Пахаладала, і ковід зноў стаў навіной нумар адзін у сродках масавай інфармацыі, на навінавых парталах і адной з абавязковых тэм у любой размове. З раніцы сучасны гараджанін звыкла ўдакладняе ў інтэрнэце інфармацыю аб узроўні захворвання ў сваёй краіне і новых штамах каранавіруса адразу пасля таго, як даведваецца аб надвор'і на сёння. Наяўнасць маскі, выходзячы з дома, мы цяпер правяраем разам з тым, ці не забыліся на ключы і мабільны тэлефон. Як гэта ўплывае на наша светаўспрыманне?
Эпідэміёлагі не стамляюцца паўтараць аб важнасці выкарыстання індывідуальных сродкаў аховы ў месцах масавага збору людзей. Але калі часова абстрагавацца ад эпідэміялагічнага аспекту і зірнуць на маскі як на частку нашай штодзённасці, медыкі і псіхолагі кажуць як пра плюсы, так і пра мінусы неабходнасці хаваць палову твару. Галоўным плюсам рэгулярнага нашэння масак лор-урачы называюць фарміраванне звычкі дыхаць носам. Ротавае дыханне правакуе рост захворванняў на пнеўманіі (у тым ліку не звязанымі з ковідам): пры дыханні праз рот у лёгкія трапляюць пыл, вялікая колькасць вірусаў і бактэрый, насавое ж дыханне фільтруе паветра, і яно ўваходзіць у лёгкія больш чыстым.
Нарколагі плюсам называюць досыць частую адмову ад курэння як вынік нашэння масак (пах тытунёвага «перагару», пасяляючыся ў «анучы» на твары, адчуваецца самім курцом востра і непрыемна). А псіхолагі кажуць аб больш рацыянальным выкарыстанні працоўнага часу (людзі ў масках менш адцягваюцца на староннія размовы і флірт). Ну, а галоўны мінус неабходнасці закрываць твар — псіхалагічнае дыстанцыраванне людзей як вынік фізічнага вытрымлівання сацыяльнай дыстанцыі.
Мода, як неад'емная частка жыцця, гнутка зрэагавала на «выклікі часу». Маскі сталі ўрадлівай глебай для моднага крэатыву. На подыумах сродкі індывідуальнай аховы ў апошнія гады ператварыліся ў паўнавартасны аксесуар, спосаб прыцягнуць увагу, расставіць акцэнты і падкрэсліць прыгажосць вачэй. Практычна на ўсіх тыднях моды апошніх гадоў, як і ў хроніках стрытстайла, ахоўныя маскі сталі галоўнымі героямі. Так, Fendі выпусціў калекцыю брэндзіраваных масак, кожная з якіх каштуе 190 долараў. Модныя аглядальнікі пішуць, што калекцыя разляцелася як гарачыя піражкі, а «зоркі», што набылі аксесуар, адзначаюць, што здароўе не купіш, а таму трэба сябе абараняць. Marіne Serre, чые ўборы выбіраюць Беёнсэ і Кейт Бланшэт, упрыгожыла ўласную калекцыю масак прынтам «гусіная лапка» і сваёй фірмовай выявай месяца. Дызайн масак распрацаваў і знакаміты брэнд Chanel, як і спецыяльную падарункавую ўпакоўку для іх. Уласнае бачанне маскі прапануюць сёння не толькі модныя дамы, але і музеі. Што ні кажы, гэта — выдатная магчымасць несці мастацтва ў масы. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі не застаўся ўбаку ад сусветнай тэндэнцыі і выпусціў калекцыю ахоўных масак з фрагментамі карцін канца XІX — пачатку XX стагоддзяў. У калекцыю ўвайшло пяць масак, на якіх можна пазнаць кавалачкі палотнаў Ільі Машкова («Жаночы партрэт», 1908 і «Нацюрморт з дынямі і гарбузамі», 1915), Язэпа Драздовіча («Астран-абсерваторыя з квадрантам на кальцы Сатурна», 1931), Даніэля Сегерса («Мадонна ў кветках», ХІХ ст.). Пятым стаў фрагмент японскага пояса обі з усходняй калекцыі музея. У стварэнні ўнікальных масак удзельнічаў вядомы беларускі дызайнер Лёша Лімонаў. Прадаюць такія маскі ў сувенірнай краме музея (трапіць туды можна без білета) па 20 рублёў за экзэмпляр. Нядорага, калі ўлічыць, што гэтая маска можа стаць не толькі стыльным аксесуарам, але і арт-аб'ектам, непаўторнай памяццю аб 20-х гадах ХХІ стагоддзя — магчыма, вы яшчэ будзеце паказваць яе ўнукам.
Зрэшты, маскі як модны аксесуар можна купіць і ў масмаркеце — ёсць вельмі мілыя: і яркія, і ў пастэльнай гаме. І з бліскаўкамі, калі вам такое падабаецца. А калі хочаце вылучыцца — пашукайце ў інтэрнэце маскі хэнд-мэйд: прапаноў маса. Як і вучэбных відэа на выпадак, калі вам захочацца адчуць сябе дызайнерам.
Маскі, дарэчы, не адмяняюць макіяж — акцэнт на вочы для славянак хутчэй плюс, чым мінус. Генетычна склалася так, што большасць дзяўчат і жанчын класічнай беларускай знешнасці не можа пахваліцца высокімі скуламі а-ля Анжэліна Джолі. А вось яркія, прыгожага разрэзу вочы з пышнымі вейкамі — як правіла, моцны бок нашай знешнасці. Акрамя таго, правільна падабраная па колеры маска нейтралізуе бледнасць скуры (усё ж такі сонца ў нашых шыротах не хапае) лепш, чым любыя румяны. І надзейна схавае авал твару, які злёгку паплыў, ва ўзроставых паннаў. А яшчэ — знівеліруе так званую няроўнасць усмешак. Некаму ад прыроды дасталіся прыгожыя, роўныя, белыя зубы, а камусьці не так пашанцавала. Ну, а маскі ўраўноўваюць і такім чынам павышаюць самаацэнку.
Дарэчы, ва ўвазе дызайнераў і модных стылістаў да масак няма нічога дзіўнага. Псіхолагі кажуць, што маска дадае ў вобраз элемент таямнічасці, свайго роду разыначку. І робіць чалавека больш расслабленым і непасрэдным у зносінах — яна стварае «экран» паміж вамі і суразмоўцам, зніжае ўзровень трывожнасці і дадае ўнутранага спакою.
Пасля нарады ў Палацы незалежнасці, падчас якой Прэзідэнт катэгарычна падкрэсліў, што прымусу да нашэння масак і вакцынацыі ні ў якім разе быць не павінна, абавязковы маскавы рэжым у аб'ектах гандлю і грамадскім транспарце быў адменены. «Маскавых» рэйдаў эпідэміёлагаў па грамадскіх месцах больш не будзе: вырашана, што важнасць клопату пра сваё здароўе кожны павінен усведамляць сам. А медыкі не прымушаюць, але настойліва рэкамендуюць вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю і насіць сродкі індывідуальнай аховы ў грамадскім транспарце, крамах, буйных гандлёвых цэнтрах, на вакзалах і іншых аб'ектах з масавым знаходжаннем людзей. Мы вырашылі праверыць, наколькі свядома нашы суграмадзяне ставяцца да гэтых рэкамендацый.
У гандлёва-забаўляльным цэнтры «Green Cіty» на Каменнай Горцы шматлюдна ў будні і выхадныя. Абсалютная большасць наведвальнікаў у масках, прычым надзетыя яны правільна, не пад носам і не на падбародку. На сёння людзі разумеюць і сур'ёзнасць эпідэміялагічнай сітуацыі, і асабістую адказнасць: перад сабой, сваёй сям'ёй і перад грамадствам у цэлым, адзначаюць сталічныя эпідэміёлагі. Дарэчы, маскі ў грамадскіх месцах рэкамендуюць насіць найперш дарослым. Што датычыцца дзяцей, наяўнасць або адсутнасць гэтага сродку індывідуальнай аховы — на вырашэнне бацькоў. Зрэшты, ужо гадоў з васьмі-дзевяці маска на твары практычна кожнага ўбачанага намі ў ГЗЦ дзіцяці.
У будынку забаўляльнага цэнтра аб неабходнасці насіць маску плакаты нагадваюць літаральна на кожным кроку. На ўваходзе ў прадуктовы гіпермаркет ветлівы ахоўнік карэктна прапануе надзець сродак індывідуальнай аховы «бязмаскавым « наведвальнікам.
— Зразумела, маскі ахоўваюць, прычым не толькі ад COVІD-19, але і ў цэлым ад сезонных інфекцый, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, — кажа загадчыца аддзела імунапрафілактыкі ДУ «Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна г. Мінска» Наталля Нядзведзь. — Маска патрэбна ў першую чаргу здароваму чалавеку — прадухіліць заражэнне, не дазволіўшы вам удыхнуць паветра з мікраскапічнымі часціцамі сліны хворага. Гэта адна з мер, якія дазваляюць знізіць верагоднасць захварэць. А наогул, усё трэба рабіць у комплексе — і ўсім разам. Дэвізам сённяшняга дня варта лічыць прынцып «Я абаронены, калі іншыя абаронены». Акрамя выкарыстання маскі ў грамадскіх месцах, вытрымлівання сацыяльнай дыстанцыі і дэзынфекцыі рук, важная вакцынацыя ад COVІD-19. Так, ні адна вакцына не дае стапрацэнтнай аховы: пацверджаная эфектыўнасць расійскага «Спадарожніка V» — 92 %, кітайскай вакцыны — каля 80 %. Але тыя, хто цяпер знаходзіцца ў бальніцах, 99 % — непрышчэпленыя. І яшчэ адна падстава на карысць прышчэпкі: галоўнае прызначэнне вакцынацыі — папярэджанне цяжкіх наступстваў COVІD-19, якія могуць нагадваць аб перанесеным захворванні не адзін год пасля выздараўлення.
Кіраўніцтва гандлёвых аб'ектаў зацікаўлена ў захаванні маскавага рэжыму кожным з работнікаў, адзначае суразмоўца. А работнікі, у сваю чаргу, таксама зацікаўлены ў тым, каб пакупнікі былі ў правільна надзетых сродках індывідуальнай аховы, бо гэта абараняе і прадаўца, і пакупніка.
— Усе супрацоўнікі нашай крамы носяць маскі, — кажа загадчыца гіпермаркета Green Вольга Борыс. — Мы выконваем маскавы рэжым даўно — з першых дзён з'яўлення каранавіруса. Раней касіры насілі ў абавязковым парадку ахоўны экран, цяпер мы пакінулі гэтую меру на меркаванне кожнага супрацоўніка. На ўваходзе дзяжурыць прадстаўнік службы бяспекі, які просіць надзець маску наведвальнікаў, якія ўваходзяць у краму без яе. У гандлёвай зале размешчаны ёмістасці з дэзсродкамі, і большасць пакупнікоў апрацоўваюць рукі пры ўваходзе ў краму, а таксама пры выхадзе з яе. За касавай лінейкай таксама ўстаноўлены дэзсродкі для пакупнікоў. Акрамя таго, на ўваходзе для ўсіх ахвотных ёсць пальчаткі.
Вольга Мікалаеўна пацвярджае нашы назіранні: у асноўным сёння людзі прыходзяць у крамы ў масках. Адсутнасць гэтага сродка індывідуальнай аховы цяперашняй восенню — рэдкае выключэнне.
— Улетку «бязмаскавых» наведвальнікаў было больш. Але мы на ўваходзе, у гандлёвай зале, на касах стараліся нагадваць аб сродках аховы. Бывала, пакупнікоў гэта раздражняла. Але цяпер нарэшце нашы людзі навучыліся сябе берагчы. Кожны разумее адказнасць — за ўласнае здароўе і здароўе тых, хто знаходзіцца побач.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/masachny-rezhym
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[5] https://zviazda.by/be/tags/kovid-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/aksesuary