На ўрачыстае адкрыццё новай установы сабраліся прадстаўнікі гарадской улады і грамадскасці, будаўнікі, дэпутаты, шматлікія госці. Мерапрыемства стала падвядзеннем вынікаў рэалізацыі праекта трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна».
Цэнтр абсталявалі на базе былога дзіцячага садка па вуліцы Куйбышава. За год у будынку ранейшай дашкольнай установы зроблены капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі. Цэнтр з’яўляецца структурным падраздзяленнем дапаможнай школы.
Пакуль названы рэсурсны цэнтр адзіны ў рэспубліцы. Як заўважыў кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Валянцін МІЛАШЭЎСКІ, у Брэсце не раз рэалізоўваліся пілотныя праекты ў плане аказання дапамогі дзецям. Можна назваць, напрыклад, медыцынскі цэнтр «Тонус» для рэабілітацыі дзяцей з захворваннямі нервовай сістэмы. Вось і зараз тэлефануюць бацькі з іншых рэгіёнаў краіны, пытаюцца, ці можна прыехаць з дзецьмі альбо атрымаць кансультацыю. У першую чаргу цэнтр будзе абслугоўваць дзяцей з Брэста, а вось кансультацыю змогуць атрымаць бацькі з любога горада альбо вёскі.
Неабходнасць падобнай установы наспела даўно. У апошнія гады заўважаецца рост колькасці дзяцей з аўтызмам. Сёння ў Брэсце і Брэсцкім раёне 122 хлопчыкам і дзяўчынкам пастаўлены дыягназ «аўтызм». Але ёсць і катэгорыя дзяцей, якія маюць аўтыстычныя парушэнні рознай ступені, яны таксама маюць патрэбу ў карэкцыйна-педагагічнай дапамозе. Рэсурсны цэнтр дае магчымасць вузканакіраванай работы з дзецьмі, якім патрэбна дапамога.
Займацца ў цэнтры пастаянна змогуць 35-40 дзяцей. Яго дырэктар Людміла ДЗЕНІСЕВІЧ расказала, што ў іх бліжэйшых планах стварэнне груп кароткатэрміновага знаходжання дзяцей дашкольнага ўзросту. У групах па 3-4 чалавекі з індывідуальным кіраўніком яны змогуць набыць навыкі, што патрэбныя для сацыялізацыі ў дзіцячым садку, пазней — у школе. Бо такія дзеці, як правіла, трапляюць у садок не падрыхтаванымі, і тады ўзнікаюць праблемы. Бацькі таксама маюць патрэбу ў псіхалагічнай падтрымцы і кансультацыях. Вось гэтым і зоймецца цэнтр.
Для заняткаў тут створана неабходнае асяроддзе. Абсталяваная сенсорна-дынамічная зала са спецыяльнымі арэлямі і платформамі, ёсць пакоі са светлавым і акустычным абсталяваннем. Ёсць таксама вучэбныя класы, кабінеты дэфектолага, псіхолага, легатэкі і іншыя. Двухпавярховы будынак забяспечаны безбар’ерным асяроддзем — ёсць пандус і ліфт-пад’ёмнік.
Акрамя заняткаў цэнтр будзе выконваць метадычную функцыю. У канферэнц-зале плануецца праводзіць навучанне запрошанымі спецыялістамі педагогаў, у тым ліку агульнаадукацыйных школ розным методыкам работы з дзецьмі, якія маюць парушэнні аўтыстычнага спектра. Педагогі, якія будуць працаваць тут, прайшлі навучанне рабоце на сучасным абсталяванні ў Польшчы.
Як ужо гаварылася, адкрыццё цэнтра стала вынікам рэалізацыі праекта трансгранічнага супрацоўніцтва альбо сумеснай работы ўпраўлення па адукацыі Ленінскага раёна Брэста і Асацыяцыі дапамогі дзецям з аўтызмам «Агульны свет» з Бяла-Падляскі. Кіраўнік асацыяцыі Ганна ХВАЛЭК назвала падзею святам агульнай работы і ўдакладніла: «Сённяшняе свята пачатак вялікай работы, бо з уласнага вопыту ведаю, як настойліва трэба будзе вучыцца, павышаць сваю кваліфікацыю педагогам, супрацоўнікам, каб працаваць з гэтымі дзецьмі, каб ісці ў нагу з часам у плане карыстання лепшым сусветным вопытам».
Галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальніцы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксандр КАРПІЦКІ падкрэсліў своечасовасць і важнасць з’яўлення такога цэнтра:
— Калі своечасова заўважыць у дзяцей гэтую іх асаблівасць і правільна дапамагчы, то 50-60 працэнтаў дашкольнікаў змогуць пайсці ў дзіцячы садок і засвойваць праграму як дашкольнай, так пазней і школьнай адукацыі, таму вельмі важна тое, што вы сёння зрабілі — адзначыў сенатар і дадаў — асаблівай падзякі заслугоўваюць прадстаўнікі асацыяцыі «Агульны свет». Па-першае, за іх кампетэнцыю, настойлівасць у прасоўванні ідэі дапамогі асаблівым дзецям, за гатоўнасць дзяліцца вопытам, а па-другое, за спрыянне ў справе прыцягнення сродкаў, Еўрасаюз выдзеліў на праект больш за 400 тысяч еўра.
Паводле слоў Аляксандра Карпіцкага, рэалізацыя такіх праектаў збліжае людзей з абодвух бакоў Буга. Гэта важна для перспектывы, для новых праектаў.
Пры ўручэнні сімвалічнага ключа гендырэктар будаўнічай кампаніі «Прадом» Андрэй ДЗЬЯКАЎ выразіў агульны настрой словамі: «Хачу, каб дзеці, якія прыйдуць сюды, сталі крышку шчаслівейшымі».
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Валерыя КАРАЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/author/valeryy-karol
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/adkryccyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/polshcha-belarus-ukraina
[6] https://zviazda.by/be/tags/merapryemstva
[7] https://zviazda.by/be/tags/centr-kompleksnay-dapamogi
[8] https://zviazda.by/be/tags/brest