Сёння ў Магілёве стартаваў XXIV Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2021».
Ужо з раніцы ў фае кінатэатра «Чырвоная зорка» працуе выстава дзіцячых работ «Тэрыторыя майстэрства і творчасці», а ва ўсіх кінатэатрах горада ідуць кінапрагляды мультыплікацыйных фільмаў. Удзел у мерапрыемствах прымае знакаміты беларускі сцэнарыст, педагог, рэжысёр анімацыйных і гульнявых фільмаў нацыянальнай кінастудыі "Беларусфільм«Алена Турава.
Яна ўжо пабывала ў гасцях выхаванцаў магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 7 і правяла там майстар-клас па рабоце з музыкай пры стварэнні фільма. Заўтра аматараў анімацыйнай творчасці чакае сустрэча з выкладчыкам Магілёўскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Ларысай Будкевіч, якая дасць майстар-клас па стварэнні вобраза ў анімацыі. У праграме фестывалю творчае выступленне вядомага беларускага і расійскага музыканта, кампазітара, народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка.
Ён раскажа пра асаблівасці стварэння музыкі да мультыплікацыйных фільмаў. На працягу трох дзён кінатэатры горада будуць запрашаць на прагляд конкурсных работ і фестывальных калекцый мультфільмаў. Дарэчы, на галоўную прэмію прэтэндуюць 112 фільмаў з 19 краін. Беларусь прадставіць больш за 30 анімацыйных фільмаў! У сераду кампетэнтнае журы агучыць імёны пераможцаў, ім будуць уручаны заслужаныя ўзнагароды. У сувязі з неспрыяльнымі эпідэміялагічнымі ўмовамі замежныя эксперты гэтым разам удзельнічаюць ў міжнародным анімацыйным свяце выключна анлайн. Сярод іх выкладчык кінаакадэміі ў Пекіне, рэжысёр-аніматар, уладальнік спецыяльнай прэміі міжнароднага журы на Міжнародным фестывалі анімацыі ў Хірасіме Чэнь Сі, член Саюза кінематаграфістаў і Гільдыі рэжысёраў Расійскай Федэрацыі Сяргей Струсоўскі і іншыя.
Нязменнымі арганізатарамі фестывалю «Анімаёўка» застаюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі аблвыканкам.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/animayouka-2021
[2] https://zviazda.by/be/tags/festyval-animacyynyh-filmau
[3] https://zviazda.by/be/tags/magilyou