Урад Японіі мае намер абмежаваць доступ замежных студэнтаў, якія навучаюцца на тэрыторыі краіны, да тэхналогій, якія могуць мець абароннае значэнне або быць звязанымі з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі, паведамляе [1] ТАСС са спасылкай на дзелавую газету Nikkei.
Адзначаецца, што японскія ўніверсітэты павінны будуць атрымліваць адабрэнне ад Міністэрства прамысловасці перад тым, як даваць доступ замежным студэнтам да адукацыйных праграм, звязаных з тымі ці іншымі важнымі для краіны тэхналогіямі. У той жа час падкрэсліваецца, што ўзмацненне жорсткасці правілаў закране замежных студэнтаў, якія могуць знаходзіцца пад прамым або ўскосным дзяржаўным уплывам іншых краін — у прыватнасці, у тым выпадку, калі больш за 25% прыбытку студэнта паступае ад замежнага ўрада.
У 2017 годзе кітайскі студэнт аднаго з такійскіх ВНУ парушыў дзеючае заканадаўства, вывез у Кітай праз Ганконг інфрачырвоную камеру для самалётаў. Многія японскія ўніверсітэты, якія працуюць над стварэннем найноўшых тэхналогій, свабодна залічваюць да сябе замежных студэнтаў і досыць павярхоўна праводзяць іх праверку перад залічэннем. Гэта, па дадзеных газеты, выклікае сур’ёзную занепакоенасць у японскіх уладаў. Чакаецца, што папраўкі ў заканадаўства будуць унесены ўжо да канца гэтага года.
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://tass.ru/obschestvo/12773633
[2] https://zviazda.by/be/tags/yaponiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/tehnalogii
[4] https://zviazda.by/be/tags/zakanadaustva
[5] https://zviazda.by/be/tags/zamezhnyya-studenty