Міністэрства аховы здароўя прапрацоўвае пытанне вакцынацыі дзяцей і падлеткаў ад інфекцыі COVID-19, паведаміла журналістам галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Таццяна Бурдзь, перадае [1] БелТА.
«Вакцынацыя — гэта важны кампанент супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Дзяцей трэба прывіваць. Пытанне ў тым, што на гэты момант (у Беларусі. — Заўвага БелТА) няма вакцын, у якіх ёсць дазвол на прымяненне ў дзіцячым узросце. Як толькі з’явіцца вакцына, у якой ёсць такі дазвол, мы будзем прывіваць», — сказала Таццяна Бурдзь.
Паводле яе слоў, ад бацькоў наконт гэтага паступае вельмі шмат пытанняў. «Бацькі гатовы прывіваць сваіх дзяцей. Але мы працуем па дзеючых інструкцыях па прымяненні», — адзначыла яна.
Галоўны спецыяліст аддзела ўдакладніла, што існуючыя ў краіне вакцыны дазволены да прымянення з 18 гадоў.
Што да досведу замежных краін, ёсць прыклады, дзе прышчэпліваюць з 12 ці 5 гадоў. «Мы разглядалі розныя варыянты. Для старту, напэўна, будзем з 12 гадоў. Усё залежыць ад таго, з якога ўзросту будзе дазвол на выкарыстанне», — дадала Таццяна Бурдзь.
Прэв'ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/minzdrav-o-vaktsinatsii-detej-ot-covid-19-kak-tolko-pojavitsja-razreshenie-na-primenenie-budem-privivat-466439-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-ahovy-zdarouya
[3] https://zviazda.by/be/tags/vakcynacyya-dzyacey
[4] https://zviazda.by/be/tags/covid-19