Пасля ўдалага для рынку кватэр летне-восеньскага сезона, калі попыт на кватэры толькі рос, а страхі перад «каронай» супакоіліся, у буйныя гарады зноў прыйшоў вірус. Па словах дырэктара Агенцтва нерухомасці «БелЦТН» і ганаровага старшыні Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалая Прасталупава, сітуацыя з актыўнасцю пакупнікоў жылля каардынальна перавярнулася. Больш за тое, калі пакупнікі, надзеўшы маскі і пальчаткі, згаджаюцца на агляд кватэр, то прадаўцы ўсё часцей адмаўляюцца ісці на кантакт.
За летні сезон і пачатак восені «парк» свабодных і танных кватэр ладна паменшыўся. За гэты час была амаль вымыта з рынку такая катэгорыя жылля як бюджэтныя кватэры. Па падліках нашага эксперта, сёння пакупніцкая актыўнасць у сталіцы ўпала дзесьці на 20–30 % у параўнанні з вераснем. І, калі, пакуль колькасць зарэгістраваных здзелак застаецца высокім (за кошт масавых аглядаў кватэр летам), то праз месяц, два — гэты паказчык будзе імкліва падаць. Судзіце самі. У верасні было зафіксавана 1300 здзелак, у кастрычніку — 1240 здзелак, то ў першую дэкаду лістапада — ужо ўсяго толькі 250 продажаў.
За апошні тыдзень на сталічным рынку кватэр індэкс цэнаў другаснага жылля знізіўся на 0,1 % і склаў 1214 долараў за квадратны метр. Сярэдняя цана кватэр у новабудоўлях Мінска таксама знізілася на 0,5 % і роўная на дадзены момант 1336 долараў за «квадрат». Такім чынам, разрыў паміж сярэднім узроўнем коштаў першаснага і другаснага рынкаў складае 122 долары за квадратны метр на карысць новабудоўляў.
Калі разглядаць сярэднюю цану ўсіх кватэр (другасны рынак плюс новабудоўлі), то атрымліваецца досыць стабільная сітуацыя. Аднапакаёвыя кватэры цяпер прадаюць (у сярэднім) па 38 тысяч долараў, двухпакаёвыя — 60 тысяч 600 долараў, а трохпакаёвыя — 76 тысяч 200 долараў. Варта адзначыць, што за апошні час маленькія кватэры практычна не змянілі свайго кошту, двухпакаёвыя — нават трохі падаражэлі, а іншыя апартаменты не значна патаннелі.
Наш эксперт адзначае, што ўпершыню з пачатку кастрычніка цэны на кватэры ў беларускай сталіцы паказалі невялікае зніжэнне. Не апошнюю ролю тут гуляе рост абёма прапановы. А значыць…
Гэта факт. Абём прапановы расце дзявяты тыдзень запар: толькі за мінулы тыдзень колькасць аб’ектаў нерухомасці ў базе павялічылася яшчэ на 3, 5 %. Галоўным чынам гэта адбылося за кошт росту колькасці аб’яў аб продажы аднапакаёвых кватэр (плюс 3 %) і трохпакаёвых кватэр (плюс 2 %). Колькасць двухпакаёвых кватэр, наадварот, за апошнія сем дзён нават скарацілася на 1 %. Але, характэрны іншы момант.
Сярод раёнаў горада часцей назіралася зніжэнне колькасці кватэр на продаж, аднак у двух з іх, колькасць прапаноў прыкметна вырасла — у Цэнтральным і Кастрычніцкім. Гэта звязана з выгрузкай у базу аб’яў аб продажы новабудоўляў некаторымі сталічнымі агенцтвамі. Такім чынам, у агульнай базе кватэр Мінска крыху больш за 16 тысяч жыллёвых аб’ектаў.
Разглядаючы аналітычную базу даных, варта заўважыць, што за месяц аднапакаёвыя кватэры патаннелі на 0, 5 % (за год — мінус 13,5 %), а двухпакаёвыя за гэты час нават злёгку падаражэлі на 0, 7 % (за год — мінус 8,2 %). «Аселі» за месяц і трохпакаёвыя кватэры на 0,7 %, яны ж знізіліся і па годзе на 7,9 %.
На рынку нерухомасці мяне заўсёды больш цікавіла не што было, а тое што будзе. Мікалай Прасталупаў амаль на 100 % упэўнены, што і сёлета будзе назірацца пераднавагодні ажыятаж.
Гэта, калі людзі вераць, што абавязкова будзе табе шчасце, калі атрымаеш ключы ад новай кватэры ў старым годзе. Ёсць такое павер’е, таму не гледзячы на ўсякія там вірусы, людзі будуць актыўна купляць жыллё ў лістападзе і да сярэдзіны снежня. Пачынаючы з трэцяй дэкады апошняга месяца года аглядаць кватэры ўжо ніхто не будзе. Святочны адпачынак спецыялісты па нерухомасці разлічваюць канчаткова адгуляць ў сярэдзіне студзеня. Да гэтага часу кватэры наўрад ці паспеюць патаннець больш чым на адзін працэнт.
Не бачыць прасвету на рынку нерухомасці наш эксперт нават да вясны. Па яго прагнозах, да сакавіка месяца на рынку будзе назірацца слабабягучае патанненне, тэмпам не больш чым 0,5 % у месяц. І гэта пры тым, што сабекошт будаўнічых матэрыялаў у свеце толькі даражэе. Справа ў тым, што ў Мінску ўжо назбіралася дастатковая колькасць пустога жылля, а патэнцыйныя пакупнікі не моцна спяшаюцца купляць яго. А, можа, проста ў людзей няма грошай? Сітуацыю магла б выправіць спецыяльная праграма крэдытавання з невялікімі працэнтамі. Але, падчас разнастайных санкцый з боку Захаду, на гэта разлічваць не прыходзіцца.
У Мінску ў чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў яшчэ застаецца крыху больш за 188 тысяч грамадзян. Гэта трэць ад агульнай колькасці чаргавікоў у краіне. Начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Алена Лукашэвіч кажа, што больш за ўсё маюць патрэбу — у Заводскім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах. Менш за ўсё — крыху больш за 8 тысяч — у Цэнтральным.
Сярэдні кошт аднаго квадратнага метра жылля для маючых патрэбу, які ўзводзіцца з абмежаваным прыбыткам забудоўшчыка ў 5 %, не перавышае 1700 рублёў, жыллё ў панэльным выкананні ледзь даражэй — 1800–2000 рублёў. Алена Лукашэвіч звярнула ўвагу: каб абзавесціся нерухомасцю, не абавязкова чакаць накіравання на будаўніцтва ад адміністрацыі раёна — у сталіцы рэалізуецца некалькі праектаў, дзе жыллё прапануецца ўсім чаргавікам незалежна ад даты пастаноўкі на ўлік. Акрамя таго, падобныя прапановы перыядычна з’яўляюцца ў гарадах-спадарожніках.
— Ужо заселеныя два дамы ў Смалявічах. Другі дом, які складаецца з 192 кватэр, набраў больш за 800 жадаючых. Квадратны метр там тады каштаваў 1200 рублёў, — адзначыла спадарыня Лукашэвіч.
Каб вызначыць, хто стане яго навасельцамі, кіраваліся датай пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у выніку жыллё дасталася тым, хто даўжэй знаходзіўся ў чарзе. На дадзены момант сфарміраваны і будуюцца яшчэ тры дамы ў Спадарожніку, акрамя іх трэба будзе ўзвесці шэсць шматпавярховак для чаргавікоў. Услед за Смалявічамі хутка пачнецца асваенне яшчэ аднаго спадарожніка — Фаніпаля.
У адрозненне ад Мінска, дзе ў параўнанні з другім кварталам колькасць прададзеных кватэр знізілася, у абласных цэнтрах колькасць здзелак, наадварот, было больш. У выніку сумарны попыт у трэцім квартале 2021 года стаў адным з максімальных для гэтых месяцаў за апошняе дзесяцігоддзе ва ўсіх рэгіянальных цэнтрах.
У буйных гарадах краіны попыт вырас яшчэ істотней: у большасці з іх колькасць здзелак у параўнанні з актыўным другім кварталам вырасла на 15–30 %. Як вынік, у некаторых гарадах адзначаўся новы максімум здзелак за ўсю гісторыю назіранняў( у Барысаве, Баранавічах, Полацку), у іншых — узровень продажаў вярнуўся да высокіх значэнняў дакрызіснага 2019 года.
Найбольшым попытам у жыхароў краіны карысталіся двухпакаёвыя кватэры — з імі ў большасці гарадоў заключылі ад 40 % усіх здзелак. Максімальнай доля такіх кватэр была ў Салігорску, Гродне і Бабруйску — тут кожная другая прададзеная кватэра была двухпакаёвай.
Крыху радзей набывалі аднапакаёвыя кватэры — звычайна ў 35–38 % выпадкаў. Традыцыйна найбольш нізкай іх доля ў агульным попыце была ў Гродне і Лідзе (па 24 %), а найбольш высокай у 3 квартале — у Маладзечне і Полацку (па 42 %).
Трохпакаёвыя кватэры ў большасці гарадоў займалі менш за 20 % ад усіх здзелак. У некаторых гарадах іх удзельная вага і зусім не перавышала 16 %. Напрыклад, у Полацку, Віцебску і Маладзечне. У Гродне і Лідзе, наадварот, трохпакаёвай была кожная трэцяя з усіх прададзеных кватэр.
Асноўная маса прададзеных кватэр у буйных гарадах рэгіёна размяшчалася ў дамах 1971-1990 гадоў пабудовы, ледзь радзей выбіралі кватэры ў дамах яшчэ больш старых — ад 1950 да 1971 года пабудовы. Кватэры ў новых дамах (пабудаваных пасля 2010 года) традыцыйна часцей фігуравалі ў здзелках у Брэсце і Гродне, а таксама ў Барысаве.
Па рэгіянальных гарадах краіны ў нас ёсць інфармацыя толькі за трэці квартал. Дык вось, за гэты час цэны квадратнага метра выраслі ў 12-ці з 17-ці буйных гарадоў краіны.
Так, гэта ёсць. У адрозненне ад сталіцы, дзе за квартал цэны паказалі невялікае зніжэнне, у рэгіёнах дынаміка была куды больш істотнай. Сярод абласных цэнтраў асабліва вылучаліся Брэст і Магілёў, дзе за тры месяцы квадратны метр дадаў 4 % і 5 % адпаведна. У Віцебску і Гомелі цэны на кватэры выраслі ў сярэднім на 2–3 %. І толькі ў Гродне дынаміка была адмоўнай — мінус 1 % у параўнанні з летнім перыядам.
Сярод буйных гарадоў максімальны рост сярэдніх цэн квадратнага метра адзначаўся ў Оршы (+10 % да мінулага квартала) і Лідзе (+9 %), крыху менш (5–6 %) — у Мазыры, Полацку і Барысаве. Адмоўнай дынаміка была толькі ў трох рэгіянальных гарадах: Наваполацку, Салігорску і Пінску. Тут «квадрат» стаў танней на 3 %.
Не выклікае сумненняў той факт, што ад сезона залежаць ваганні на рынку нерухомасці, бо вялікая колькасць святаў відавочна не спрыяюць вялікай колькасці продажаў. Безумоўна, калі на рынку з’яўляюцца вельмі прывабныя па кошце і якасці кватэры, то іх прададуць хутка ў любы час года. Але часцей бывае так, што купля кватэры вельмі моцна залежыць ад таго, у які час года яна адбываецца.
Лічыцца, што снежань гэта перыяд актыўных продажаў. Да прыкладу, забудоўшчыкі імкнуцца прадаць максімальную колькасць кватэр менавіта ў канцы года, так што можна разлічваць на сурёзныя зніжкі. Што датычыцца другаснага рынку, то і на ім колькасць прапаноў у канцы года традыцыйна павялічваецца, так што можна купіць кватэру ва ўдалым месцы і па даступнай цане. Перыяд са студзеня па люты — гэта час зацішша на рынку. Віной таму — шматлікія святы. У гэты час здзелак не так шмат, хоць гэта таксама дае магчымасць дамагчыся зніжак, бо прадаўцы будуць чапляцца за кожнага патэнцыйнага пакупніка.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/tags/neruhomasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/kvatery
[6] https://zviazda.by/be/tags/minsk