Пятнаццаць гадоў Сцяпан Лявіцкі аддана працуе трактарыстам у сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Козенкі-Агра» Мазырскага раёна, лічыцца адным з найлепшых спецыялістаў калектыву. Такую адзнаку мае нездарма: давераную яму тэхніку ведае добра, любіць і беражэ, своечасова праводзіць агляд і належнае абслугоўванне. Можна сказаць, тэхніка яго рукі «слухае» і не падводзіць, у гарачы час працы не прастойвае. Вясной на энерганасычаным МТЗ 3022 Сцяпан Фёдаравіч працуе на палях — на ворыве, баранаванні і сяўбе, у летне-восеньскі перыяд шчыруе то на зернеўборачным камбайне КЗС-12 на жніве, то на «Ягуары» на касавіцы і ўборцы кукурузы. І зімою не адпачывае: на фермы падвозіць корм для жывёл, вывозіць арганіку. І адначасова рыхтуе свой «аўтапарк» на наступную сяўбу і нарыхтоўчы сезон. Мне давялося сустракацца з козенскім трактарыстам у полі, якое ён рыхтаваў пад будучы ўраджай. Усяго толькі на пяць хвілін ён спыніў свой магутны агрэгат, каб павітацца, сказаць некалькі слоў і сфатаграфавацца. А далей — зноў у поле, дзе яго чакала неадкладная праца. Бо нездарма ж кажуць: восень — работ восем. А ў нашага героя так — увесь год.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya