У Веткаўскім раёне нецвярозы пасажыр таксі ўкраў аўтамабіль і трапіў у ДТЗ, паведамілі [1] ў МУС.
Каля трох гадзін ночы 27 кастрычніка ў міліцыю звярнуўся вадзіцель таксі. Ён распавёў, што каля аграгарадка Залаты Рог Веткаўскага раёна пасажыр украў яго Volkswagen. Высветлілася, што таксіст вёз п’янага кліента з Гомеля. У дарозе мужчына папрасіў спыніцца пакурыць. Ужо на вуліцы ён адштурхнуў вадзіцеля, сеў за руль і паехаў у бок Веткі.
Выкрадзены аўтамабіль аператыўнікі знайшлі ў кювеце недалёка ад мяжы з Расіяй, а ўцекача знайшлі ў метрах ста — ён хаваўся ў дрэнажнай трубе. Мужчыну шпіталізавалі з сур’ёзнымі траўмамі, якія ён атрымаў у аварыі.
«Устаноўлена, што 32-гадовы грамадзянін суседняй дзяржавы раней быў выдвараны за межы Беларусі, аднак у парушэнне патрабаванняў уехаў у нашу краіну», — удакладнілі ў МУС.
У дачыненні да расіяніна ўзбуджана крымінальная справа за ўгон. Раней ён неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за аналагічныя злачынствы.
Спасылкі
[1] https://t.me/pressmvd