У любога медаля ёсць два бакі. І любая пазітыўная з'ява, даведзеная да абсурду, мяняе «зарад» з плюса на мінус. Чым небяспечны для дзяцей клопат з прыстаўкай «гіпер»?
Дырэктар аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў распавёў такую гісторыю. У гаспадарцы ёсць сям'я: абодва, і муж і жонка, — выдатныя работнікі і клапатлівыя бацькі. Сям'я лічыцца шматдзетнай — у ёй трое дзяцей, прычым адно ўсыноўленае. І вось здарылася так, што ў мамчын выхадны дзень ёй раптам прыйшлося на паўдня выйсці на работу. У адсутнасць мамы і таты сям'ю наведала сацыяльная служба і забіла трывогу: дзеці дома адны!
— А старэйшай дзяўчынцы, між іншым, 12 гадоў, — кажа суразмоўца. — Малодшаму сыну — чатыры, сярэдняй дачцэ — дзесяць. Абедзве старэйшыя сястры цалкам у стане некалькі гадзін паглядзець за малодшым братам. Справа адбывалася не на далёкім хутары, а ў аграгарадку, у сучасным доме. Я, вядома, тут жа пад'ехаў туды і супакоіў прадстаўнікоў сацыяльных службаў. Але, шчыра кажучы, мне здаецца, з апекай над дзецьмі цяпер перабіраюць.
Мой суразмоўца быў чалавекам досыць сталага ўзросту, таму далей чакана пачалося: «Вось у наш час...» — аб тым, што 30—40 і больш гадоў таму дзеці хадзілі ў школу пешшу за некалькі кіламетраў, іх не падвозілі на спецыяльным аўтобусе, і ўсе былі жывыя-здаровыя і выраслі добрымі людзьмі... Згадайце, каму ў дзяцінстве бабулі і дзядулі не распавядалі класічную гісторыю, як хадзілі ў школу лютай зімой праз лес?.. І ўсе ведаюць, што гэтую інфармацыю варта «дзяліць на сем»: не 12 кіламетраў, а два-тры, і не ў -30, а ў -1. І ўсё ж аб гіперапецы як аб адной з прыкмет нашага часу кажуць не толькі пажылыя людзі, але і спецыялісты — педагогі і псіхолагі. Многія з іх называюць глабальную гіперапеку, у якой растуць сучасныя дзеці, сур'ёзнай небяспекай.
Вядомы канадскі псіхолаг Джордан Пітэрсан стварыў шэраг работ, прысвечаных феномену гіперапекі, і нават напісаў пра гэта кнігу, якая выклікала неадназначную рэакцыю. Спецыяліст выкладаў у вядучых універсітэтах свету і назіраў за студэнтамі, іх паводзінамі і стаўленнем да жыцця. І яго выснова: ужо сёння прычына жыццёвых праблем многіх маладых людзей — няправільнае выхаванне. Дакладней, гіперапека. А наступным пакаленням прыйдзецца яшчэ цяжэй.
— У сучасным грамадстве дзяцей пастаянна абараняюць ад чагосьці складанага і дыскамфортнага, — адзначае псіхолаг, называючы гэта «ўцёкамі ў бяспечную зону». — Гэта галоўная прычына ўразлівасці розуму і эмоцый. Таму маладым людзям сёння не хапае стойкасці ў жыцці, на працы, у адносінах.
«Гэта адбываецца з-за празмерна клапатлівых бацькоў», — канстатуе спецыяліст у адным са сваіх інтэрв'ю на YouTube. Затым эстафету клопату падхопліваюць школы, далей — прафесійныя навучальныя ўстановы або ўніверсітэты. Гэта сацыяльныя нормы і, мабыць, неабходнасць нашага часу, і «гэта робіць нашых дзяцей трагічна непадрыхтаванымі да жыцця», піша ён.
Джордан Пітэрсан кажа пра тое, што цывілізацыя сёння сутыкнулася з «эпідэміяй празмерна клапатлівага выхавання».
— Прычынай таму — культурная з'ява, якую не прынята звычайна разглядаць у кантэксце гэтай праблемы, — падкрэслівае ён.
Гаворка ідзе аб кантрацэпцыі і планаванні сям'і, тлумачыць у сваім інтэрв'ю спецыяліст. Сучасныя сем'і не нараджаюць шмат дзяцей. Адно дзіця, максімум два, тры — ужо рэдкасць. І гэта робіць дзяцей неверагоднай каштоўнасцю. Мы не гатовыя рызыкаваць імі — і гэта нядзіўна. Сучасныя бацькі заводзяць дзяцей значна пазней, чым было прынята яшчэ 50—60 гадоў таму. Калі ў вас дзіця, а вам 18, вы самі яшчэ дзіця. Вы не будзеце празмерна апякаць сына ці дачку, калі вам 18 — вы будзеце жыць самі, кажа ён. Але калі вам 40 і ў вас першае дзіця — «усе яйкі ў адным кошыку», і верагоднасць, што вы будзеце хоць у мінімальнай ступені рызыкаваць гэтым каштоўным чалавечкам, яго душэўным камфортам і фізічнай бяспекай, роўная нулю. У гэтым ёсць мноства плюсоў, але ёсць і велізарныя мінусы: напрыклад, тое, што вельмі многія сучасныя маці не пераразаюць «псіхалагічную пупавіну» са сваім дзіцем, нават калі тое становіцца дарослым. Маці пяці-шасці дзяцей проста фізічна не ў стане забяспечыць ім гіперапеку. А значыць, дзеці будуць канкурыраваць, выхоўваць адзін аднаго, сапернічаць — і ў выніку выйдуць у дарослае жыццё падрыхтаванымі. «Мы хочам стварыць для свайго дзіцяці бяспечную прастору — але ж жыццё небяспечнае», — падкрэслівае прафесар.
— Гэта больш складаная праблема, чым мы думаем. Вы павінны зразумець, што вы небяспечныя для вашага дзіцяці. Вы можаце адпусціць яго ў свет, і яму будзе балюча, адзначае ён. А можаце апякаць — і яму будзе больш балюча пазней, калі яно вырасце. Калі вы ахвяруеце яго кампетэнцыяй і адвагай у імя бяспекі, вы абяззбройваеце яго, і ўсё, што яно зможа рабіць, калі вырасце, гэта прасіць абароны.
Па сутнасці, гіперапека — гэта эгаізм дарослых, адзначае даследчык. Сучасным бацькам псіхалагічна камфортней, калі дзіця жыве «пад шкляным каўпаком». Яшчэ Зігмунд Фрэйд пісаў пра гіперклапатлівую маці — правобраз ведзьмы з казкі аб пернікавым доміку. Дзеці згубіліся ў цёмным страшным лесе, і раптам знаходзяць домік з шакаладу, пернікаў і цукерак. Што можа быць лепш? Але ў пернікавым доміку жыве ведзьма. Клапатлівая і ласкавая, выконваючы ўсе жаданні малых, яна хоча адкарміць дзяцей, каб у рэшце рэшт... з'есці іх.
— Гэта павучальная казка аб празмерна клапатлівым жаночым пачатку, аб гіперапецы, — кажа ў інтэрв'ю спецыяліст. — Псіхааналітыкі падкрэсліваюць: добрая маці абавязкова павінна памыляцца. Гэта геніяльная фраза.
Уявіце сабе дарослага чалавека, які ўсё жыццё шукае сябе і не можа знайсці. Бацькі (якія даўно на пенсіі) займаюцца пошукам працы для яго, увесь час дапамагаюць матэрыяльна, выцягваюць са складаных жыццёвых сітуацый. Пры гэтым чалавек упэўнены, што яму ўсе абавязаны і не цэняць яго неверагодныя вартасці, у яго завышаныя чаканні ад жыцця. Ён не ўмее адстойваць сваю пазіцыю, ставіць перад сабой мэты, не можа даводзіць пачатае да канца... Але нашто ўяўляць — дастаткова азірнуцца вакол. А можа, непрадузята зірнуць на сябе самога?..
Гэта партрэт дзіцяці, выгадаванага ў гіперапецы. Нават траўміруючыя падзеі дзяцінства не так уплываюць на нашу псіхіку, як чаканне, што хтосьці вырашыць праблемы за нас, кажуць дзіцячыя псіхолагі.
— Можна назваць шэраг прыкмет гіперапекі, — адзначае сямейны псіхолаг, гештальт-тэрапеўт Кацярына Алёхіна. — Калі ў вас супаў хоць бы адзін або некалькі пунктаў, вам варта задумацца. І памяняць сваё стаўленне да выхавання.
• Вы кідаецеся на дапамогу, нават калі дзіця не просіць.
— Маленькая дзяўчынка на дзіцячай пляцоўцы спрабуе пералезці праз агароджу пясочніцы. Яна захопленая працэсам і не просіць маці аб дапамозе. Але тая, убачыўшы, падбягае, падхоплівае дзіця падпахі і пераносіць унутр пясочніцы. Паўтарыце такія паводзіны 5—10 разоў, і вы атрымаеце атрафію волі дзіцяці. А крыху пазней — агрэсію ў адносінах да вас, гадам да 10—12 — прыступы раздражнення, з якімі, напэўна, прыйдзеце да псіхолага. Таму што пазнанне свету праз самастойнае намаганне — адна з базавых патрэб дзіцяці, і беспакарана пазбаўляць яго гэтага не атрымаецца.
• Не дазваляеце дзіцяці адчуваць негатыўныя эмоцыі
— Яшчэ будучы малым, дзіця спазнае межы сваёй сілы і даследуе свае магчымасці. Малы спрабуе зачыніць ці адчыніць цяжкія дзверы, уціснуць адну цацку ўнутр другой, уставіць ключ у замок, дастаць нешта з высокай паліцы. Калі не атрымліваецца, малое можа раззлавацца і закаціць істэрыку — гэта нармальна. Зразумела, маме або тату прасцей дастаць, адкрыць або ўкласці адну цацку ў другую самому — і істэрыка спыніцца. Усе задаволеныя. А яшчэ прасцей — зрабіць гэта «на апярэджанне», не дапусціўшы нават магчымасці негатыву для дзіцяці.
Гэты прынцып — не дапускаць, каб дзіця хвалявалася, — мае мноства праяў. Напрыклад, дзіцяці не распавядаюць пра сумную падзею ў сям'і, і для яго яшчэ шмат гадоў памерлая любімая бабуля можа быць «жывая», проста яна кудысьці «з'ехала». Дзіця аберагаюць ад хатніх спраў — мыцця посуду, прыбірання. Робяць за яго дамашняе заданне, каб ён не атрымаў дрэнную адзнаку.
— Вынік — у дзіцяці ў свядомасці не фарміруецца прычынна-выніковая сувязь: пэўны ўчынак вядзе да пэўных наступстваў. У яго няма адказнасці за свае ўчынкі. А ў дарослым жыцці гэта вельмі небяспечна — і для самога чалавека, і для навакольных.
• Робіце за дзіця ўсё, што сумна або непрыемна.
Дзеці не любяць рабіць тое, што не прыносіць задавальнення. Прыбіраць за сабой або за сваімі хатнімі гадаванцамі, мыць посуд, вучыць урокі... Нармальная рэакцыя дзіцяці — паспрабаваць перакласці ўсё гэта са сваіх плячэй на чужыя. А вось згаджацца на гэта бацькам — ужо ненармальна.
— Праблема будзе расці, патрабаванні — станавіцца ўсё больш недарэчнымі. У такой сітуацыі мы атрымліваем уладнага маленькага «пана» (дарослыя губляюць павагу ў яго вачах). А ў далейшым — грэбаванне патрэбамі бацькоў і няздольнасць працаваць дзеля выніку, цяжкасці маральнага выбару і незадаволенасць сабой нават у выпадку знешняга дабрабыту.
• Не дазваляеце памыляцца і прыкладаць намаганні.
«Мне прасцей зрабіць самой, чым чакаць, пакуль зробіць дзіця» — яшчэ адна праява бацькоўскага «клапатлівага эгаізму».
— Сучаснаму чалавеку заўсёды не хапае часу, — кажа суразмоўца. — Дзіця, зразумела, выканае задачу павольней, чым дарослы, і не так добра. Але калі ўвесь час рабіць усё за яго — завязваць шнуркі і зашпільваць гузікі, афармляць лабараторную работу або пісаць сачыненне — дзіця не атрымае магчымасці навучыцца браць на сябе адказнасць.
• Вар'яцееце ад жаху, калі дзіця знаходзіцца не на адлегласці выцягнутай рукі.
— Вельмі часта сучасныя бацькі не пакідаюць дзіця аднаго дома, нават калі таму ўжо споўнілася 10, 12, 14 гадоў, — кажа Кацярына Алёхіна. — Такія бацькі часам нават гуляюць з дарослым дзіцем, каб не адпускаць яго на вуліцу аднаго. Вынік — крайні інфантылізм падлеткаў, якія вырастаюць у інфантыльных дарослых, зусім не здольных жыць без «падпорак» — мамы і таты, сіл у якіх застаецца ўсё менш.
• Не верыце ў сваё дзіця
— Нядаўна мне давялося працаваць з дзяўчынкай, вельмі маленькай, пяшчотнай і мілавіднай, якую праследавалі пастаянныя страхі. Яна сапраўды выглядала гэткай тоненькай «кветачкай», якую пастаянна хацелася аберагаць. Што і рабілі яе мама і тата, дзядуля і абедзве бабулі з ранняга дзяцінства і да падлеткавага ўзросту. Аж да такіх задач, як перасунуць крэсла, размяць пальцамі пластылін або адкрыць пластмасавую накрыўку слоіка з варэннем. Між тым аказалася, што ад прыроды дзяўчынка валодае баявым характарам, што яна смелая і бойкая. Але гіперапека не дае праявіцца такім якасцям, закладзеным у дзіцяці прыродай. І прывучае чалавека быць слабым і кволым. Ды, як вядома, звычка — другая натура.
Што рабіць, калі вы зразумелі, што гіперапека — якраз ваша праблема?
— Яшчэ раз прачытайце вышэйапісаныя пункты — і пачынайце дзейнічаць наадварот, — раіць Кацярына Алёхіна.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/psihalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/giperapeka
[5] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-alyohina