Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле? Ці можна прышчапляцца адразу пасля таго, як перахварэў? На якім тэрміне можна вакцынавацца цяжарнай жанчыне? Чаму ў Беларусі невысокія тэмпы вакцынацыі? Ці варта чакаць у нас замежныя вакцыны заходніх вытворцаў? Як далей будзе развівацца пандэмія? На гэтыя і іншыя пытанні пра каранавірусную інфекцыю адказалі медыкі і эпідэміёлагі падчас вэбінара «СМІ супраць COVІD-19», арганізаванага міністэрствамі аховы здароўя і інфармацыі на базе прэс-цэнтра Дома прэсы. У якасці экспертаў выступілі намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская, загадчык лабараторыі грыпу і грыпападобных захворванняў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Шмялёва, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый БелМАПА, дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук Юрый Горбіч, галоўны ўрач 6-й гарадской клінічнай бальніцы Ігар Юркевіч, галоўны ўрач 39-й гарадской клінічнай паліклінікі Вольга Ясманчык.
— Праз які час трэба рабіць рэвакцынацыю і ці неабходна яна? Якой вакцынай прышчапляцца паўторна?
І. Глінская: — Праз шэсць месяцаў пасля заканчэння поўнага курса вакцынацыі, гэта значыць, праз паўгода пасля другой прышчэпкі можна ўводзіць бустэрную дозу. Аднак пакуль доказная база такая: яна прызначана для асоб са зніжаным імунітэтам. Гэта пацыены, якія прымаюць адпаведныя прэпараты, ці тыя, у каго імунітэт аслаблены з-за пэўных хвароб. Звестак пра тое, што ўсім неабходна бустэрная доза, пакуль няма. Калі першапачаткова вакцынаваліся «Спадарожнікам V», то рэвакцынацыю праводзяць вакцынамі «Спадарожнік Лайт» ці кітайскай Vero Cell, прынцыповых адрозненняў няма.
— Калі можна будзе прышчапляць дзяцей?
І. Глінская: — Даследаванні ў дачыненні да дзяцей праводзяцца ў Расіі. Калі яны будуць завершаны, мы разгледзім вакцынацыю ў нашай краіне — не дзяцей, а перш за ўсё падлеткаў.
— Як тады абараніць дзяцей?
І. Глінская: — Спецыфічнай прафілактыкі няма. Найперш з дапамогай вакцынацыі дарослых, каб у дзіцяці не было шанцаў захварэць дома. Па рашэнні бацькоў дзеці могуць насіць маскі. Можна абмежаваць наведванне месцаў масавага збірання, навучыць дзіця мерам сацыяльнага дыстанцыравання, як выкарыстоўваць маску, апрацоўваць рукі.
— У Расіі спартыўныя і выставачныя манежы пераабсталёўваць пад шпіталі для інфіцыраваных COVІD-19. Чаму такой практыкі няма ў Беларусі?
Ю. Горбіч: — У Расіі былі гарады, дзе не хапала ложкаў у стацыянарах. Нам пакуль іх хапае. І нават калі ўявіць, што мы знойдзем медыцынскае абсталяванне, ложкі і іншае для такіх манежаў, то хто будзе там працаваць? Пакуль у нашых бальніцах месцаў дастаткова. Але на перспектыву мы маем на ўвазе і такі варыянт.
— Клінічныя выпрабаванні расійскай вакцыны «Спадарожнік V» вядуцца дагэтуль. Ці бяспечна ёй прышчапляцца?
Н. Шмялёва: — Эфектыўнасць гэтай вакцыны неаднаразова пацверджана. Вынікі першай, другой і трэцяй фазы даследаванняў апублікаваныя ў вядучых навуковых часопісах свету. Вакцына зарэгістравана і выкарыстоўваецца ў 70 краінах, дзе жыве больш за чатыры мільярды насельніцтва. Гэта ўсё ж пра многае сведчыць.
— Дзе знайсці інфармацыю пра «Спадарожнік V»?
І Глінская: — У адкрытым доступе. Усе ахвотныя, хто ўмее карыстацца інтэрнэтам, без праблем яе знойдуць.
— Тэмпы вакцынацыі ў Беларусі невысокія. З чым гэта звязана?
І. Юркевіч: — З тым, што многія беларусы занялі чакальную пазіцыю. Прыклад з нашай клінікі. Маці знаходзіцца ў аддзяленні рэанімацыі на апараце штучнага дыхання. Я з дачкой абмяркоўваю тактыку лячэння, пасля пытаю: «Ну вы ж, канешне, прышчапіліся?» Адказвае: «Я лічу вакцыну малавывучанай, я пакуль паназіраю»... Тыповыя адказы многіх нашых пацыентаў: «не паспеў», «збіраўся». Агульнае ўражанне, што гэта характэрная для славян чакальная пазіцыя: пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца.
Ю. Горбіч: — Большасць насельніцтва баіцца ўсяго новага. І цяпер тыя, хто хварэў раней, зноў хварэюць у вялікай колькасці. Яны павінны быць вакцынаваны. Тое, што мы цяпер бачым у стацыянарах, — таптанне на граблях. Прыкра, што наша насельніцтва лічыць, быццам добра разбіраецца ў медыцыне.
— Ці можна, перанесшы каранавірус, адразу прышчапляцца?
Н. Шмялёва: — Няма строгіх супрацьпаказанняў да вакцынацыі тым, хто перахварэў. Таму адразу пасля таго, як паправіліся, можна прышчапляцца. Натуральны імунітэт і вакцынацыя забяспечваюць больш надзейную ахову. Паводле іншых рэкамендацый, можна ўстрымацца ад прышчэпкі на працягу трох месяцаў — для роўнага доступу да вакцын.
— Як вы ставіцеся да заклікаў вакцынавацца ў пік захваральнасці?
Ю. Горбіч: — Ніхто не ведае, калі захварэе. Можна інфіцыравацца, і калі сыдзе хваля захваральнасці. А для выпрацоўкі імунітэту пасля другой прышчэпкі патрэбна два тыдні. Вакцынацыя рэкамендавана ўсім людзям, у якіх няма супрацьпаказанняў. Сярод тых, хто знаходзіцца ў рэанімацыі, амаль няма вакцынаваных — 0,2—05 %. Прышчэпкі — самы бяспечны і эфектыўны сродак прафілактыкі.
— Колькі часу мы павінны будзем вакцынавацца?
Ю. Горбіч: — На які час спатрэбіцца масавая рэвакцынацыя, не вядома. У свеце няма адказу на гэта пытанне.
— Як пандэмія будзе развівацца далей?
І. Юркевіч: — Занадта многа фактараў, якія на яе ўплываюць, таму спрагназаваць гэта немагчыма. Калі дасягнём узроўню вакцынацыі ў 90 % і вірус не будзе муціраваць, магчыма, яна скончыцца.
Ю. Горбіч: — Гэта часткова пацвяржае вопыт Ізраіля, дзе шмат вакцынаваных, і хоць яны і хварэюць, але смяротнасць знізілася ў 30 разоў.
— Ці праўда, што прышчэпка ад грыпу дазваляе лягчэй перанесці каранавірус?
І. Глінская: — Вакцына ад грыпу абараняе ад грыпу. Мы мяркуем, што грып будзе цыркуляваць у гэтым сезоне, таму мэтазгодна прышчапляцца і ад яго. Ад цяжкага ходу каранавіруса абараняе прышчэпка ад каранавіруса. Кожная вакцына абараняе ад той інфекцыі, супраць якой яна прызначана.
— На якім тэрміне можна вакцынавацца цяжарным?
Ю. Горбіч: — На любым. У цяперашні час цяжарнасць з'яўляецца фактарам рызыкі, які ўскладняе COVІD-19 аж да летальнага зыходу. І карысць ад вакцынацыі перавышае патэнцыяльныя рызыкі. Чаму лічылася, што цяжарных вакцынаваць не трэба? Бо на цяжарных даследаванні не праводзяцца ў прынцыпе. Яны магчымыя толькі ў двух выпадках: калі жанчына хавае ад урача сваю цяжарнасць ці не ведае, што цяжарная.
— Якімі вакцынамі, акрамя расійскай і кітайскай, можна прышчапіцца ў Беларусі?
І Глінская: — Толькі названымі — «Спадарожнік V», «Спадарожнік Лайт» і кітайскай «Vero Cell». Цяпер вядуцца перагаворы, каб у нашу краіну паступілі вакцыны іншых вытворцаў. Самая лепшая вакцына — тая, якая ўведзена своечасова, каб арганізм паспеў выпрацаваць імунітэт. Можна і пачакаць, але ці здолее такі чалавек не захварэць?
— Колькі часу чалавек можа знаходзіцца на апараце ШВЛ?
І. Юркевіч: — Канкрэтных тэрмінаў няма. Ёсць выпадкі, калі і 4-5 месяцаў пацыенты знаходзіліся на дыхальным апараце. Пасля яшчэ каля года аднаўляліся. Таму курс вакцынацыі і 1,5 года лячэння і аднаўлення несупастаўляльныя.
Ю. Горбіч: — Удакладню, што рашэнне аб адключэнні ад апарата ШВЛ можа прыняць толькі рэаніматолаг. Пра пяць месяцаў мой калега не жартаваў, але ёсць і станоўчыя прыклады, калі пацыенты «злазілі» з ШВЛ праз суткі пасля падключэння, бо прайшлі крытычны перыяд. Апарат ШВЛ — гэта не прыгавор, але і не сродак лячэння. Гэта магчымасць даць арганізму час, каб ён паправіўся.
— Як змяніліся сімптомы каранавіруса ў сувязі з распаўсюджаннем штама «дэльта»?
Н. Шмялёва: — Калі ў першую хвалю адзін хворы мог заразіць у сярэднім 2-3 чалавекі, то цяпер — ад 5 да 9. Таму неабходна стварэнне імуннай праслойкі, прычым у кароткі тэрмін. Нярэдкія і выпадкі паўторнага інфіцыравання, бо імунітэт няўстойлівы і згасае. Таму цалкам верагодна, што ад штама «дэльта» будзем прышчапляцца паўторна.
І. Юркевіч: — Цяпер захворванне адрозніваецца больш агрэсіўным ходам, больш кароткімі сталі яго стадыі. Калі раней чалавек захворваў паступова, то цяпер 5-6 дзён дастаткова для дасягнення вельмі цяжкага стану. Змяніліся ўзроставыя граніцы: больш хварэе цяжарных жанчын, дзяцей і моладзі. З сімптомаў варта звяртаць увагу на слабасць і высокую тэмпературу і такія аб'ектыўныя паказчыкі, як сатурацыя і артэрыяльны ціск.
Ю. Горбіч: — Калі раней пры страце нюху можна было 100 % падазраваць ковід, то цяпер добра, калі ў паловы хворых на яго ёсць такі сімптом. Таму цяпер любое ВРВІ — гэта COVІD-19, калі не даказана адваротнае.
— Ці распаўсюджвае вакцынаваны чалавек, які захварэў, каранавірус?
Ю. Горбіч: — Так, нягледзячы на тое, што такія людзі хварэюць бессімптомна ці няцяжка. Таму ўсім варта насіць маскі. Але бонус вакцынаванага — верагоднасць у яго цяжкага ходу хваробы і смерці зніжана ў дзясяткі і сотні разоў.
Захварэць ад самой вакцыны немагчыма нават тэарэтычна. Але некаторыя вакцынаваныя захворваюць у першыя два-тры тыдні пасля прышчэпкі. Звязана гэта з «эфектам бясстрашша»: «Я прышчапіўся, таму абаронены, і нарэшце мне можна ўсё: наведваць кінатэатр і спартыўную залу, ездзіць у транспарце без маскі». З-за грэбавання мерамі бяспекі такія людзі і хварэюць, хоць і няцяжка.
— Ці трэба перад прышчэпкай рабіць аналіз на антыцелы? Адразу пасля хваробы іх узровень у мяне вельмі нізкі...
Ю. Горбіч: — Адсутнасць антыцелаў не сведчыць, абаронены чалавек ці не. Гэта толькі частка імунітэту. Як вядома, так званы клетачны імунітэт антыцеламі не вызначаецца. На самай справе, калі вы перахварэлі, узровень антыцелаў павінен упасці. Калі мы сустракаемся з узбуджальнікам, ён узлятае. Але арганізм не можа трымаць на высокім узроўні цітры абсалютна ўсіх антыцелаў. Арыентавацца на іх пры вакцынацыі не рэкамендуецца.
— Як вызначаюць, што чалавек паправіўся, калі ён лячыўся дома? Ніякіх жа аналізаў не робіцца...
В. Ясманчык: — Нельга сказаць, што ніякіх аналізаў не робіцца. З бессімптомнай формай на бальнічным пацыент знаходзіцца 7-8 сутак. Калі маюцца сімптомы, працягваецца дынамічнае назіранне і лячэнне. Робіцца агульны і біяхімічны аналіз крыві, КТ органаў грудной клеткі, пры неабходнасці іншыя дыягнастычныя абследаванні.
— А якія абследаванні робяцца перад вакцынацыяй?
В. Ясманчык: — Урач выконвае збор анамнезу, у тым ліку лекавага, каб вызначыць, ці ёсць у пацыента схільнасць да алергічных рэакцый, вызначае хранічныя захворванні. Вымярае тэмпературу, сатурацыю, артэрыяльны ціск. На аснове гэтай інфармацыі прымаецца рашэнне аб магчымасці прышчэпкі і выбары вакцыны. Пасля 30 хвілін пацыент мусіць заставацца каля прышчэпкавага кабінета для кантролю за пабочнымі рэакцыямі.
— Што з'яўляецца супрацьпаказаннем для вакцынацыі?
Ю. Горбіч: — Дакладнае асноўнае супрацьпаказанне — анафілактычная рэакцыя на першую дозу вакцыны. Многія шукаюць апраўданні не рабіць прышчэпку, маўляў, у мяне хранічнае захворванне. Іх наяўнасць — паказанне да вакцынацыі, бо ёсць рызыкі, што каранавірусная інфекцыя будзе праходзіць цяжэй. Цяпер мы маем вялікі досвед вакцынацыі людзей з рознымі хранічнымі захворваннямі. Так, імунітэт будзе менш інтэнсіўны, але ён выпрацуецца і пры сустрэчы з узбуджальнікам сваю ролю адыграе. Важна абмеркаваць гэта з вашым урачом.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/pryshchepka-ad-covid
[5] https://zviazda.by/be/tags/covid-19-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/rnpc
[7] https://zviazda.by/be/tags/volga-yasmanchyk
[8] https://zviazda.by/be/tags/dom-presy
[9] https://zviazda.by/be/tags/vakcynacyya