Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Бюро Прэзідыума НАН Беларусі.
Цэнтр імуналогіі і алергалогіі будзе функцыянаваць у складзе Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі. Мэта стварэння новай навуковай структуры — комплекснае вывучэнне фарміравання і механізмаў функцыянавання імунітэту жывых арганізмаў на малекулярна-клеткавым узроўні ў норме і пры паталогіях, распрацоўка інавацыйных спосабаў дыягностыкі і лячэння хвароб, асацыяваных з парушэннем функцыянавання імунітэту ў інтарэсах медыцыны і сельскай гаспадаркі. Створаны Цэнтр імуналогіі і алергалогіі дапоўніць спектр дзейнасці Інстытута і дасць магчымасць выконваць фундаментальныя даследаванні ў галіне вірусалогіі і стварэння новых вакцын на высокім метадычным узроўні, а таксама вырашаць складаныя навукова-практычныя задачы ў галіне медыцыны, біялогіі і сельскай гаспадаркі.
З 2022 года Цэнтр імуналогіі і алергалогіі прыступіць да распрацоўкі інавацыйных метадаў дыягностыкі алергіі неадкладнага і запаволенага тыпу на шырокі спектр алергенаў і да стварэння ўчастка па імуна- і алергадыягностыцы, што істотна пашырыць дзейнасць Інстытута. У інтарэсах сельскай гаспадаркі ў Цэнтры будуць праводзіцца даследаванні, накіраваныя на вывучэнне біялагічных механізмаў узаемадзеяння патагенных грыбоў і вірусаў з клеткамі раслін з мэтай распрацоўкі новых імунамадулюючых прэпаратаў, стварэння экалагічна чыстых сродкаў аховы і прафілактыкі інфекцыйных захворванняў сельгасгаспадарчых раслін.
Для правядзення неабходных даследаванняў Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі мае высокакваліфікаваныя кадры з вопытам работы ў галіне эксперыментальнай і клінічнай імуналогіі, клетачнай імунатэрапіі і алергалогіі. Цяпер дзейнасць Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі ў галіне імуналогіі і алергалогіі накіравана на распрацоўку метаду клетачнай імунатэрапіі алергічнага рыніту, аказанне медыцынскіх паслуг па дыягностыцы лекавай алергіі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nan-belarusi
[2] https://zviazda.by/be/tags/centr-imunalogii-i-alergalogii
[3] https://zviazda.by/be/tags/navuka