У Польшчы сотні тысяч чалавек выйшлі на акцыі пратэсту супраць спрэчнага рашэння Канстытуцыйнага судa аб прыярытэце польскай Канстытуцыі перад заканадаўствам Еўрасаюза, паведаміла Deutsche Welle. Дэманстранты сабраліся на Замкавай плошчы. «Мы застаёмся!», «Мы — Еўропа!» — скандзіравалі яны, размахваючы сцягамі Польшчы і Еўрапейскага саюза. Акрамя таго, пратэсныя акцыі прайшлі ў Гданьску, Познані, Шчэціне, Кракаве і шэрагу іншых гарадоў. Канстытуцыйны суд Польшчы раней вынес рэзанансны вердыкт, палічыўшы, што асобныя палажэнні заканадаўства ЕС супярэчаць Асноўнаму закону краіны. Гэтае рашэнне не толькі распальвае маштабны канфлікт паміж Бруселем і Варшавай, але і ўносіць раскол у грамадства. Навошта Польшча кідае выклік Еўрасаюзу?
Былыя члены сацыялістычнага блока, на той момант найбольш бедныя краіны Еўропы — не толькі Польшча, але і Балгарыя, Венгрыя, Славакія, Румынія, Чэхія, а таксама краіны Балтыі, — увайшлі ў Еўрасаюз да другой паловы 2000-х. З уступленнем у ЕС была звязана маса надзей, пад еўрапейскія нормы актыўна перакройвалася нацыянальнае заканадаўства. Аднак за 15 гадоў членства ў ЕС выйсці на адзін узровень з Заходняй Еўропай гэтым краінам не ўдалося: і ў 2020-м, паводле даных Еўрастата, узровень ВУП на душу насельніцтва там застаецца найменшым у супольнасці. Невысокім застаецца і ўзровень жыцця, таму моладзь без віз з'язджае працаваць у тую ж Германію, а насельніцтва ўнутры краіны старэе. Прыход да ўлады еўраскептыкаў ці, прынамсі, кансерватараў-нацыяналістаў на гэтым фоне быў відавочны: у Венгрыі і Польшчы ён не прымусіў сябе чакаць, адзначыла ТАСС.
У Польшчы еўраскептыкі, тварам якіх можна назваць лідара і сузаснавальніка партыі «Права і справядлівасць» (PіS) Яраслава Качыньскага, змянілі еўрааптымістаў у 2015 годзе. Практычна адразу яны ініцыіравалі рэформу Канстытуцыйнага суда, запоўніўшы аднадумцамі частку вакансій у ім і ўзмацніўшы патрабаванні да прыняцця рашэнняў. Еўракамісія тады адразу запусціла працэдуру праверкі польскага заканадаўства патрабаванням вяршэнства права і ў выніку да канца 2017-га аб'явіла аб запуску санкцыйных працэдур у дачыненні да Варшавы, выкананне якіх пагражала пазбаўленнем права голасу ў Савеце ЕС. Непасрэдных наступстваў для Польшчы гэта, зрэшты, не пацягнула — усе рашэнні ў Еўрасаюзе павінны прымацца аднагалосна, а Венгрыя адразу заявіла, што накладзе вета на санкцыі супраць Варшавы.
Усё гэта дазволіла PіS разгарнуць судовую рэформу максімальна шырока: далей адбылося зніжэнне пенсійнага ўзросту суддзяў — і магчымасць замены на больш лаяльных юрыстаў значнай часткі судзейскага корпуса. Вянком жа рэформы, што выклікаў максімальнае раздражненне Бруселя, стала зацвярджэнне дысцыплінарнай адказнасці суддзяў за «цяжкасць функцыянавання судовай сістэмы» і палітычную актыўнасць.
Не дадавалі паразумення Бруселю і Варшаве і іншыя навацыі, праведзеныя Качыньскім праз сейм. Сярод іх — пераход да прызначэння кіраўнікоў дзяржаўных СМІ міністрам дзяржмаёмасці, аб'яднанне пасад генпракурора і кіраўніка Мінюста, пашырэнне паўнамоцтваў сілавых структур. З адносна нядаўніх — забарона абортаў нават пры прыроджаных паталогіях, якая выклікала працяглыя шматтысячныя пратэсты.
У выніку Варшава пачала папросту ігнараваць прэтэнзіі з боку Бруселя, заўважыла ТАСС. Адным з апошніх прыкладаў стала адмова Польшчы закрываць шахту «Тураў» каля чэшскай граніцы — адна з найбольш брудных вытворчасцяў у Еўропе, — нягледзячы на рашэнне Суда ЕС.
Рэзанансны вердыкт вышэйшай судовай інстанцыі краіны быў абнародаваны роўна тыдзень таму, а разглядалася справа па ініцыятыве прэм'ер-міністра Матэуша Маравецкага. Канстытуцыйны суд пастанавіў, што чатыры палажэнні Дагавора аб Еўрапейскім саюзе супярэчаць польскай Канстытуцыі і не павінны пераважаць над ёй.
У гэтых палажэннях гаворыцца пра павагу да чалавечай годнасці, свабоды, дэмакратыі, аб вяршэнстве права і роўнасці, а таксама аб юрысдыкцыі Еўрапейскага суда. На думку польскіх юрыстаў, гэтыя артыкулы дагавора ствараюць магчымасць таго, што еўрапейскія суды могуць адмяніць дзеянне польскай Канстытуцыі, у тым ліку калі ставяць пад сумнеў законнасць прызначэння суддзяў у краіне.
Звады вакол польскай судовай рэформы цягнуцца з 2017 года, калі кіруючая партыя «Права і справядлівасць» ініцыіравала абнаўленне судаводства. У Бруселі рэформу неаднаразова крытыкавалі, адзначалі, што яна вядзе да ўсталявання палітычнага кантролю над судамі і пазбаўлення грамадзян Польшчы, якія з'яўляюцца і грамадзянамі ЕС, права на незалежны судовы працэс. Суд Еўрапейскага саюза ў Люксембургу ў ліпені гэтага года пастанавіў, што справа, якую задумала Варшава, падрывае незалежнасць суддзяў і несумяшчальная з законамі ЕС.
Дзяржсакратар пры МЗС Францыі Клеман Бон назваў апошняе рашэнне польскага суда атакай на ЕС. «Польскія ўлады не паважаюць каштоўнасці і фундаментальныя правілы Саюза», — сказаў ён і прыгразіў Варшаве адмовай у выдзяленні сродкаў ЕС на аднаўленне нацыянальнай эканомікі пасля пандэміі. Францыя і Германія выпусцілі сумесную заяву, у якой нагадалі, што членства ў ЕС «крочыць поруч з поўным і безумоўным захаваннем агульных каштоўнасцяў і правілаў». Польшча з'яўляецца ключавым членам ЕС, усе ў аб'яднанні абавязаны выконваць гэтыя правілы, і такое абавязацельства носіць не маральны, а юрыдычны характар, падкрэслілі міністры замежных спраў дзвюх краін Жан-Іў Ле Дрыян і Хайка Маас. Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен выказала занепакоенасць рашэннем Канстытуцыйнага суда Польшчы.
Старшыня Еўрапарламента Давід Сасолі заявіў, што вердыкт польскага Канстытуцыйнага суда нельга пакідаць без наступстваў. Паводле слоў спікера кансерватыўнай Еўрапейскай народнай партыі (EVP) у Еўрапарламенце Жэрона Ленаерса, гэта «напад на ўвесь ЕС», а ўрад у Варшаве больш не можа карыстацца даверам. Фракцыя сацыялістаў у Еўрапарламенце таксама раскрытыкавала рашэнне польскага КС. «Чорны сцэнарый для Польшчы становіцца рэальнасцю», — заявілі там. Чытачы нямецкага выдання Der Spіegel палічылі, што адсутнасць Польшчы ў ЕС якасна не адаб'ецца на аб'яднанні.
Па даных Polіtіco, у Еўракамісіі два варыянты, як паўплываць на Варшаву. Першы — ініцыіраваць судовую працэдуру. Другі — прыпыніць фінансаванне па лініі ЕС. Перш за ўсё размова ідзе аб Фондзе аднаўлення і ўстойлівасці аб'ёмам у €750 млрд, які быў створаны для аднаўлення эканомік краін, што пацярпелі ад пандэміі. Польшча ўхваліла адпаведны план у пачатку мая, прэтэндуючы на 23 млрд у выглядзе грантаў ЕС і на больш 34 млрд у выглядзе крэдытаў. Першы транш аб'ёмам 13 % ад запаветнай сумы павінен быў паступіць у пачатку жніўня, але ЕС адклаў працэдуру разгляду заяўкі Варшавы. Еўракамісар па пытаннях эканомікі Паола Джэнтылоні патлумачыў затрымку якраз рознагалоссямі наконт вяршэнства права.
«Калі Брусель будзе стаяць на сваім і не выдзеліць гэтых сродкаў, здарыцца велізарны ўдар па іміджы «Права і справядлівасці», якая да гэтага часу пераконвала палякаў, што яна вядзе адносна ЕС жорсткую палітыку і ЕС саступае Варшаве. Да таго ж важкая частка выбаршчыкаў партыі ўлады — гэта так званы сацыяльны электарат, які «Права і справядлівасць» не пераканала галасаваць за сябе, а папросту купіла», — заўважыў «Бі-бі-сі» польскі палітолаг Антоні Дудэк.
«У нашай краіны ёсць толькі тры шляхі. Змяніць палажэнні дагавораў Еўрасаюза, што з'яўляецца фантазіяй; змяніць польскую Канстытуцыю, што сёння таксама нерэальна; ці проста пакінуць Еўрасаюз... Канстытуцыйны суд адкрыў нам шлях, скажу нават больш, шырока адчыніў для нас вароты да выхаду з Еўрасаюза і наклаў на ўладу прамое абавязацельства зрабіць крокі да выхаду з ЕС», — заўважыла выданню Onet.pl колішняя ўпаўнаважаная па правах чалавека прафесар Ева Лянтоўская.
Ініцыятарам цяперашняй маштабнай хвалі пратэстаў у Польшчы выступіў лідар апазіцыйнай ліберальнай партыі «Грамадзянская платформа», былы прэзідэнт Еўрасавета Дональд Туск. Ён заклікаў усіх, хто хоча абараніць еўрапейскую Польшчу, прыйсці на Замкавую плошчу ў Варшаве. На мітынгу Туск заявіў, што ўрад дамагаецца выхаду Польшчы з Еўрасаюза, каб «беспакарана парушаць правы грамадзян і прынцыпы дэмакратыі».
З Тускам рашуча не пагадзіўся фармальны ініцыятар судовых змяненняў. «Polexіt — гэта фэйк. Гэта шкодны міф», — напісаў у сваім Facebook Маравецкі, які з 2017 года ўзначальвае ўрад, сфарміраваны кансерватыўнай партыяй «Права і справядлівасць».
Паводле даных апытання польскага агенцтва сацыяльных даследаванняў SW Research, праведзенага для газеты Rzeczpospolіta, 62,2 працэнта рэспандэнтаў выступаюць за тое, каб Польшча засталася ў ЕС. Яшчэ 17 % жадаюць выхаду з аб'яднання, што з'яўляецца найбольшым значэннем за 17 гадоў — з моманту ўступлення краіны ў Еўрасаюз у 2004-м.
«Сітуацыя ў Польшчы падобная на амерыканскую, дзе грамадства і эліты ў значнай ступені падзеленыя», — адзначыла rbc.ru вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін РАН Ірына Кобрынская. Беларускі палітолаг Пётр Пятроўскі лічыць, што ў Польшчы адбываецца ўнутраны грамадзянскі раскол, які працягвае напампоўвацца. Такое меркаванне ён выказаў у эфіры «Альфа Радыё». Адпаведная сітуацыя, паводле слоў аналітыка, можа прывесці да глыбокага крызісу адносін Варшавы, унутранага палітычнага крызісу ў Польшчы.
Польскія назіральнікі пагаджаюцца, што ўлада ў асобе Яраслава Качыньскага, які фармальна займае пасаду віцэ-прэм'ера ва ўрадзе Маравецкага, але лічыцца самым уплывовым палітыкам краіны, наўрад ці пайшла б насуперак грамадскім настроям, якія відавочна схіляюцца да захавання Польшчай сяброўства ў ЕС. Адну з версій плана, які могуць рэалізоўваць польскія ўлады, у эфіры тэлеканала TVN24 распавёў колішні партнёр Качыньскага па кааліцыі, экс-віцэ-прэм'ер-міністр Яраслаў Говін. «Качыньскі думае не аб полэкзіце, а аб тым, каб перачакаць у надзеі на тое, што да ўлады ў еўрапейскіх краінах прыйдуць такія ж людзі, як і ён сам, што ў Італіі будзе кіраваць [былы віцэ-прэм'ер і міністр унутраных спраў Матэа] Сальвіні, што ў Францыі прэзідэнтам стане Марын Ле Пен, што ў Іспаніі да ўлады прыйдзе [ультраправая] партыя Vox. Гэта разлік Качыньскага. Але насамрэч ён прывядзе да самаізаляцыі і самамаргіналізацыі Польшчы», — перакананы Говін. Што ўласна і ідзе поўным ходам.
Пётр ДУНЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pyotr-dunko
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/tags/polshcha
[4] https://zviazda.by/be/tags/eurasayuz
[5] https://zviazda.by/be/tags/zakanadaustva