Іх выпуск прымеркаваны да 100-гадовага юбілею ВНУ. У калекцыю фундаментальных кніг увайшлі пяцітомнік «Інтэлектуальная эліта Беларусі. Заснавальнікі беларускай навукі і вышэйшай адукацыі (1919–2021)», «Невядомы Пічэта», «Нарысы гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Гэтыя выданні зяўляюцца своеасаблівым знакам павагі, падзякі і памяці пра заснавальнікаў і стваральнікаў першага ўніверсітэта ў Беларусі.
Мерапрыемства прайшло з удзелам міністра адукацыі Беларусі Ігара Карпенкі, рэктара БДУ Андрэя Караля, выкладчыкаў і аўтараў-складальнікаў. Як адзначыў рэктар, прадстаўленыя кнігі — гэта духоўная спадчына БДУ з глыбокай гістарычнай памяццю аб стваральніках універсітэта. Рэктар выказаў надзею, што выданні будуць уплецены ў навучальны працэс студэнтаў для пашырэння іх уяўлення аб гісторыі ВНУ.
Загадчык кафедры гісторыі Расіі Алег Яноўскі расказаў пра шматгадовую працу над прадстаўленымі выданнямі. Прафесар адзначыў сімвалічнасць выхаду заключнага пятага тома «Інтэлектуальнай эліты» — 21 кастрычніка ў дзень нараджэння першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты. Ён падкрэсліў, што ключавой задачай было паказаць разнастайнасць ВНУ праз лёсы тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння ўніверсітэта: у кнізе прадстаўлены звесткі пра 132 асобы. А ў падрыхтоўцы выдання былі задзейнічаны 40 чалавек з ліку супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта.
Серыя кніг «Інтэлектуальная эліта Беларусі» ахоплівае ўсю векавую эпоху БДУ з 1921 па 2021 год. Праца над зборам вялася на працягу пяці гадоў, а першяя яго кніга выйшла ў 2017 годзе. Кожны том выдання пабудаваны па храналагічным прынцыпе і дэманструе ўнікальныя лёсы членаў універсітэцкай супольнасці, уклад выбітных вучоных і педагогаў першай ВНУ ў фарміраванне гуманітарных і прыродазнаўчых галін, у інтэлектуальную моц краіны.
У зборніку «Невядомы Пічэта» асаблівае месца займае манаграфія «Агляд дзейнасці 1-га Заходняга камітэта» і частка збору перапіскі Уладзіміра Іванавіча Пічэты. Дакументы датуюцца 1920-1940 гадамі. У кнігу таксама ўвайшлі некалькі дзясяткаў эксклюзіўных матэрыялаў, у ліку якіх артыкулы і выступленні, асобныя лісты і тэлеграмы на імя У.І. Пічэты ад універсітэцкіх калег, блізкіх сяброў, першых вучняў.
Падрабязней аб рабоце над архіўнымі звесткамі ў рамках падрыхтоўкі зборніка «Невядомы Пічэта» расказаў прафесар кафедры крыніцазнаўства Міхаіл Шумейка. Ён адзначыў уклад студэнтаў-гісторыкаў, якія займаліся расшыфроўкай эпісталярнай спадчыны першага рэктара.
«Нарысы гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта» змяшчаюць кароткія артыкулы пра гісторыю, развіццё і сучасны стан асноўных навучальных, навукова-вытворчых падраздзяленняў БДУ. Іх аўтары — прадстаўнікі факультэтаў, навукова-даследчых і адукацыйных інстытутаў, а таксама кафедр універсітэта. Цэнтральнай тэмай усіх нарысаў з’яўляецца місія БДУ, эвалюцыйныя дасягненні ВНУ як вядучага адукацыйнага, даследчага, інавацыйнага і вытворчага цэнтра Беларусі. У 40 «нарысах» адлюстравана разнастайнасць напрамкаў дзейнасці вядучай ВНУ на працягу яе векавой гісторыі, роля выбітных вучоных і ўсяго калектыву ў сістэме вышэйшай адукацыі краіны.
Таксама напярэдадні 100-гадовага юбілею БДУ на філалагічным факультэце адбылася прэзентацыя серыі кніг «Замежная беларусістыка». У ёй паказана роля замежных вучоных у даследаванні праблем беларускай мовы і літаратуры, развіцці міжнароднага партнёрства БДУ ў галіне адукацыі і навукі. Серыя ўключае зборнікі выбраных работ вядомых вучоных-беларусаведаў, якія актыўна супрацоўнічаюць з БДУ, выступаюць з лекцыямі, удзельнічаюць у навуковых канферэнцыях і сумесных праектах, займаюцца вывучэннем беларускай мовы і літаратуры, культуры і гісторыі Беларусі. Над выданнем кніг працавалі выкладчыкі кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта пад кіраўніцтвам загадчыка Мікалая Прыгодзіча.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота прэс-службы БДУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/100-goddze-bdu
[3] https://zviazda.by/be/tags/seryya-knig
[4] https://zviazda.by/be/tags/intelektualnaya-elita-belarusi