Аддзяленне паштовай сувязі «Петрыкаў-2» абслугоўвае ўсіх жыхароў палескага горада. А гэта больш за 10 000 чалавек. У ліку паслуг — прыём плацяжоў, афармленне страховак, правядзенне падпіскі на перыядычныя выданні, рэалізацыя тавараў паўсядзённага попыту і іншае. Хутка з'явіцца і такая паслуга, як «мабільны паштальён», якая дае магчымасць ажыццяўляць плацяжы дома ў кліентаў у рэжыме рэальнага часу.
Па словах начальніка АПС Алены Юркавец, у аддзяленні створаны ўсе ўмовы як для наведвальнікаў, так і для супрацоўнікаў. Напрыклад, да паслуг кліентаў, якія наведваюць пошту з дзецьмі, створаны дзіцячы куток, дзе маленькія могуць пагуляць ці памаляваць, пакуль іх бацькі чакаюць у чарзе. Для работнікаў аддзялення абсталяваны пакой адпачынку, які з'явіўся тут пасля правядзення капітальнага рамонту будынка пошты.
— У штаце нашага аддзялення працуюць сем паштальёнаў — своеасаблівы сплаў моладасці і вопыту, — адзначыла Алена Георгіеўна. — Толькі двое з іх — жанчыны ў сталым узросце, а астатнія — моладзь. Прыемна, што працаваць да нас прыходзяць не толькі дзяўчаты, але і хлопцы. Напрыклад, Руслан Цімошын прыйшоў у аддзяленне адразу пасля заканчэння школы. Працягнуў сямейную традыцыю, бо раней на пошце працавала яго маці. Эдуард
Сарнацкі па ўзросце старэйшы за Руслана. Ён ужо працаваў тут раней, але потым вярнуўся ў наш калектыў і вельмі гэтым задаволены.
Маладых супрацоўніц — сясцёр Ніну і Марыю Перарэжак — кліенты, асабліва пажылыя, вельмі паважаюць і любяць. Дзяўчаты стварылі асабістую кліенцкую базу і перад кожным выхадам на ўчасткі тэлефануюць людзям і пытаюцца, што неабходна прынесці. А увогуле наш калектыў вельмі дружны, усе працуюць добрасумленна і адказна, — падкрэсліла начальнік АПС.
Сяргей РУЧАНАЎ
Фота Алены ДАЎЖОНАК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-ruchanau
[2] https://zviazda.by/be/author/alena-dauzhanok
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/poshta
[5] https://zviazda.by/be/tags/belposhta-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/petrykau-2
[7] https://zviazda.by/be/tags/mabilny-pashtalyon
[8] https://zviazda.by/be/tags/aps