«Ад белага твару, блакітна-шэрых вачэй і светла-русявых валасоў у прыродных жыхароў, і белай адзежы, што носяць сяляне,... гэты ўбор старажытных крывічоў» —так тлумачыў паходжанне назвы «беларусы» гісторык і картограф Міхаіл Без-Карніловіч, які нарадзіўся 225 гадоў таму на Магілёўшчыне ў шляхецкай сям'і герба «Корвіц».
Праўда, прозвішча сям'і было Карніловіч... Прыдомак «Без» атрымаў толькі згаданы Міхаіл...
Але зусім не так, як апісваў Уладзімір Караткевіч у рамане «Нельга забыць» — там герой, шляхціц Пора-Леановіч, прыдомак да прозвішча атрымаў, калі яго прадзед падняў магіляўчан на паўстанне крыкам «Пара!»
Тут хутчэй, як у апавяданні расійскага пісьменніка Юрыя Тынянава «Паручнік Кіжэ», расійскі імператар няправільна зразумеў загад, дзе словы «поручики же» памылкова былі напісаны злучна... І на свет з'явіўся «паручнік Кіжэ», бо ніхто не насмеліўся патлумачыць самадзержцу памылку.
Дык вось, здарылася так, што імператар Мікалай І чытаў загад аб павышэннях афіцэраў і натрапіў на прозвішча «Карніловіч». Прозвішча было знаёмае — бо толькі нядаўна імператар разбіраўся з дзекабрыстам Аляксандрам Карніловічам, дзёрзкім юнаком, адпраўленым у Шлісельбургскую крэпасць, а потым асуджаным да пятнаццацігадовай катаргі. А хто гэны аднафамілец у спісе? Брат бунтаўшчыка?
Імператар падпісаў загад з рэзалюцыяй: «Без Карніловіча».
Так нашчадак шляхецкага роду герба «Корвіц» павышэння не атрымаў, затое аднойчы прачнуўся пад іншым прозвішчам. Раз імператар так напісаў — так і пачалі ва ўсіх афіцыйных паперах зваць нашага персанажа «Без-Карніловіч». Небарака пасля спрабаваў падаваць прашэнні, каб яму вярнулі радавое прозвішча — дарэмна...
А вязень Шлісельбурга, потым сібірскі катаржанін, сапраўды быў родным братам новаспечанага Без-Карніловіча. Больш за тое — братоў звязвалі пяшчотныя сардэчныя адносіны. «Мы можам сказаць, не чырванеючы, што наша сям'я заўсёды была прыкладам любові і згоды, што мы ўсе адзін аднаму былі душэўна адданыя: мы з табою жылі душа ў душу» — піша Аляксандр брату Міхаілу. Той дапамагаў, чым мог, дасылаў вязню патрэбныя рэчы і тое, што магло б суцешыць... Захавалася іх перапіска, з якой можна даведацца, як Міхаіл шукаў для брата ўлюбёныя гатункі гарбаты, нават ваўчыную скуру неяк перадаў... Аляксандр у сям'і быў малодшы і любімы, самы адораны. Ён пісаў гістарычныя раманы, Пушкін адзываўся аб ім «Корнилович славной малой и много обещает». Нават па перапісцы відаць, што чалавек гэта чуллівы і сумленны. Ён звяртаўся да брата «мой добры Міхайла», прасіў не траціць грошы на дарагія пасылкі для яго, а яшчэ даваў вельмі слушныя парады наконт працы... Сам быў добрым картографам — у братоў быў прыклад, іх дзядзька-генерал, вайсковы тапограф Карніловіч, які імі апекаваўся.
Менавіта Аляксандр і заклікаў Міхаіла да збірання гістарычных звестак пра мясціны, якія той вывучаў як тапограф і статыстык.
«Поле, на якое я цябе заву — багатае і мала апрацаванае — прыкладзі толькі рукі і старанні. Не забудзься пра дзённік, і для папаўнення яго раю табе саджаць каля сябе рамізнікаў і праводзіць увесь час у дарозе ў размовах з імі, зразумела, аб прадметах, якія для іх даступныя. Ад іх пачэрпнеш нямала каштоўных звестак, якія не знойдзеш ні ў якай кнізе, і звестак праўдзівых, таму што тыя, хто паведамляе іх, не маюць прычыны да ўтойвання праўды».
Гэта менавіта тая методыка, якой карысталіся ўсе вядомыя фалькларысты пазнейшага часу... А вось на той момант гэта было нешта новае і нязвыклае. Без-Карніловіч нават скардзіўся брату, што не атрымліваюцца ў яго такія душэўныя размовы з рамізнікамі. Аляксандр адказаў: «Скардзішся, мілы, на бясплённаць сваіх роспытаў, але ці не адбываецца гэта ад таго, што на пытанні твае не могуць адказваць асобы, да якіх звяртаешся? Гаворачы з сялянамі, гутары з імі аб прадметах, якія павінны быць ім вядомыя, пра іх задумы, заняткі, жыццё-быццё.Такім чынам збярэш шмат карысных звестак для статыстыкі і ў той жа час пазнаёмішся з побытам сялян, даведаешся пра іх патрэбы і запыты і паставіш сябе ў магчымасць карыстацца імі пры выпадку».
Дарэчы, Аляксандр Карніловіч просіць родных перадаць яму ў вязніцу «Дзяды» Адама Міцкевіча, каб не забыцца роднай мовы... З маці перапісваўся на польскай. Раманы пісаў жа на рускай мове, як і Без-Карніловіч, — свае даследванні. Як бачыце, зноў можна спрачацца наконт культурнай прыналежнасці персанажаў... А як на маю думку — пакіньма падобныя спрэчкі нашым нядобразычліўцам, плявузгаючым, маўляў, што ў тых беларусаў было, акрамя «паноў сахі ды касы»? Караткевіч наконт падобнай нашай нацыянальнай сціпласці з'едліва жартаваў: беларус, да якога прыйшлі госці, просіцца ў іх ва ўласнай хатцы ды хоць пад лаўкаю пераначаваць. Усё, што адбывалася на нашай зямлі, — наша гісторыя. Усе, хто тут нарадзіўся, працаваў, зрабіў нешта карыснае для гэтай зямлі, — частка беларускай гісторыі. Як і браты Карніловічы.
Галоўнае ж, з-за чаго мы ўпісваем Карніловіча, надзеленага здзеклівым прыдомкам «Без», у сваю гісторыю, — яго даследаванні, найперш «Гістарычныя звесткі пра знакамітыя мясціны ў Беларусі», дзе 140 артыкулаў. Дасюль карыстаюцца гэтай працай. Аўтар сцвярджае: беларусы асобны народ. Ён піша пра магутнае Полацкае княства, Магілёў, Віцебск, Воршу, Мсціслаў, Друцк, Копысь, Лукомль,Чарэю, Себеж, Гомель, Шклоў, пра народныя звычаі. Як беларусы танчаць у карчме пад скрыпку і дуду — беларускую валынку, як «іграюць талаку», спраўляюць радуніцу... Як на куццю гаспадар заве: «Мароз! Мароз! Ідзі куццю есці, летам не бывай, па межах не хадзі, пад калодай ляжы, а яры не губі». Пералічвае народныя прыкметы, напрыклад, калі першая навальніца — у посны дзень, то каровы ўлетку будуць слаба даіцца. Навучыўся, відаць, весці гутаркі з рамізнікамі! Піша пра панцырных баяраў — вольных земляробаў з вайсковым абавязкам, якіх пасля далучэння да Расійскай імперыі запісалі ў простыя сяляне. Згадвае і жахлівую беднасць простых людзей... Але і сцвярджае: «Ад беларуса ўсяго можна дабіцца справядлівасцю, памяркоўнасцю і ласкай. Ён верны і ўдзячны за дабро, ды пры гэтым не стрывае ўчыненай яму несправядлівасці. Нашчадкі крывічоў шчырыя і дасюль захавалі мову, народнае адзенне і звычаі даўніх пакаленняў».
І гэта на тым фоне, калі гісторыкі імперскія сцвярджалі, што беларусы — «сапсаваныя рускія», а прагрэсіўныя народавольцы (што абурала Уладзіміра Караткевіча) паралельна стваралі падобны ж вобраз занядбанага, бязвольнага мужыка-беларуса з каўтуном у валасах.
У апісанні гістарычных падзей Без-Карніловіч падае факты, якія не ўсім падабаліся. Калі ў 1569-м расійскія войскі спалілі Віцебск — так і піша, у 1674-м ваявода Трубяцкі ўчыніў у Мсціславе сапраўдную разню — вось цытаты з хронік. З павагай адгукаецца пра беларускіх яўрэяў — маўляў, прадпрымальныя, цікаўныя, разумныя, любяць дапамагаць сваім. Яшчэ адна буйная праца, якая дасюль не страціла значэння — «Віцебская губернія», дзе ёсць шмат унікальных гістарычных звестак.
Вядома, далёка не з усімі высновамі сучасныя беларускія гісторыкі могуць пагадзіцца, прынамсі, наконт межаў, у якіх жывуць этнічныя беларусы. Дый не толькі крывічы былі нашымі продкамі. У меркаваннях аўтар быў чалавекам сваёй эпохі і свайго саслоўя. Але каштоўнасць прац Без-Карніловіча адмаўляць не выпадае.
З друкаваннем Міхайлу дапамог яго зняволены брат, які па-ранейшаму карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Звязаў з выдаўцамі Палявым і Корсакам... Ды нават наконт жаніцьбы дае парады.
Падобна, што ў маладосці Міхайла быў вялікім заляцаннікам — пра гэта піша Аляксандр. Дый варта паглядзець на яго партрэты... Энергічны такі весялун з кучаравым чубам і бадзёрымі чорнымі вусамі. Не проста выглядае баявіта — удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1828—1829-х. Але, як сведчыць перапіска, у юнацтве «апёкся» на куртуазным полі. Так што калі сястра пасватала яму знаёмую дзяўчыну і брат Аляксандр ухваліў, Без-Карніловіч усё раздумваў. «Ну ты мяне насмяшыў абыякавасцю, з якой адзываешся аб прапанове, якую табе робяць. Рыхтык як бы справа была пра пакупку новых эпалетаў. Што сказала б panі Jedzіna, калі б прачытала твой ліст?» — дакарае Аляксандр.
Міхаіл як мог клапаціўся пра паляпшэнне лёсу малодшага брата. Урэшце Аляксандра адправілі з Сібіры служыць салдатам у Грузію. Па дарозе браты змаглі пабачыцца — сустрэча доўжылася сем гадзін... Але перамены былі не да лепшага. У наступным годзе Аляксандр, нязвыклы да паходнага жыцця, захварэў на ліхаманку і памёр. Было яму 34 гады.
Вядома, для Міхала гэта стала трагедыяй... Між тым у ягон кар'еры ўсё складалася добра. На вайне праявіў сябе гераічна — праводзіў тапаграфічныя даследаванні на Балканах, у зоне вайсковых дзеянняў, заслужыў два ордэны. За тапаграфічныя працы ў Бесарабіі стаў генералам, пасля атрымаў чын генерал-маёра, працаваў у Генеральным штабе. Усё-ткі ажаніўся — нявеста была самая ганаровая, княжна Надзея Далгарукава. Мелі траіх дзяцей. Дачка Маргарыта стала жонкай прадпрымальніка Яфіма Грум-Гржымайлы, іх сын Грыгорый праславіўся як вядомы падарожнік і заолаг. Прайшоў Памір, Цянь-Шань, Гіндукуш, Алтай, Манголію, Кітай... У гонар яго названа больш чым дзясятак новых відаў матылёў. Праўда, погляды на «мясцовыя народнасці» ва ўнука Без-Карніловіча былі досыць кансерватыўныя. Паўз яго прайшлі словы дзеда: «У тым уся і бяда, што мы не бачым свайго, што да нас бліжэй, і нярэдка, паводле некалькіх прыватных выпадкаў, робім нявыгадную выснову пра цэлы народ, што паходзіць ад прадузятасці, а з ім і памылковага погляду на прадмет, пра які патрабуецца выкласці сваё меркаванне».
Другі сын Маргарыты, Уладзімір, зрабіўся вынаходнікам і акадэмікам, выкладаў у Горнай акадэміі. Пахаваны там жа, дзе і Без-Карніловіч, на Волкаўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lyudmila-rubleuskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihail-bez-karnilovich
[5] https://zviazda.by/be/tags/etnagrafiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus