З 20 да 24 кастрычніка пройдзе кніжная выстаўка-кірмаш «Кніжная восень у сталіцы». Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з навінкамі беларускіх і расійскіх выдавецтваў, набыць кнігі са зніжкамі, а таксама трапіць на сустрэчы з любімымі пісьменнікамі.
— Узнікненне ідэі выстаўкі абумоўлена тым, што апытанні ўдзельнікаў Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу паказалі недахоп такіх мерапрыемстваў для выдавецкага свету. Бо навінкі, напрыклад, якія выходзяць вясной, да наступнай зімы становяцца ўжо састарэлымі, — адзначыў старшыня Савета арганізатараў кніжных выставак і кірмашоў дзяржаў — удзельніц СНД Дзмітрый Макараў. — Таму вось цяпер вырашылі апрабаваць пад гэтую справу новую пляцоўку гандлёвага цэнтра «Сталіца». Месца зручнае па размяшчэнні для наведвальнікаў. Упершыню ў нашай практыцы час работы выстаўкі будзе супадаць з рэжымам гандлёвага цэнтра, а значыць, наведвальнікаў чакаем у гэтыя пяць дзён з дзесяці раніцы і да дзесяці вечара. Экспазіцыя ў нас разбіта на тры зоны, дзе можна будзе знайсці і пры жаданні набыць кніжную прадукцыю беларускіх і расійскіх выдавецтваў. Адзінае — вялікая просьба да наведвальнікаў выконваць маскавы рэжым.
Кніжны асартымент арганізатары абяцаюць шырокі. У ліку выдавецтваў, якія плануюць удзел у «Кніжнай восені ў сталіцы», заяўлены «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Вышэйшая школа» і многія іншыя. Вядома, усе прадстаўнікі кнігавыдавецкай сферы рыхтуюцца да сустрэчы з аўдыторыяй. Некаторыя нават падрыхтавалі прапановы, якія могуць адбіцца фінансавай выгадай для будучых пакупнікоў.
— Запатрабаванасць у выстаўкі вялікая, бо на працягу года выходзяць новыя выданні, і кожнаму аўтару хочацца прэзентаваць свае кнігі і скарыстацца магчымасцямі новай пляцоўкі. У прыватнасці, Саюз пісьменнікаў будзе прэзентаваць новыя выданні і ладзіць шэраг цікавых сустрэч з майстрамі слова, — распавядае першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.
Алена ДРАПКО
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vystauka-kirmash
[4] https://zviazda.by/be/tags/knigi
[5] https://zviazda.by/be/tags/knizhnaya-vosen-u-stalicy
[6] https://zviazda.by/be/tags/vydavectvy
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-pismenniki