З 6 кастрычніка ў Старым замку ў Гродне будзе дзейнічаць музейная экспазіцыя, якую змогуць наведаць усе жадаючыя. Некалькі залаў з адноўленай першай чаргі будуць даступныя для наведвання з 10.00 да 18.00 па ўваходных квітках. З сённяшняга дня музей будзе працаваць у звычайным рэжыме і чакаць сваіх першых гасцей.
Як сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, аднавіць замак такім, якім ён быў у свае лепшыя гады і зрабіць яго захавальнікам нашай гісторыі, сабраць тут унікальныя экспанаты з усёй вобласці і забяспечыць, каб нашы жыхары, турысты маглі пазнаёміцца з багатай гісторыяй роднага краю — гэта наш абавязак перад нашчадкамі і абавязак перад продкамі, якія з такой любоўю ўзводзілі гэты замак.
Пакуль госці могуць пазнаёміцца з тэматычнай музейнай экспазіцыяй і падняцца на назіральную пляцоўку, каб палюбавацца відамі на Нёман і на гістарычны цэнтр горада. Дзеля замацавання вашага жадання наведаць замак, мы распавядзем аб пяці важкіх прычынах, па якім абавязкова варта тут пабываць.
Замак Баторыя ў Гродна лічыцца адным з найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры ў Беларусі. Комплекс абарончых збудаванняў размясціўся ў гістарычным цэнтры Гродна і заслугоўвае ўвагі сам па сабе.
Стары замак з’яўляецца адзіным захаваным каралеўскім замкам на землях Беларусі. Доўгі час замак быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, таму адыгрываў важную ролю ў жыцці чатырох народаў у сучасным прадстаўленні: беларускага, літоўскага, польскага і ўкраінскага.
Самымі вядомымі ўладальнікамі замка былі вялікі князь Вітаўт і кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый. Вядома, што менавіта пры яго праўленні горад набыў палітычнае значэнне, бо пры ім кожны трэці сойм праходзіў у Гродне.
Сваю рэзідэнцыю Стэфан Баторый трымаў у Гродне, менавіта ў Старым замку. Жыхарам Гродна ён даў пэўныя ільготы. Стэфан Баторый знаходзіў тут супакой і адзіноту, пасля сваіх пераможных паходаў праводзіў час у паляўнічых забавах, прымаў замежных паслоў, тут жа склікаў Раду Сената Рэчы Паспалітай.
Адзін з музейных залаў, адкрытых у Старым замку, будзе прысвечаны часам забудовы Замкавай гары. Тут жа будзе выстаўлены Гродзенскі дзяцінец у мініяцюры, выкананы інжынерам Ігарам Адасікам.
Сама ж Замкавая гара — месца значнае для Гродна, паколькі менавіта тут было арганізавана першае паселішча славян, якія пачалі засяляць Панямонне. Паселішча назвалі Горадзен. Яно адыгрывала значную ролю ў стратэгічных планах славянскіх князёў як крэпасць на балцка-славянскім памежжы, і таму пасля пажару жыццё ў ім не спынілася, а, наадварот, набыло большы размах. Праз час з’явіўся ўмацаваны дзядзінец, які ўзвялі на месцы паселішча XI стагоддзя. Ён стаў умацаваным цэнтрам старажытнай Гародні.
На працягу некалькіх стагоддзяў на тэрыторыі Старога замка праходзілі археалагічныя даследаванні. У зале, прысвечанай Гродзенскаму дзяцінцу XII-XIII стагоддзя і барацьбе з крыжакамі, усталяваны інфакіёск, які змяшчае інфармацыю аб усіх унікальных артэфактах, знойдзеных за час раскопак пры рэканструкцыі замка групай музейных супрацоўнікаў пры кіраўніцтве Наталлі КАЗЮКЕВІЧ, загадчыцы аддзела археалогіі музея.
Сюды ж увайшлі сенсацыйныя знаходкі, зробленыя шмат гадоў таму. Сярод іх шашкі, шахматныя фігуркі князя Вітаўта і фрагменты гульнёвай дошкі, падвескі, грыўны і пражскія грошы, а таксама пярсцёнак-пячатка і залаты пярсцёнак XIV стагоддзя.
Дакладная копія друкаванага станка ўжо з’явілася ў адным з пакояў мернай хаты. Наведвальнікі змогуць убачыць непасрэдна сам друкаваны станок, працоўнае месца гравёра і яго інструменты. Ёсць магчымасць вырабіць сабе на памяць малюнак гродзенскага замка — фрагмент гравюры Адэльгаўзера-Цюндта 1568 года, або, напрыклад, партрэт Стэфана Баторыя.
Першапачаткова друкаваны станок будзе працаваць у фармаце асобных заказаў. Акрамя таго, тут будуць праходзіць майстар-класы для дзяцей і дарослых.
Нагадаем, што рэканструкцыя аднаго з найстарэйшых замкаў Беларусі пачалася ў 2017 годзе і вядзецца ў некалькі этапаў. Зараз праходзіць падрыхтоўка да рэстаўрацыі каралеўскага палаца Стэфана Баторыя.
Аліса СКІБА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alisa-skiba
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/stary-zamak-u-grodne
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekspazicyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/stafan-batoryy
[6] https://zviazda.by/be/tags/grodna