Тры беларускія работы адзначаны дыпломамі на XIX Міжнародным фестывалі праваслаўнага кіно «Пакроў» — 2021 у Кіеве, паведамілі [1] ў Міністэрстве культуры.
Дыпломам удастоена анімацыйнае кіно «Дзідзі» рэжысёра Ірыны Тарасавай. Па задумцы аўтараў, Дзідзі — фантастычная жывая істота, якая валодае чароўнай здольнасцю прымушаць усё вакол расці, квітнець і зелянець. Яно з’явілася на свет з насення, выпадкова знойдзенага ў лесе кампаніяй звераць. Дзідзі не мае паняцця, хто ён і як туды патрапіў. Са сваімі сябрамі-звярамі ён робіць свае першыя дзіцячыя адкрыцці, а таксама прымушае сяброў па-новаму зірнуць на іх звыклы свет.
Дакументальны фільм «Пачатак» рэжысёра Валерыі Шышовай узнагароджаны дыпломам «За пропаведзь міласэрнасці». Праца адлюстроўвае гісторыі жыцця некаторых братоў падворка. Яны расказваюць пра тое, як прыйшлі ў манастыр, і з болем успамінаюць, што было да гэтага моманту.
У намінацыі «За веру, надзею, каханне» адзначаны дакументальны фільм «Гісторыя брата Максіма» рэжысёра Анастасіі Кабзаравай. Сюжэт апавядае пра брата Максіма, які сем гадоў быў гарадскім бяздомным. На падворку яго прывезлі ў інваліднай калясцы. Тут ён устаў на ногі і здзейсніў сваю даўнюю мару.
Мэта кінафестывалю «Пакроў» — папулярызацыя фільмаў хрысціянскага зместу і ўзнагароджанне лепшых праваслаўных фільмаў спецыяльнымі прызамі. Фестываль заснаваны як штогадовы і праводзіцца напярэдадні або падчас свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
Прэв’ю: pexelscom
Спасылкі
[1] https://kultura.by/by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kinafestyval
[3] https://zviazda.by/be/tags/pakrou
[4] https://zviazda.by/be/tags/filmy-hrysciyanskaga-zmestu