У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа 3-4 лістапада праходзіць XXXV міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Каласавіны — 2021». Арганізатары — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.
Даследчыкі жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры правядуць дыскусіі, выступяць з дакладамі і паведамленнямі на трох секцыях: «Творчая спадчына Якуба Коласа. Вывучэнне, папулярызацыя, інтэрпрэтацыя» (пад такой назвай будуць працаваць дзве коласазнаўчыя секцыі); гісторыка-краязнаўчая секцыя «Актуальныя праблемы музеязнаўства, вывучэння, захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны».
Удзел у «Каласавінах-2021» прымаюць кандыдат сацыялагічных навук Васіліна Міцкевіч (тэма яе выступлення — «Ушанаванне памяці Якуба Коласа (помнікі, бюсты, мемарыяльныя дошкі і знакі)»), Вера Міцкевіч («Тэфі і Якуб Колас: у люстэрку рэвалюцыі»), кандыдат філалагічных навук Анатоль Трафімчык («Якуб Колас: каляндарныя каардынаты і храналогія творчасці»), Марыя Міцкевіч («Творы Якуба Коласа ў часопісах „Беларускі сьвет“ (ЗША) і „Барацьба“ (Нямеччына)»), доктар філалагічных навук Валянціна Русак («Лексікаграфічнае даследаванне пісьмовай спадчыны Якуба Коласа»), кандыдат філалагічных навук Ігар Запрудскі («Творы „Старасць не радасць“ Янкі Лучыны і Якуба Коласа: спецыфіка ас энсавання праблем экзістэнцыі сталага чалавека»), кандыдат культуралогіі Вольга Гуцько («Казкі жыцця» Якуба Коласа: семіятычныя канфігурацыі ў даследаванні мастацкага тэксту«), кандыдат філалагічных навук Алена Міхайлава («Вобраз роднага краю ў паэзіі Якуба Коласа») і іншыя дасвечаныя коласазнаўцы, даследчыкі ў галіне гуманітарных навук, музейшчыкі.
Традыцыя правядзення «Каласавін» мае глыбокую гісторыю. З навукова-практычнай канферэнцыяй звязаны лёсы многіх беларускіх і замежных навукоўцаў. Зборнікі па матэрыялах «Каласавін» сталі сапраўднай бібліятэкай коласазнаўства. На канферэнцыю ў розныя гады наведваліся госці з Расіі, Украіны, іншых куточкаў свету.
Мікола БЕРЛЕЖ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kalasaviny-2021
[4] https://zviazda.by/be/tags/vasilina-mickevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/maryya-mickevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/vera-mickevich
[7] https://zviazda.by/be/tags/anatol-trafimchyk
[8] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhauny-litaraturna-memaryyalny-muzey-yakuba-kolasa
[9] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-kultury-respubliki-belarus