Да старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, культуры, навуцы і сацыяльным развіцці звярталіся больш па профілі, але і былі «не тэматычныя» пытанні.
Адразу скажам, што няпрофільных тэм у Савеце Рэспублікі не існуе: нават калі чалавек задае зусім не характэрнае для камісіі пытанне, яго перанакіруюць па неабходным адрасе, задзейнічаюць усіх зацікаўленых, возьмуць на абавязковы кантроль і праінфармуюць заяўніка аб зробленых кроках. І нязначных пытанняў таксама тут не бывае: калі нешта турбуе чалавека, і ён з гэтым прыходзіць (тэлефануе ці піша) у Савет Рэспублікі — рэакцыя заўсёды будзе! Гарантавана.
Вось і сёння пасля званка выхавацелькі дзіцячага садка аднаго з рэгіёнаў краіны, сенатар вырашыў высветліць усе абставіны пачутага па тэлефоне непасрэдна на месцы і не адкладаючы візіт надоўга — на наступным тыдні. Віктар Лісковіч разам з заяўніцай «пройдзецца» па спісе агучаных ёю прэтэнзій да кіраўніцтва садка: ад неналежнага вядзення ўліку працоўнага часу да несправядлівага размеркавання прэмій сярод супрацоўнікаў.
Званок жыхаркі Брэсцкага рэгіёна нагадаў аб самай актуальнай зараз праблеме — супрацьдзеянні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, у якой павінны быць задзейнічаны ўсе рэсурсы і сродкі. Тамара Мікалаеўна ўзначальвае прыватнае прадпрыемства па вырабе прадукцыі медыцынскага прызначэння, яна не так даўно звярталася ў Савет Рэспублікі з просьбай аб паскарэнні ў афармленні неабходнай дакументацыі. Зараз ж патэлефанавала старшыні профільнай камісіі, каб расказаць аб зробленых кроках і ўдакладніць алгарытм далейшых дзеянняў.
Як запэўнілі сенатара ў Міністэрстве аховы здароўя, працэс рэгістрацыі ідзе згодна з планам і хутка заяўніца будзе мець усе прававыя падставы для заключэння адпаведных дагавораў з установамі аховы здароўя на закупку яе прадукцыі.
— Плануецца выпуск у Брэсцкім рэгіёне медыцынскіх масак, — патлумачыў журналістам сутнасць звароту Віктар Лісковіч. — Прадпрыемства ўжо атрымала дазвол у Цэнтры медыцынскіх экспертыз і ў хуткім часе будзе мець увесь пакет дакументаў, які дазволіць выпускаць медыцынскія маскі высокай якасці і задаволіць попыт на рынку.
Пенсіянер з Кобрына ўзняў асабістае пытанне, якое, як лічыць, можа быць цікавым і для другіх пенсіянераў і тых, хто хутка наблізіцца да гэтага статусу. Уладзімір Львовіч перакананы, што дзеючая сістэма прызначэння пенсійных выплат па ўзросце мае хібы:
— Прапаную вярнуцца да разліку пенсій без вызначэння ніжняга парога іх налічэння, якім з’яўляецца 1984 год, — кажа ён.
Сенатар запэўніў заяўніка, што яго прапановы будуць адрасаваны ўраду, а сам ён атрымае вычарпальны адказ у вызначаныя законам тэрміны.
— Нягледзячы на тое што зараз у краіне складанае эпідэмічнае становішча, работа са зваротамі грамадзян у Савеце Рэспублікі не спыняецца: людзі могуць даслаць пісьмовы ці электронны зварот, замест асабістага прыёму грамадзян выкарыстоўваем прамыя тэлефонныя лініі, што не пагаршае якасць работы, — патлумачыў Віктар Лісковіч.
Ён адзначыў, што ўзнятыя сёння пытанні стануць нагодай для таго, каб сумесна з зацікаўленымі ведамствамі разабрацца ў іх з выездам на месца:
— Разгледзім, пераканаемся, наколькі яны носяць сістэмны характар, наколькі ўласцівы іншым установам, і ў залежнасці ад убачанага, будуць фарміравацца далейшыя дзеянні, магчыма, у тым ліку, і ў заканадаўчым плане, — акцэнтуе ўвагу старшыня профільнай камісіі. — Самае галоўнае, каб заяўнікі разумелі, што мы можам вырашаць пытанні ў межах дзеючага заканадаўства, але ў той жа час, калі мы будзем бачыць, што заканадаўства ўжо адстае ад сучаснага жыцця, канешне ж, будзем своечасова рэагаваць на звароты і ўносіць прапановы па карэкціроўцы ў заканадаўчыя акты, якімі рэгламентуецца жыццё кожнага ў нашай краіне.
Зварот па няякасным капітальным рамонце шматкватэрнага дома ў Слонімскім рэгіёне знаходзіцца пад пільнай увагай сенатара. Перад тым як заказчыкі паставяць кропку ў гэтай справе, Віктар Лісковіч выедзе на месца, каб пераканацца на ўласныя вочы, што справаздача ёсць не толькі на паперы.
Сутнасць справы ў тым, што ў Савет Рэспублікі звярнуліся жыхары аднаго з шматкватэрных дамоў з нараканнямі на якасць праведзенага капітальнага рамонту іх жытла. Віктар Лісковіч выехаў тады на месца і разам са спецыяльна створанай камісіяй убачыў, што прэтэнзіі людзей не надуманыя. Тады выканаўца работ запэўніў сенатара, што неабходныя работы на аб’екце будуць даведзены да лагічнага завяршэння ў некалькі этапаў.
— Зараз работы на аб’екце вядуцца актыўна і ў лістападзе, як запэўніваюць заказчыкі, ён будзе здадзены, — расказаў сенатар. — Папярэдне ў канцы кастрычніка мы плануем зноў выехаць на месца і паглядзець, як вядуцца работы, ці ўсё адпавядае графіку.
Ён падкрэсліў, гэта робіцца для таго, каб мець упэўненасць, што пытанне, узнятае жыхарамі, будзе вырашана станоўча.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktar-liskovich
[5] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki
[6] https://zviazda.by/be/tags/pramaya-liniya