаў, паведаміла Delfі. Міністр унутраных спраў Літвы Агнэ Білатайтэ паведаміла, што ёй не давялося азнаёміцца з прадстаўленай Frontex інфармацыяй, аднак яна лічыць, што службовыя асобы Літвы дзейнічаюць у адпаведнасці з прадугледжаным у нацыянальным праве парадкам.
Іншага пункту гледжання прытрымліваюцца эксперты сусветных агранізацый. Меры Літвы па ўрэгуляванні міграцыйнага крызісу парушаюць (!) нацыянальнае і міжнароднае права, заявіў прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара (УВКБ) ААН па справах бежанцаў у краінах Паўночнай Еўропы і Балтыі Хенрык М. Нордэнтофт. Аб гэтым паведаміў партал Baltnews.
У ААН адзначаюць, што вяртанне мігрантаў праз граніцу не толькі пагражае жыццю людзей, але і з'яўляецца незаконным. «Прыстанішча з'яўляецца адным з асноўных правоў чалавека. Мы заклікаем Літву выконваць свае міжнародныя абавязацельствы, даючы асобам, якія шукаюць прыстанішча, магчымасць атрымаць яго і забяспечваць адпаведныя ўмовы прыёму і эфектыўную працэдуру прадастаўлення прытулку», — заявіў Хенрык М. Нордэнтофт.
Асаблівую заклапочанасць міжнароднай супольнасці выклікаюць умовы, у якіх утрымліваюцца мігранты ў прыгранічных раёнах. Так, бежанцы часцяком пражываюць у закрытых і надзвычай густанаселеных раёнах без належных умоў. Некаторыя групы ўтрымліваліся такім чынам больш за тры месяцы, адзначыў прадстаўнік ААН. З набліжэннем зімы сітуацыя становіцца асабліва складанай.
І яшчэ адна, на мой погляд, адметная інфармацыя. Стала вядома, што Літва перакідвае бежанцаў з лагераў у іншыя краіны ЕС. Пра гэта БелТА паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. Міністэрства ўнутраных спраў Літвы 29 верасня афіцыйна заявіла аб тым, што больш за 700 нелегальных мігрантаў з пачатку 2021 года збегла з цэнтраў размяшчэння ў гэтай краіне. «Выдатна разумеючы, што Літва не з'яўляецца канчатковым пунктам прызначэння і мігранты імкнуцца ў больш багатыя краіны, такія як Германія, Аўстрыя і Бельгія, літоўскі бок імітуе ўцёкі. Іншымі словамі, спрыяе перакідцы мігрантаў ўглыб Еўрапейскага саюза, — распавялі ў ведамстве. — Масавыя ўцёкі немагчымыя з прычыны ўтрымання бежанцаў пад узмоцненай кругласутачнай узброенай аховай паліцыі і вайскоўцаў. У ахове выкарыстоўваюцца службовыя сабакі. Гэтыя так званыя лагеры абсталяваныя агароджамі, калючым дротам і тэхнічнымі сродкамі аховы. Такім чынам, мігранты не маюць магчымасці пакінуць тэрыторыю цэнтраў утрымання без іншага садзейнічання».
Імітацыя Літвой уцёкаў мігрантаў з лагераў — гэта шантаж такіх дзяржаў, як Германія, Францыя, Аўстрыя і іншых. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БелТА падзяліўся загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН, кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін. «Ім трэба паспець да рэферэндуму ў Беларусі разыграць чарговую геапалітычную карту супраць і Беларусі, і Саюзнай дзяржавы. У адваротным выпадку цяжка будзе растлумачыць сваёй грамадскасці з'яўленне трупаў ад холаду ў кватэрах і дамах і голаду ў сувязі са штучна створаным крызісам. Паводле папярэдніх даных, калі не зменіцца сітуацыя, амаль 80 мільёнаў грамадзян ЕС не проста пазамярзае, а некаторыя з іх могуць не выжыць. Напрыклад, у Вялікабрытаніі штогод ад холаду гіне каля 20 тысяч чалавек. Грамадзянам Беларусі, думаю, ёсць з чым параўнаць. Заходняя дэмакратыя ператварыла свае народы ў вязняў сумлення», — рэзюмаваў эксперт.
Ён таксама нагадаў, што 5 кастрычніка, зноў за 500 метраў ад граніцы з Літвой, быў знойдзены труп бежанца — грамадзяніна Шры-Ланкі. «На жаль, па CNN такое не пакажуць — гэта іншае. Узнікае пытанне да так званай дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці: колькі яшчэ трэба трупаў для разумення непазбежнага пакарання злачыннай улады Польшчы і Літвы? Няўжо не зразумела брусельскім чыноўнікам, што беспакаранасць і ўкрывальніцтва злачынстваў сваіх сатэлітаў паскарае развал, а разам з тым і пагаршае трагедыю для народаў Еўропы?
Ужо зразумела, што на гэтым трупы не закончацца. Польскія і літоўскія ўлады з падачы Вашынгтона вырашылі ісці да канца і ўкараніць тэхналогію па фізічным знішчэнні для сябе, як яны палічылі, лішніх людзей», — падкрэсліў Мікалай Шчокін.
Яшчэ адно меркаванне прагучала падчас Нобелеўскага тыдня. Еўропа павінна сустракаць мігрантаў са спачуваннем, а не з калючым дротам. Пра гэта ў інтэрв'ю Reuters заявіў пісьменнік Абдулразак Гурна, уганараваны Нобелеўскай прэміяй 2021 года па літаратуры. Паводле яго слоў, дзіўныя рашучасць і смеласць людзей, якія выпраўляюцца ў далёкае падарожжа, каб збегчы са сваіх краін для новага жыцця. «Вы павінны задаць пытанне: што такога жудаснага ў тым месцы, дзе яны знаходзяцца, што яны ідуць на такую рызыку?»— заўважыў пісьменнік. Ці пачуюць?
Пётр ДУНЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pyotr-dunko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/litva
[4] https://zviazda.by/be/tags/migranty
[5] https://zviazda.by/be/tags/frontex