Аб гэтым сведчаць даныя амерыканскага ўніверсітэта Джонса Хопкінса. Прычым ужо зарэгістравана звыш 4,8 мільёна памерлых ад наступстваў каранавіруса.
Сумнае лідарства ў ковід-статыстыцы захоўваюць ЗША, дзе выяўлена каля 45 мільёнаў інфіцыраваных COVІD-19. Колькасць смяротных вынікаў склала 724,3 тысячы. Другое месца займае Індыя, дзе захварэлі на ковід 34 мільёны чалавек. Колькасць памерлых ад наступстваў заражэння вірусам у краіне перавысіла 452 тысячы. На трэцім месцы — Бразілія, дзе за час пандэміі зарэгістравана 21,6 мільёна захварэлых, з іх памерлі звыш 603 тысяч чалавек.
У Францыі захварэла звыш 7,1 мільёна чалавек, Вялікабрытаніі — каля 8,5 мільёна, Расіі — каля 7,9 мільёна, Турцыі — 7,6 мільёна, Аргенціне — 5,2 мільёна, Іране — каля 5,8 мільёна, Калумбіі — 4,8 мільёна. Найвышэйшая колькасць памерлых пасля ЗША, Бразіліі і Індыі зарэгістравана ў Мексіцы — 284,3 тысячы чалавек, Расіі — каля 220 тысяч, Вялікабрытаніі — 138 тысяч.
Паводле звестак партала Worldometers, які спецыялізуецца на статыстыцы па найважнейшых сусветных падзеях, каэфіцыент смяротнасці на 1 млн чалавек насельніцтва планеты склаў на 18 кастрычніка 630,4. Найгоршая сітуацыя ў Бразіліі, дзе ў разліку на мільён жыхароў памерлі 2813 чалавек. У ЗША гэты паказчык склаў 2232 чалавекі, у Індыі — 324. Паведамляецца, што за час пандэміі ў свеце было размеркавана больш чым 6,6 мільярда доз вакцыны супраць каранавіруса.
Пры гэтым колькасць новых выпадкаў заражэння на ковід за тыдзень зменшылася на 7 працэнтаў. Пра гэта паведаміла ТАСС са спасылкай на Сусветную арганізацыю аховы здароўя (СААЗ). Адзначаецца, што за мінулыя 7 дзён у свеце больш за 2,8 мільёна чалавек захварэлі на COVІD-19, памерлі больш за 46 тысяч (колькасць лятальных выпадкаў на 10 % менш у параўнанні з папярэднім тыднем).
Асабліва істотнае зніжэнне ўзроўню інфіцыравання было зарэгістравана ў Афрыцы (на 32 працэнты) і Заходне-Ціхаакіянскім рэгіёне (на 26 працэнтаў). Еўропа — адзіны рэгіён, дзе хуткасць распаўсюджвання ковіду ў параўнанні з папярэднім тыднем узрасла (на 7 працэнтаў). Смяротнасць таксама павялічылася толькі ў Старым свеце (на 11 %). Аб самай вялікай колькасці тых, хто заразіўся за тыдзень, паведамілі ў СААЗ: ЗША (653 837). Далей ідуць Вялікабрытанія (249 699), Турцыя (205 266), Расія (188 829) і Індыя (139 572). Штамы каранавіруса «альфа», «бэта», «гама» і «дэльта», аднесеныя СААЗ да катэгорыі «варыянтаў, якія выклікаюць занепакоенасць», за мінулы тыдзень у цэлым не пашырылі сваё распаўсюджванне.
Літва лідзіруе ў Еўрасаюзе па захворванні на каранавірус у разліку 100 тысяч жыхароў і займае трэцяе месца па смяротнасці ад гэтага віруса, паведаміў Еўрапейскі цэнтр прафілактыкі і кантролю захворванняў, піша Delfі. На другім месцы ідзе Латвія, на трэцім — Эстонія. Ва Украіне смяротнасць ад каранавіруса за мінулы тыдзень узрасла на 22 працэнты. Чырвоны ўзровень эпідэмічнай небяспекі пачаў дзейнічаць у пяці абласцях краіны. Пра гэта заявіў міністр Кабміна Алег Нямчынаў, паведаміла «Укрінфарм». Як адзначыў палітык, па выніках пазачарговага пасяджэння Дзяржаўнай камісіі было прынята рашэнне ўстанавіць з 18 кастрычніка чырвоны ўзровень эпідэмічнай небяспекі распаўсюджвання COVІD-19 у Запарожскай, Адэскай, Данецкай і Днепрапятроўскай абласцях. Раней, 15 кастрычніка, у чырвоную зону эпіднебяспекі трапіла Херсонская вобласць. У Міністэрстве аховы здароўя Украіны не выключаюць пашырэння чырвонай зоны каранціну ў найбліжэйшы час.
Пашырэнне доступу насельніцтва планеты да тэсціравання на ковід, а таксама вакцынацыі, лячэння і забеспячэння сродкамі індывідуальнай аховы патрабуе інвестыцый у памеры $20—25 млрд. Аб гэтым заявіў генеральны дырэктар СААЗ Тэдрас Адханам Гебрэесус, выступаючы на ??сустрэчы міністраў фінансаў і кіраўнікоў цэнтральнымі банкамі Групы дваццаці. Ён нагадаў, што, паводле ацэнак МВФ, у выпадку працягу пандэміі ў тых жа маштабах «свет можа сутыкнуцца да 2026 года з эканамічнымі стратамі больш чым $5,3 трлн». «Пандэмія COVІD-19 прадэманстравала фундаментальную ісціну: лепш прадухіліць хваробу, чым яе лячыць», — рэзюмаваў гендырэктар.
Генеральны сакратар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш лічыць, што нераўнамернае размеркаванне вакцын ад каранавіруса ў свеце прыводзіць да з'яўлення яго новых штамаў. Пра гэта генеральны сакратар ААН напісаў у сваім «Tвітэры». Паводле яго слоў, «без скаардынаванага і роўнага падыходу не будзе ўстойлівага скарачэння колькасці выпадкаў інфіцыравання ні ў адной краіне».
Дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге лічыць, што пандэмія завершыцца ў 2022 годзе. Пра гэта ён заявіў у эфіры тэлеканала СТВ. «Я аптыміст, лічу, што ў наступным годзе мы выйдзем з пандэміі, але, вядома ж, каранавірус не скончыцца. І, магчыма, нам прыйдзецца з ім жыць. Але вы ведаеце, гэта як з грыпам. Ёсць вакцыны ад грыпу. Кожны год яны злёгку адаптуюцца пад новыя штамы, і людзі вакцынуюцца — і ўсё нармальна. Тут важна, каб мы вучыліся на мінулым. Важна вучыцца на сваіх памылках і здабываць нейкія ўрокі, каб пандэмія не паўтарылася», — заўважыў Ханс Клюге.
Ён адзначыў, што ў кожнай краіне ахова здароўя павінна адыграваць першачарговую ролю. «Калі не будзе аховы здароўя і здароўя, то не будзе ні эканомікі, ні бяспекі, ні сацыяльнага спакою. Трэба інвеставаць у ахову здароўя, — дадаў ён. — Усім медыцынскім работнікам і работнікам першай лініі ў Беларусі ад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя толькі адно можна сказаць — нізкі паклон».
Адметна, што арганізацыя ніколі не рэкамендавала ўвядзенне поўнага лакдаўну ў сувязі з пандэміяй, заявіў дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ. «Мы заўсёды выступалі за тое, што перамяшчэнне грамадзян, гандаль адыграюць вельмі важную ролю», — заўважыў Ханс Клюге. Па яго словах, СААЗ заўсёды выступала за такія меры, як вакцынацыя, выкарыстанне масак, фізічнае дыстанцыраванне. «Таксама больш дакладны кантроль пры перасячэнні межаў і больш інтэнсіўнае тэсціраванне на каранавірус, у тым ліку і з выяўленнем геному віруса, каб мы своечасова маглі заўважыць новыя штамы», — адзначыў эксперт.
Захар БУРАК
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[5] https://zviazda.by/be/tags/covid-19-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/zarazhenne
[7] https://zviazda.by/be/tags/kovid-statystyka
[8] https://zviazda.by/be/tags/pamerlyya