Увесь мінулы кастрычнік быў далёка не самым цёплым, але калі ўзяць сярэднюю тэмпературу па краіне — ён адпавядаў кліматычнай норме. Па ападках другі месяц восені быў відавочна сухім: на большай частцы тэрыторыі краіны сума дажджоў склала ўсяго ад адзінкі да 45 % нормы, толькі па поўначы краіны выпала ад 50 % да 70 % сярэдніх шматгадовых значэнняў. Пры гэтым больш за ўсё ападкаў выпала на метэастанцыі Езярышча — 47,6 мм, або 72 % месячнай нормы, а вось на метэастанцыі Брагін за ўвесь кастрычнік істотных ападкаў наогул не адзначалася. Дажджы ў нас сталі доўгачаканымі, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Як адзначаюць айчынныя сіноптыкі, першыя дні лістапада будуць халаднейшыя за мінулыя выходныя, але ўсё ж цяплей графіка, згодна з кліматычнай нормай. Але разам з цяплома да нас прыйдуць ападкі. Гэтымі днямі павялічыцца і ўшчыльніцца воблачнасць, пройдуць дажджы рознай інтэнсіўнасці і працягласці.
Удзень па краіне ў аўторак пройдуць невялікія дажджы. У асобных раёнах чакаецца слабы туман. Вецер паўднёва-ўсходні ўмераны, удзень па заходняй палове месцамі парывісты. Максімальная тэмпература паветра складзе ад плюс 6 да 12 градусаў цяпла. У сераду часам пройдуць дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Вецер прагназуецца паўднёвай чвэрці ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 3–8 градусаў. Удзень будзе 7–13 цяпла.
А ў чацвер месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах прагназуецца туман. Вецер будзе паўднёвай чвэрці ўмераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 2 градусаў да 7 цяпла. Удзень паветра прагрэецца да 8–15 градусаў вышэй за нуль.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень месцамі чакаецца ўзмацненне ветру да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 6 да 12 градусаў цяпла. Удзень будзе 9–15 градусаў вышэй за нуль, а па паўднёвым усходзе краіны прыгрэе да плюс 18 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[4] https://zviazda.by/be/tags/listapad-2
[5] https://zviazda.by/be/tags/dazhdzhy