Вядомы беларускі журналіст і навуковец, які стаяў каля вытокаў нацыянальнай журналістыкі, мог адзначыць свой юбілей акурат у год стагоддзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 1 сакавіка Барысу Стральцову споўнілася б 95 гадоў. З нагоды юбілею доктара філалагічных навук, прафесара супрацоўнікі кафедры медыялогіі падрыхтавалі і выпусцілі кнігу, прысвечаную патрыярху айчыннай журналістыкі і свайму Настаўніку.
— Кніга, прысвечаная прафесару, стала першым выданнем серыі «Памяць і слава» на факультэце журналістыкі БДУ, — адзначае ўкладальнік кнігі, загадчыца кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Наталля ФЯДОТАВА. — Барыс Стральцоў быў і застаецца адным з заснавальнікаў беларускай школы вывучэння журналістыкі. Таму для мяне, як яго вучаніцы, было важна, каб менавіта прафесар Стральцоў распачынаў памятную серыю кніг аб прафесуры, якая складае гісторыю і славу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У кнізе атрымаў новае жыццё вучэбны дапаможнік «Метад і жанр» аб асновах журналісцкага майстэрства. Тут сабраны і абразкі, а таксама развагі прафесара Стральцова аб жыцці, прафесіі, апублікаваныя ў «Звяздзе» ў розныя гады. Можна знайсці і поўную бібліяграфію навуковых, педагагічных і публіцыстычных матэрыялаў вучонага. Асаблівы раздзел — успаміны аб Барысе Васільевічы яго калег, сяброў і вучняў.
Барыс Стральцоў вядомы не толькі як тэарэтык журналістыкі — не адно пакаленне супрацоўнікаў СМІ вучылася па яго падручніках. Ён быў таленавітым журналістам (працаваў, дарэчы, і ў «Чырвонай змене», і ў «Звяздзе»).
Працуючы ў «Звяздзе», якой аддаў 11 гадоў, здолеў напісаць і абараніць кандыдацкую дысертацыю. Пайшоў з найстарэйшай беларускай газеты па ўласным жаданні. Прафесар заўсёды быў шчырым, сваё рашэнне патлумачыў і тут — стаміўся. «Гэта трэба было напрацавацца ў газеце, «аб'есціся» ёю, — праз гады аналізаваў сваё рашэнне Барыс Стральцоў. — Журналіст — гэта ж не пісьменнік, які чакае натхнення. Калі нешта не атрымліваецца, пісьменннік пакладзе рукапіс у стол — паходзіць, з сябрамі пасядзіць... А журналіст увесь час працуе, што называецца, «з-пад капыта»: выпуск газеты не адкладзеш. Бывалі моманты: так напрацуешся, што робіцца страшна садзіцца за стол. Ад адной думкі, што трэба пісаць, — валасы дуба...»
Барыс Стральцоў быў заслужаным дзеячам культуры, лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта, выдатнікам друку, выдатнікам адукацыі. Аднак нягледзячы на шматлікія рэгаліі і званні, тыя, каму ў свой час пашчасціла працаваць са Стральцовым, вучыцца ў яго, адзначаюць лёгкі характар і сціплы нораў прафесара.
Вераніка КАНЮТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhurfak-bdu
[5] https://zviazda.by/be/tags/barys-stralcou
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhurnalistyka
[7] https://zviazda.by/be/tags/vasil-varabeu