Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час наведвання Мінскай абласной клінічнай бальніцы наведаў чырвоную зону, дзе знаходзяцца на лячэнні пацыенты з COVID-19, перадае [1] БелТА.
У папярэднія хвалі захваральнасці на каранавірус Аляксандр Лукашэнка ўжо неаднаразова наведваў медустановы, дзе лечаць пацыентаў з каранавірусам, у тым ліку і чырвоныя зоны.
Да гэтага яму падрабязна далажылі аб рабоце бальніцы ў гэтым напрамку — колькасці пацыентаў, наяўнасці неабходнага абсталявання, лякарстваў і кіслароду.
Абласная клініка ў ліпені 2020 года пачала аказваць дапамогу пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй. За студзень — верасень тут пралечана больш за тысячу чалавек. Для хворых на каранавірус у бальніцы вылучана 220 ложкаў.
Інфекцыйныя аддзяленні разгорнуты на базе рэўматалагічнага, пульманалагічнага, неўралагічнага, нефралагічнага, кардыялагічнага і хірургічнага аддзяленняў. Акрамя таго, у клініцы вылучаны 22 рэанімацыйныя ложкі для COVID-хворых на базе аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі.
Паводле даных на 19 кастрычніка, у інфекцыйных аддзяленнях бальніцы на лячэнні знаходзяцца 203 пацыенты, з іх 21 чалавек у цяжкім стане, на ШВЛ — 11 пацыентаў.
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/president/view/lukashenka-znou-navedau-chyrvonuju-zonu-u-kavid-addzjalenni-balnitsy-105549-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zona-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus