Мы павінны адстойваць раўнапраўнае супрацоўніцтва паміж краінамі Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Аб гэтым заявіў журналістам член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Дзік. Сёння ён прыняў удзел у пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Парламенцкай структуры Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, якое прайшло ў анлайн-фармаце, паведамляе [1] БелТА.
«Мы павінны адстойваць раўнапраўнае супрацоўніцтва паміж краінамі, якія ўваходзяць у Цэнтральна-Еўрапейскую ініцыятыву, перш за ўсё па палітычных пытаннях. На гэты момант таксама актуальна ўзаемадзеянне па пытаннях COVID-інфекцыі. Каб мы ад нашых партнёраў чулі не нейкія ноткі асуджэння, павучання, а карысныя, канструктыўныя прапановы, на якія мы з задавальненнем адгукнёмся», — сказаў Сяргей Дзік.
Роля Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы павінна быць больш эфектыўнай. «Пакуль яна не такая выразная. І незалежна ад прыналежнасці да розных палітычных блокаў мы павінны ўзаемадзейнічаць, каб эфектыўна вырашаць тыя праблемы, якія цяпер стаяць перад усім светам», — адзначыў парламентарый.
Паводле яго слоў, усім стала відавочна, што беларуская мадэль барацьбы з COVID-19 аказалася правільнай. «Сёння я азнаёміўся з данымі, і, напрыклад, у Еўропе першае месца па захваральнасці займае Літва, па смяротнасці — трэцяе. У Беларусі сітуацыя таксама няпростая, гэта падкрэсліваў і міністр аховы здароўя. Мы ўсеё гэта разумеем, але сітуацыя кіруемая дзякуючы той сістэме, якая была выбудавана раней і якая паказала сваю эфектыўнасць у барацьбе з COVID-19. Іншага выйсця з сітуацыі не існуе», — дадаў ён.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/deputat-my-pavinny-adstojvats-raunapraunae-supratsounitstva-pamizh-krainami-tsei-105384-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/krainy-cei
[3] https://zviazda.by/be/tags/deputat
[4] https://zviazda.by/be/tags/baracba-z-covid-19